Найважнейшым відам спорту для беларускіх заўзятараў застаецца футбол, тут ужо як ні круці. “Будзьма” адсачыла найбольш паспяховых беларускіх футбалістаў, якія цяпер гуляюць па-за межамі краіны.
Шмат хто памятае часы, калі ў Еўропе, апроч як за нашага Аляксандра Глеба, і заўзець не было за каго. Адзін мой знаёмы нават паставіў спадарожнікавую талерку: “Навошта табе?” “Ну як, “Арсенал” жа”. Цяпер Глеб ужо не той, але пахвалявацца ў еўрапейскіх чэмпіянатах усё ж ёсць за каго.
У маленькім, але своеасаблівым чэмпіянаце Літвы гуляюць адразу некалькі беларускіх футбалістаў — напрыклад, Аляксандр Бычанок, Арцём Гурэнка і Зміцер Рэкіш, але самай галоўнай зоркай тут усё ж лічыцца Юрый Кендыш.
Хлопец, які некалькі гадоў таму гуляў у брэсцкім “Дынама”, спачатку перайшоў у сціплы літоўскі “Тракай”, а потым апынуўся ў знакамітым “Жальгірысе”. Цяпер Кендыш лічыцца адным з прэтэндэнтаў у зборную Беларусі і мае на тое права: некалькі выбітных галоў ён прадэманстраваў.
У суседнім польскім чэмпіянаце беларускіх гульцоў таксама багата: гэта і гарадзенскі вундэркінд Павел Савіцкі, і скандальна вядомы Філіп Рудзік (як бы гэта далікатней сказаць, чым), але найбольш яскрава гэты сезон правёў Іван Маеўскі.
Цікава, што на Івана, чыя кар’ера пачыналася з працы на заводзе ў тры змены, у Беларусі мала хто звяртаў увагу — усе ведалі яго як даволі сярэдняга футбаліста. Раптоўна падчас прагляду хлопца ў польскай “Завішы” селекцыянеры разгледзелі ў ім выдатныя здольнасці — учэпістасць і няўступлівы характар, за якія ў Польшчы Івану далі мянушку “Беларуская сцяна”.
Нягледзячы на тое, што клуб Маеўскага па выніках сезона вылецеў з польскай Экстра-класы (аналаг Вышэйшай лігі), сам паўабаронца апынуўся ў ліку найлепшых гульцоў чэмпіянату Польшчы, а таксама трапіў у сферу інтарэсаў “Легіі” і “Леха”.
У такіх футбольных краінах, як Іспанія, Францыя і Партугалія таксама ёсць беларускія прадстаўнікі, аднак найчасцей яны аказваюцца ў становішчы “па-за гульнёй”, прычым у наўпростым сэнсе, за межамі футбольнага поля. Так, вядомы Ягор Філіпенка за ўвесь час сваёй бытнасці ў іспанскай Малазе ўзяў удзел у… 1 гульні і ўвайшоў у зборную найгоршых гульцоў чэмпіянату.
Яшчэ адзін удзельнік зборнай Беларусі Сяргей Крывец згуляў за французскі “Мец” аж 22 гульні, але пад канец сезона раптам “здзьмуўся” і ўвогуле перастаў трапляць у асноўны склад. Аднак адзін гол у Францыі Сяргею забіць усё ж пашчасціла.
Крыху лепш са статыстыкай справы ў бразільскага беларуса Рэнана Брэсана, які гуляе за партугальскі “Рыу Авэ”. На рахунку футбаліста 2 галы і 4 перадачы, але значную частку гульняў паўабаронца прапусціў праз траўму.
Калі б трэба было вызначыць найлепшага беларускага легіянера гэтага сезона, то, мабыць, болей за ўсіх гэтага тытулу варты былы галкіпер барысаўскага БАТЭ Андрэй Гарбуноў.
Аказаўшыся незапатрабаваным на радзіме, хлопец перабраўся ў цёплую Грэцыю, якая мае досыць моцны чэмпіянат. У выніку Гарбуноў не толькі замацаваўся ў якасці асноўнага брамніка “Атрамітаса”, але і стаў адным з самых надзейных галкіпераў Грэцыі — 12 матчаў без прапушчаных галоў і месца ў тройцы найлепшых брамнікаў чэмпіянату. Гэтак і далей, Андрэй!
Павел Пяцько