Дзве творчыя сустрэчы з вядомым гісторыкам, аўтарам кніг «Наша Страва», «Энциклопедия белорусской кухни», «Belarusian Cookbook» Алесем Белым адбыліся 21 красавіка ў Наваполацку. Сустрэчы арганізавала суполка «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны.
Першая сустрэча з навучэнцамі і студэнцкай моладдзю адбылася ў Полацку. Сп.А.Белы закрануў тэму традыцыйнай беларускай вячэры на вігілію – Божае Нараджэнне, распавёў пра гісторыю ўзнікнення шэрагу знакавых беларускіх страваў – калдуноў, поліўкі, заціркі, бабкі і інш. Шмат цікаўнасці ў слухачоў выклікала гісторыя крупніка і крамбамбулі.
Другая сустрэча адбылася ў бібліятэцы імя Я.Коласа ў Наваполацку. На сустрэчу сабраліся зацікаўленыя слухачы, таму сп.Алесю Беламу паступала шмат пытанняў, а падчас конкурсу на веданне традыцыйных беларускіх страў – шмат назваў і рэцэптаў. Аўтар распавёў пра свой шлях да беларускай кулінарыі, пра стварэнне кнігаў, развіццё традыцыйнай кухні ў Беларусі і замежжы. Ён падзяліўся сваімі марамі пра стварэнне цэлага фестывалю беларускай кухні, адраджэнне на Беларусі цікаўнасці да сваёй кулінарнай гісторыі. За лепшыя пытанні аматары беларускай кухні атрымалі ў падарунак ад аўтара і суполкі «Рубон» ТБМ прэзентаваныя кнігі.