Цягам двух месяцаў кампанія «Будзьма беларусамі» звярталася да вядомых мінчан з просьбай расказаць пра магічныя і сакральныя месцы горада. Нехта казаў, што Мінск – абсалютна не магічны горад, ён халодна-рэалістычны, цвярозы і цалкам пазбаўлены ўсёй гэтай казачнай метафорыкі. Але часцей за ўсё магія знаходзілася. Прычым часам там, дзе ніхто б і не падумаў. Хтосьці з нашых герояў бачыў яе ў змрочных і безжыццёвых прамысловых раёнах, хтосьці – у дварах сярод шматпавярховікаў альбо на бязлюдных канцавых прыпынках, далей за якія – толькі вецер і пустата.
Саму магію ўсе героі разумелі па-рознаму, таму сярод адказаў – і вусцішныя гісторыі пра нячыстыя, праклятыя месцы ды сустрэчы з начнымі прывідамі, сплаўлянне па рацэ ўласнай настальгіі ў родныя двары ды на лаўкі разбэшчанай маладосці і цікавыя гістарычныя факты пра месцы, якія даўно зніклі з гарадской мапы, але не з магічнай.
Цікава, што часам мінчане казалі пра адны і тыя ж месцы, але абсалютна па-рознаму. Месцам, якое найчасцей пазначалі меткай магіі і містыкі, стала Няміга. У чароўным кантэксце не раз згадвалі таксама Музей валуноў, Траецкае, Дом масонаў.
На гэтым мы завяршаем мінскую «Магічную мапу», каб пашырыць яе прастору. Якія таямніцы ведаюць пра свае гарады берасцейцы і магілёўцы? Куды варта зайсці, прыехаўшы ў Віцебск альбо Гародню, каб пабачыць тое, што не навідавоку? Якія месцы лічаць сакральнымі жыхары Гомеля? Чытайце ў новым годзе на сайце budzma.by.