IQ48 на сваім сольным канцэрце разышліся так, што не маглі спыніцца. “Здаровыя ласі” пачалі свой выступ 28 сакавіка, а скончылі ўжо 29-га, адыграўшы два вялікія сэты цягам трох з лішкам гадзінаў.
“Заўтра ўсім адгул!” — жартаўліва абяцае вакаліст IQ48 Саша Ракавец на пачатку канцэрту. Падавалася, што людзей на выступ яго каманды прыйшло вельмі мала, але калі ўсе падцягнуліся да сцэны, то прастору запоўнілі цалкам. “Здаровыя ласі” апошнім часам выступаюць зрэдчас, але ў сакавіку даюць ужо другі канцэрт. Пэўны час арганізатары не рызыкавалі іх запрашаць, бо пайшла чутка, што рука невядомага чыноўніка занесла IQ48 у “чорны” спіс. Але цяпер выглядае, што гэта непрыемнасць музыкаў нібы абмінула.
“Гэта толькі пачатак, яшчэ можаце набухацца!” — заахвочвае слухачоў гітарыст Яўген Бузоўскі. Людзі прыйшлі на канцэрт абазнаныя. “Гэта што за трэк?” — пытаецца Ракавец, калі Буза бярэ першыя акорды, і ўсе як адзін крычаць: “Каааарыыыда!” Аснову цяперашняй праграмы IQ48 складаюць песні з апошняга па часе альбому “HMR” плюс галоўныя хіты з ранейшых дыскаў і зусім новыя песні. Музыкі выконваюць пяць твораў, якія мусяць увайсці ў іх будучы альбом — “Бандэрлог”, “У цёмным завулку”, “Акула”, “Гарэлка”, “Трымай свой час”. Ёсць разлік, што сёлета IQ48 назбірае песень на паўнавартасны дыск і пачне працу ў студыі: новы альбом пабачыць свет, мусіць, ужо ў 2014 годзе. “У мяне такое адчуванне, што ён будзе крыху цяжэйшы за папярэдні”, — кажа Буза перад канцэртам, а Ракавец дадае: “Больш тлустым, але гэта будзе ўсё той жа наш хард-фанк, панкуха і хард-кор”.
Яшчэ зусім нядаўна IQ48 збіралі куды большыя залі, а цяпер задавольваюцца невялічкімі канцэртамі. Музыкі пагаджаюцца, што беларускамоўная незалежная сцэна ў апошні час губляе пазіцыі. “На жаль, так і ёсць, хіба два-тры гурты можна назваць папулярнымі ў сэнсе прыцягнення публікі, — кажа Буза. — Akute і :B:N: граюць музыку, якая больш падабаецца дзяўчынкам. А ў нас больш панкаўскі падыход, як бы гэта пафасна ні гучала, але мы робім музыку больш вострую”. “Мы за сваёй сэксуальнасцю не сочым, салодкімі і гламурнымі быць не імкнемся”, — працягвае думку калегі Ракавец.
З кожным наступным трэкам публіка рэагуе на песні IQ48 усё больш актыўна, а калі справа ідзе да поўначы, то ўжо ніхто з прысутных сябе зусім не шкадуе. Ракавец называе гэта “растапіць танцпол”. Арганізатары просяць музыкаў ужо заканчваць выступ, бо ён яўна зацягнуўся, але тыя даігрываюць запланаваны сэт ды яшчэ выходзяць на біс з песняй “Калідор” — беларускім кавэрам на Rage Against the Mashine. Расчуленыя музыкі з радасцю падпісваюць усім свой свежы рэліз — DVD «HMR live», які падчас канцэрту раздорвалі абсалютна за так.
“Сітуацыя выглядала б куды лепш, калі б кліпы беларускіх выканаўцаў пускалі па тэлевізары, іх песні круцілі па радыё, давалі шырокую рэкламу іх канцэртаў. Калі замуціць файную рэкламу, то канцэрт могуць забараніць, калі не муціць і зрабіць напаўпадпольна, то людзі прыйдуць, але іх будзе мала, — тлумачыць асаблівасці мясцовага шоу-бізу Саша Ракавец. — Амбіцыі ў нас засталіся, хоць мы ўсе дарослыя рэалістычныя людзі. Музыка для нас — сэнс жыцця, нават калі даводзіцца займацца іншым. І я не кіну гэту справу, хоць кадзіруйце мяне”.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч