02.12.2016 | На адной мове з Фіёнай Гіб

На адной мове з Фіёнай Гіб: Дзень Святога Андрэя

Сёння Дзень Святога Андрэя, заступніка Шатландыі. Я шатландка, таму для мяне, як і для мноства іншых шатландцаў, гэты дзень асаблівы. Я ведаю, што ў мяне – і, упэўненая, таксама ў маіх суайчыннікаў – вельмі моцнае і глыбокае пачуццё нацыянальнай самасвядомасці.

Фіёна Гіб

Магчыма, вам вядома, што да 1603 года Шатландыя была незалежнай краінай. У гэты год кароль Шатландыі стаў каралём Англіі (не наадварот). Але толькі ў 1707 годзе Шатландыя і Англія стварылі адзіны ўрад – так з’явілася Злучанае Каралеўства Вялікабрытанія.

Чаму Святы Андрэй – наш заступнік? Яго мошчы былі перавезеныя ў Шатландыю ў VIII стагоддзі, але святым заступнікам нашых зямель ён стаў праз сотні гадоў, калі кароль Шатландыі звярнуўся да яго ў малітве перад важнай бітвай з англічанамі. Шатландская армія была нешматлікай у параўнанні з ангельскай. Таму кароль заклікаў Святога Андрэя дапамагчы зваяваць англічан. У дзень бітвы аблокі ў небе сышліся ў форме крыжа, падобнага да таго, на якім Святы Андрэй быў укрыжаваны ў 60 годзе нашай эры. Так шатландцы атрымалі перамогу ў той бітве, а Святы Андрэй стаў нашым заступнікам. А крыж стаў сцягам Шатландыі і з’яўляецца сімвалам краіны з 1385 года.

Дзіўна: такая маленькая краіна, якая перажыла за сваю гісторыю больш чым дастаткова цяжкасцяў, з насельніцтвам усяго 5 мільёнаў чалавек, Шатландыя моцна паўплывала на ўвесь свет. Сэр Уінстан Чэрчыль сказаў: “З усіх малых народаў зямлі, мабыць, толькі старажытныя грэкі пераўзыходзяць шатландцаў у тым, што яны зрабілі для чалавецтва”.

Вы спытаеце: “Дык што ж шатландцы зрабілі для мяне?” Давайце пачнем з сусветнавядомага філосафа Дэвіда Юма ці бацькі палітычнай эканоміі Адама Сміта. Таксама не будзем забываць пра бліскучых шатландскіх інжынераў, навукоўцаў і вынаходнікаў. Аляксандр Флемінг у 1945 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію ў галіне медыцыны за адкрыццё пеніцыліну. Шатландзец Джон Логі Бэрд вынайшаў тэлевізар і ў 1926 годзе ўпершыню прадэманстраваў яго свету. Першым давесці тэлефон да працоўнага стану здолеў Аляксандр Грэм Бэл, паравы рухавік вынайшаў Джэймс Уат.

Мы ганарымся сваёй мастацкай і культурнай спадчынай. Усе вы ведаеце пра нашага нацыянальнага паэта Роберта Бэрнса, знакамітых пісьменнікаў Роберта Льюіса Стывенсана і Артура Конана Дойла, без якога не было б Шэрлака Холмса. Магчыма, вы ведаеце архітэктара Чарльза Рэні Макінтоша, акцёра Шона Конэры. Імёны Макбета, Уільяма Уолеса, Роберта Бруса, Марыі Сцюарт – сінонімы Шатландыі.

Роб Рой, герой і разбойнік, быў маім продкам, бо я таксама належу да клану Мак-Грэгараў. Наш дэвіз – “Мы – каралеўскай крыві”. Мак-Грэгары вераць, што наш клан паходзіць ад каралевы Марыі.

І вы напэўна чулі пра нашую знакамітую, але вельмі сціплую пачвару Нэсі, якая жыве ў самым глыбокім возеры Шатландыі – Лах-Нэс. Шатландыя вядомая сваім напоем – віскі, які робіць важны ўклад у эканоміку Шатландыі і Злучанага Каралеўства. Кожную секунду 38 бутэлек шатландскага віскі адпраўляецца на экспарт, забяспечваючы амаль чвэрць агульнага экспарту напояў і прадуктаў харчавання з Вялікабрытаніі. На гэтым дазвольце мне наліць сабе трошкі віскі і разам з усімі шатландцамі свету падняць тост: за Дзень Святога Андрэя!

Фіёна Гіб


Адзін каментар у “На адной мове з Фіёнай Гіб: Дзень Святога Андрэя”

  1. Андрэй, Гомель says:

    Ёсць яшчэ праваслаўная Румынія, у якой таксама асабліва шануюць Святога Першазваннага Апостала Андрэя. Але чамусьці вам бліжэй пратэстанская і каталіцкая традыцыя. Вядома ж захад… культура…
    Шкада што так, спадарства

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика