Фэст Be2gether пройдзе з 12 па 14 чэрвеня ля замку ў Нарвілішках на самай беларуска-літоўскай мяжы, 170 кілямэтраў ад Менску і з 70 кілямэтраў да Вільні. Квіткі на ўсе дні можна будзе набыць у Беларусі, а ўсе наведнікі фэсту атрымаюць бясплатную візу для паездкі ў Літву.
Арганізатар фэсту Гедрус Клімкявічус кажа, што ён зацікаўлены ў тым, каб на Be2gether было больш беларускіх гледачоў. Тыя беларусы, што набудуць квіткі на фэст, могуць падаваць заяву ў амбасаду Літвы ў Менску да 8 чэрвеня для атрыманьня візы. Сам квіток на тры дні будзе каштаваць 142 тысячы рублёў.
Выступы гуртоў будуць праходзіць амаль кругласутачна 12 і 13 чэрвеня, а скончыцца фэст па абедзе 14 чэрвеня. Хэдлайнэрамі фэсту будуць Gogol Bordello (ЗША), Clawfinger (Швэцыя), Touch And Go (Вялікабрытанія), Polarkreis 18 (Нямеччына), Roni Size (Вялікабрытанія), «Ляпіс Трубяцкой» (Беларусь). Адмовіўся ад удзелу літоўскі хэдлайнэр — Андрус Мамантовас. Музыка заявіў, што ў яго і без таго шмат канцэртаў.
Арганізатары не выключаюць, што Беларусь прадставіць на сцэне Be2gether яшчэ некалькі камандаў. Раней у фэсьце бралі ўдзел гурты IQ48, Mauzer, OSIMIRA, N.R.M. Цяпер разглядаецца пытаньне, каб запрасіць яшчэ адну вядомую каманду і адзін малады гурт зь Беларусі.
Be2gether у сеціве — www.b2g.lt
Квіткі на Be2gether хутка ў продажы ў Менску. Даведкі па тэлефонах (029) 6-5555-96, (033) 6-5555-96.
Фота