Каліфарнійскі кніжны дызайнер Адам Грын сабраў на Kickstarter 547 тысяч даляраў на аўтарскае перавыданне Бібліі.
Грын напісаў, што сучасная версія Бібліі з’яўляецца хутчэй энцыклапедычнай кнігай з мноствам зносак і тлумачэнняў. На яго думку, такі фармат адрозніваецца ад самых першых выданняў святой кнігі. Таму ён вырашыў стварыць “свежую альтэрнатыву Бібліі” з якаснай тыпаграфікай і афармленнем. Выданне Грына пад назвай Bibliotheca падзеленае на чатыры тамы (тры — для Старога Запавету, адзін — для Новага), з іх выключаныя ўсе зноскі і тлумачэнні, а змест упарадкаваны. Для афармлення кнігі дызайнер тры гады распрацоўваў шрыфт, натхнёны арыгінальнымі рэлігійнымі кнігамі на іўрыце.
Для выдання 500 камплектаў Грын запытаў 37 тыс. даляраў. Пры гэтым ён адзначыў, што не плануе атрымаць з гэтага праекта прыбытак, а атрыманыя грошы цалкам выдаткуе на выраб і дастаўку кніг. На момант публікацыі нататкі дызайнер атрымаў каля 547 тыс. даляраў. У кампаніі ўзяў удзел 5591 чалавек. Базавы камплект з чатырох кніг каштуе 63 даляры, іх дастаўка пачнецца ў снежні 2014 года.