На выходных у клубе ili адбылася пятая цырымонія ўзнагароджання прэміяй Rock Profi па галасах беларускіх музыкаў. У чытырох з шасці намінацый – у тым ліку «Артыст года» – перамог гурт «Петля пристрастия».
Гэта першы выпадак за пяць гадоў існавання прэміі, калі столькі ўзнагарод атрымаў адзін артыст. «Петля пристрастия» таксама перамагла ў намінацыях «Лепшы альбом» («Мода и облака»), «Лепшая песня» («Груз») і «Лепшы запіс» (гукарэжысёр Алег Даманчук за альбом «Мода и облака»). Прызы музыкам гурта ўручалі Лэслі Найф (Gods Tower), гурт Re1ikt, Раман Жыгараў (Akute) і Валерыя Валадзько (Harotnica).
Петля пристрастия «Груз» (18+):
У двух астатніх намінацыях перамаглі Nebulae Come Sweet («Дэбют года») і Neuro Dubel («За ўнёсак у беларускую музыку»). Без узнагарод засталіся астатнія фаварыты прэміі: Лявон Вольскі (тры намінацыі), Shuma і Mustelide (па дзве).
– Мы вельмі ўдзяныя за тое, што мы ў гэтым годзе атрымалі такую колькасць узнагарод. Велізарны дзякуй тым, хто галасаваў за нас і тым, хто ўручаў гэтыя прызы ад Rock Profi. Як бы мы не крывілі нос, нам гэта сапраўды падабаецца, – адзначае лідар гурта Ілля Чарапко-Самахвалаў. – Калі абіраць самую важную намінацыю, для нас гэта, верагодна, «Лепшы альбом», таму што гэта цэльнае палатно, якое мы рыхтавалі цягам трох год.
Петля пристрастия «Мода и облака» (альбом, 18+):
Нядаўна альбом «Мода и облака» таксама перамог у чатырох намінацыях (у тым ліку «Альбом года») на прэміі Experty.by па галасах беларускіх і замежных крытыкаў. Наступны канцэрт гурта «Петля пристрастия» адбудзецца 23 чэрвеня ў культурным цэнтры «Корпус».
У складзе журы Rock Profi 2017 былі 51 гурт і сольны выканаўца ў стылях рок, індзі, альтэрнатыва, якія выдалі альбомы ў 2014, 2015 і 2016 гадах. Было разгледжана 37 альбомаў і 60 песень, выдадзеных з 1 студзеня па 31 снежня 2016 года.
Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Зміцер Безкаравайны (Experty.by) і Павел Юрцэвіч (клуб ili). Пратаколы галасовання апублікаваныя на старонках прэміі ў Facebook і Vkontakte.
Пераможцы ўзнагарод:
«Дэбют года» – Nebulae Come Sweet
«Лепшы запіс» (прыз гукарэжысёрам) – Алег Даманчук за альбом «Петля пристрастия» «Мода и облака»
«Лепшая песня» – «Петля пристрастия» «Груз»
«Лепшы альбом» – «Петля пристрастия» «Мода и облака»
«Артыст года» – «Петля пристрастия»
«За ўнёсак у беларускую музыку» – Neuro Dubel