Нефармальны фотарэпартаж ад беларускай каманды па фрыстайле з Алімпіяды ў Сочы.
Фрыстайл — дысцыпліна гарналыжнага спорту. Хоць ён і самы малады від экстрэмальнага спорту, яго лічаць адным з самых відовішчных.
Фрыстайл уключае наступныя дысцыпліны:
Лыжны балет. Гэта спуск па спадзістым схіле пад музычнае суправаджэнне. Падчас спуску спартсмен выконвае розныя фігуры (слізгаценне, павароты, крокі, кручэнні і інш.). У цяперашні час не ўваходзіць у праграму Алімпійскіх гульняў.
Ski-cross. Гэта паралельны спуск чатырох спартсменаў па спецыяльнай трасе з адлікам часу. Адна з самых дынамічных дысцыплін фрыстайла.
Могул. Гэта хуткасны спуск на горных лыжах па грудкаватай трасе даўжынёй да 250 метраў. Падчас спуску спартсмен выконвае два скачкі рознай складанасці.
Парны могул. Гэта хуткасны спуск на горных лыжах па грудкаватай трасе, які здзяйсняюць два гарналыжнікі. Траса ўтрымлівае рэзкія павароты і трампліны.
Лыжная акрабатыка. Гэта скачкі са спецыяльнага трохметровага трампліна. Падчас скачка спартсмен выконвае акрабатычныя фігуры (піруэты, сальта і іншыя). Вышыня вольнага палёту можа дасягаць 15 і больш метраў. Лыжная акрабатыка —родапачынальніца фрыстайла.
Цяпер беларускія фрыстайлісты — гэта эліта сусветнага гарналыжнага спорту. На Алімпійскіх гульнях у Нагана (Японія) у 1998 годзе Дзмітрый Дашчынскі заваяваў бронзавы медаль. На Чэмпіянаце свету ў Вістлеры (Канада) у 2001 годзе нашы фрыстайлісты Аляксей Грышын і Дзмітрый Дашчынскі заваявалі золата і срэбра адпаведна. У 2002 годзе на зімовых Алімпійскіх гульнях у Солт-Лэйк-Сіці (ЗША) Аляксей Грышын заваяваў бронзавы медаль. На Алімпійскіх гульнях у 2006 годзе ў Турыне (Італія) Дзмітрый Дашчынскі заваяваў срэбны медаль. Гэты медаль быў адзіным, заваяваным нашай нацыянальнай алімпійскай камандай. У 2007 годзе на Чэмпіянаце свету ў Мадонна ды Кампілья (Італія) Дзмітрый Дашчынскі і Асоль Слівец заваявалі срэбныя медалі. У 2010 годзе на Алімпійскіх гульнях у Ванкуверы (Канада) Аляксей Грышын заваяваў першы залаты медаль у суверэннай гісторыі Беларусі. У 2010 годзе Антон Кушнір заваяваў Малы хрустальны глобус, які ўручаецца наймацнейшаму лыжнаму акрабату сезона, і Вялікі крыштальны глобус як самы паспяховы спартсмен ва ўсіх дысцыплінах фрыстайла (лыжная акрабатыка, ski-cross, могул).
Трэнерскую раду ўзначальвае галоўны трэнер нацыянальнай каманды, заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Мікалай Казека. Вялікі ўклад у станаўленне нацыянальнай школы фрыстайла зрабілі заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Уладзімір Дашчынскі, заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Анатоль Пастухоў, Сяргей Пянігін, Наталля Шарстнёва, Юрый Купрацэвіч.
На ХХII Алімпійскіх гульнях у склад Нацыянальнай каманды па фрыстайле ўвайшлі
Аляксей Грышын, Дзмітрый Дашчынскі, Антон Кушнір, Дзяніс Осіпаў, Ала Цупер, Ганна Гуськова.
Галоўны трэнер — Мікалай Казека.
Трэнеры: Міхаіл Курловіч, Аляксандр Пянігін, Максім Самойлаў, Ягор Шамшур. Доктар — Ігар Бірскі.
Алесь Кам спецыяльна для budzma.by