Спявачка Паліна Паланейчык, вядомая як Рэспубліка Паліна, адзначыла 18-годдзе шыкоўным канцэртам у дарэшты запоўненым клубе “Графіці”. Яна была настолькі расчуленая прыязным прыёмам гледачоў, што расплакалася падчас бісу і назвала гэты дзень найлепшым у сваім жыцці.
Даць вялікі сольны канцэрт на дзень свайго нараджэння – даўняя мара Паліны. 8 красавіка яна здзейснілася. Спявачка прадставіла паўтарагадзінную праграму, куды ўвайшлі практычна ўсе яе песні, напісаныя за апошнія пару гадоў. Яна адразу шчыра прызналася гледачам, што вельмі хвалюецца, хоць ад часу перамогі на фестывалі “Бардаўская восень – 2011” дала з дзясятак выступаў. “Вялікі сольны канцэрт, ды яшчэ з мікрафонам, што вельмі важна, – адказная справа”, – зазначыла яна ды пачала з песні “Розныя людзі”. Гэты твор выконваецца на дзвюх дзяржаўных мовах, бо, як кажа Паліна, “усе мы розныя”. Сама спявачка аддае перавагу беларускай: “У якой краіне нарадзілася, тая мова і падабаецца”, – так тлумачыць.
Канцэрт Паліны Рэспублікі складаўся з дзвюх частак. У першай яна выконвала песні пад адну гітару, часам да яе далучаўся гітарыст Уладзь. А ў другой дапамагаў кантрабасіст Эрык. Ад меркаванага сумеснага выступу з гуртом Hasta la Fillsta вырашана было адмовіцца. Але з гітарай у суправаджэнні акардэона ці кантрабаса Паліна глядзіцца надзвычай гарманічна і самадастаткова, суправаджэнне рок-каманды ёй наўрад ці патрэбнае.
“Калі знаходзішся на сцэне і бачыш столькі людзей, якія цябе слухаюць, хочацца сказаць нешта разумнае”, – зазначыла Паліна пасля таго, як чарговы раз сціхлі апладысменты, ды прачытала адзін са сваіх улюбёных вершаў Анатоля Вярцінскага пра тое, як мы абрастаем паперамі ды рэчамі. Паводле задумы першае аддзяленне скончылася паказам мілага дзіцячага відэа 15-гадовай даўніны, дзе зусім маленькая Паліна разважае пра жыццё ды каханне і прызнаецца, што хоча стаць нявестай.
Другое аддзяленне пачалося з выканання песні “Гадзіннік” – адной з візітовак Паліны, твора, які скарыў летась журы “Бардаўскай восені”. “Я не ведаю, як вам, а мне класна”, – заявіла спявачка. Яе абдарылі кветкамі, а ў пэўны момант у зале з’явіўся вялізны торт, па кавалку якога дасталася кожнаму слухачу. Спявачка адыграла паўтарагадзінную праграму, але ніхто і не думаў яе адпускаць. На біс ужо спявалі хорам. Выявілася, што шмат хто ведае песні Паліны, асабліва “Дарэчы”. “Я такая шчаслівая, што мне хочацца плакаць. Гэта найлепшы дзень у маім жыцці”, – заявіла расчуленая дзяўчына і сапраўды не стрымала слёз пасля доўгіх развітальных авацый. Але і тое быў яшчэ не канец вечарыны – прыхільнікі паклікалі Паліну на вуліцу, каб яна пабачыла феерверк, што быў зладжаны ў яе гонар.
16 красавіка Рэспубліка Паліна дае дадатковы канцэрт у тым жа клубе “Графіці”.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Ждановіч