Кнігарня “Логвінаў” у галерэі “Падземка” прапануе сваім чытачам кожны чацьвер з 18.00 да 19.00 купіць кнігу з рук сапраўднага беларускага літаратара.
Прыходзь, каб атрымаць аўтарытэтную параду, аўтограф, проста паглядзець.
12 САКАВІКА
Артур Клінаў
Мастак, пісьменьнік, выдавец. Культавая постаць эўрапейскага культурнага андэграўнду. Стваральнік канцэпту «Менск — Горад Сонца».
Нарадзіўся ў 1965 г. у Менску. У 1987 г. скончыў аддзяленьне архітэктуры Беларускай Тэхнічнай Акадэміі. З 1998 г. кіраўнік беларускай асацыяцыі сучаснага мастацтва.
З 2001 г. выдавец і рэдактар часопісу pARTisan. Аўтар кніг «Малая падарожная кніга па Горадзе Сонца»(Логвінаў, 2007) (нямецкае выданьне: Sonnenstadt der Traume, 2006 Frankfurt, Suhrkamp Verlag; польскае выданне “Mińsk. Przewodnik po Mieście Słońca” (Czarne, 2008).
19 САКАВІКА
Уладзімер Арлоў
Пісьменнік, паэт, гісторык. Нарадзіўся ў 1953 г. у Полацку. У 1975 г. скончыў гістарычны факультэт БДУ.
Аўтар кніг “Добры дзень, мая Шыпшына” (Менск, 1986); “Мой радавод да пятага калена” (Менск, 1993); “Таямніцы полацкай гісторыі” (Менск, 1994, 2000, 2002); “Адкуль наш род” (Менск, 1996; Вільня, 2000, 2003); “Час чумы” (Логвінаў, 2005); “Сланы Ганібала” (Логвінаў, 2005); “Паром празь Ля-Манш” (Логвінаў, 2006) і інш. У суаўтарстве з Генадзем Сагановічам: “Дзесяць стагодзьдзяў беларускай гісторыі” (862—1818) (Вільня, 2001, 2002).
У суаўтарстве са Зьмітром Герасімовічам: “Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя” (Martin, Slovakia, 2003).
26 САКАВІКА
Марыя Мартысевіч
Перакладчыца, паэтка, журналістка і блогерка.
Нарадзілася ў 1982 г. у Менску. У 2004 г. скончыла філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсітэту, у 2005 г. — аддзяленьне філязофіі/літаратуры Беларускага Калегіюму. Cтыпэндыятка Homines Urbani (таварыства Villa Decius, Кракаў, 2007 г.).
Як журналістка супрацоўнічае з газэтай «Новы час» і мультымэдыя-часопісам CD_MAG. Перакладае паэзію і прозу з ангельскай, польскай, расейскай, украінскай, чэскай моваў. Як эсэістка і паэтка ўдзельнічала ў шэрагу міжнародных фэстываляў культуры ў Беларусі, Польшчы, Літве, Славакіі, Украіне. Яе вершы і эсэ перакладаліся на украінскую, чэскую, славацкую, польскую, літоўскую, нямецкую, расейскую мовы.
У Беларусі публікуецца ў часопісах «ARCHE», «Дзеяслоў», «pARTyzan». Аўтарка кнігі «Цмокі лятуць на нераст: эсэ ў вершах і прозе» (Логвінаў, 2008). Жыве ў Менску.