This movie requires Flash Player 9
24.03.2017 | На адной мове з Фіёнай Гіб

На адной мове з Фіёнай Гіб: Міжнародны дзень права на высвятленне ісціны

Сёння 24 сакавіка – дзень, абвешчаны ААН Міжнародным днём права на высвятленне ісціны ў дачыненні да грубых парушэнняў правоў чалавека і годнасці ахвяр.

Чаму 24 сакавіка? Гэты дзень быў абраны як даніна павагі арцыбіскупу Оскару Арнульфу Рамэра, змагару за правы чалавека ў Сальвадоры ў часы вялікіх сацыяльных і палітычных канфліктаў у краіне. 24 сакавіка 1980 года ён быў забіты падчас набажэнства ў капліцы бальніцы Боскага провіду. Ён быў забіты за сваё паслядоўнае асуджэнне парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да самых неабароненых слаёў насельніцтва ў Сальвадоры. Ён выказваўся супраць беднасці, сацыяльнай несправядлівасці, забойстваў па палітычных прычынах і катаванняў. Ён нястомна адстойваў ідэю чалавечай годнасці і выступаў супраць усіх формаў гвалту.

Мэта гэтага дня – ушанаваць памяць ахвяр грубых і сістэматычных парушэнняў правоў чалавека і падкрэсліць важнасць правоў на праўду і правасуддзе.

Мы аддаем даніну павагі тым, хто прысвяціў сваё жыццё барацьбе за падтрымку і абарону правоў чалавека для ўсіх, і тым, хто страціў сваё жыццё ў гэтай барацьбе.

Чацвёра беларускіх грамадзян – палітыкі Юрый Захаранка і Віктар Ганчар, бізнесовец Анатоль Красоўскі і журналіст Зміцер Завадскі – зніклі без вестак у 1999–2000 гг.

Папярэдняе расследаванне знікнення Юрыя Захаранкі нядаўна было чарговы раз працягнутае. Яно цягнецца ўжо амаль 18 гадоў.

Праўду пра гэтыя знікненні яшчэ трэба будзе даведацца, а адказныя за іх павінныя атрымаць справядлівае пакаранне. Савет ЕС прыняў рашэнне падоўжыць яшчэ на год замарожванне актываў і забарону на ўезд для чатырох асобаў, звязаных з нераскрытымі знікненнямі.

У Міжнародны дзень права на высвятленне ісціны ў дачыненні да грубых парушэнняў правоў чалавека і годнасці ахвяр я хацела б скарыстацца магчымасцю заклікаць беларускія ўлады прыняць меры, скіраваныя на тое, каб прыцягнуць злачынцаў да адказнасці і даць адказ на ўсе пытанні пацярпелых сем’яў. Дзякуй.

Фіёна Гіб


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика