Гэтым загадкавым імем названая гандлёва-культурная прастора, якая 18 красавіка адчыніла свае дзверы ў Гародні па адрасе Траецкая, 16. Сутнасць праекта — своеасаблівы каворкінг: тры крамы пад адным дахам. Акрамя гандлю “Крама Ц” абяцае сяброўскую атмасферу і шмат мерапрыемстваў. Гэта месца стварылі тры рамантычныя пары. Каханне… то бок культура паляпшае жыццё!
Вялізны малюнак мапы Вялікага Княства кідаецца ў вочы адразу з уваходу. Гудзенне кава-машыны заглушае музыку: у дзень адкрыцця гарачае пітво прадавалася па 5 тысяч. З гэтай жа нагоды бясплатныя гульнятэкі, розыгрыш падарункаў, майстар-класы па традыцыйных рамёствах і вечаровы кінапаказ. У гэтым гармідары я шукаю гаспадароў.
Стваральнікі крамы-клуба настольных гульняў “Кубік”, крамы экамэблі “33 камоды” і этнакрамы “Цудоўня” — старыя прыяцелі. Іх гісторыя пацвярджае думку: калі ты марыш адзін, ты толькі марыш, калі марыш з кімсьці — ствараеш рэчаіснасць.
“Той, хто купляе дзіцячыя ложкі, можа набыць настольныя гульні: для сябе і для дзяцей. Калі ім цікавая экалагічная мэбля, ім хутчэй за ўсё цікавая ручная работа ўвогуле. І наадварот: калі людзі прыйшлі па ручную работу, 99% за тое, што яны зацікавяцца маёй мэбляй”, — тлумачыць заснавальнік “33 камоды” Уладзімір Яроменак.
Сябры меркавалі адчыняць агульную пляцоўку летам ці бліжэй да восені. Неяк Уладзімір патэлефанаваў усім і сказаў, што ўжо зняў памяшканне. Паміж падпісаннем дамовы пра арэнду і адкрыццём мінуў усяго месяц. Напярэдадні ўрачыстага дня гаспадары выйшлі з крамы а 3-й ночы. У краме, што займае 60 квадратных метраў, наводзілі прыгажосць збольшага ўласнымі рукамі. Назва для яе прыдумалася знянацку.
“Сабраліся мы ўтраіх — я, Уладзімір і Андрэй з “Цудоўні”, — абмяркоўвалі назву. Я сказаў нейкае слова. “Ты сказаў “Крама Ц”? —раптоўна перапытаў нехта ў мяне. “Не, я не казаў”. — “А мне падалося, “Крама Ц”. Ну, мы і ўчапіліся за гэтую “Краму Ц”, хоць было шмат варыянтаў. “Ц” — гэта цэнтр. Намалюем мапу Гародні, пазначым, што цэнтр — гэта мы. Дзень “Ц”. Так можна гуляцца”, — распавядае гаспадар “Кубіка” Антось Янкоўскі.
Ягоная жонка Наста стварыла лагатып “Крамы Ц”.
“У нас добрая каманда. У мяне жонка архітэктар, — з гонарам кажу Уладзімір. — Без жонак мы не зрабілі б нічога”.
“Хто лепш падтрымае, як не блізкі чалавек?”
“Цудоўня” — месца, дзе жывуць і чакаюць свайго часу цуды, зробленыя сапраўднымі майстрамі”. Так Андрэй Несцяровіч і Надзея Вішнеўская прэзентуюць сваю краму.
Андрэй размаўляе з-за барнай стойкі: яго ўвесь час просяць зварыць каву. Надзея ўключаецца ў гутарку, не выпускаючы з рук саломку, бо паралельна ідзе майстар-клас па вырабе павука.
Дзяўчына — сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Хлопец — рамеснік, “вольны найміт”, як ён сам сябе называе, і даўно займаецца рэканструкцыяй. Пара пачала ўласную справу, таму што перадусім хацела падзяліцца тым, што напаўняе іх жыццё.
Цёплыя рэчы з натуральных матэрыялаў: посуд, упрыгожанні, гаманцы, паясы, — усё гэта ручная работа ў найлепшых беларускіх традыцыях. Паясы саткаў майстар Сяржук Макарэвіч паводле ўзораў розных рэгіёнаў. Неўзабаве тут можна будзе замовіць і вышыванку.
Каваль без сякеры, шавец без ботаў, Андрэй у дзень адкрыцця крамы зрабіў шыкоўнае шоў, як выразаць лыжку, аднак пакуль што ягоных вырабаў у асартыменце “Цудоўні” няма. Хлопец плануе арганізаваць заняткі па традыцыйных рамёствах.
Гэтая этна-крама — прыклад стартапу з усімі класічнымі рысамі: амаль нулявыя ўласныя накапленні, пазыкі ў сяброў, лагатып намалявала старая прыяцелька, назву прыдумалі самі. Брэнду з Вужыны царом ўсяго тры тыдні.
“Апошняй кропляй, каб зразумець, што я не хачу начальніка на сваю галаву, стала служба ў войску. З таго часу я працую на сябе, — расказвае Андрэй. — “Цудоўня” — прыклад таго, што калі маеш ідэю і шчыра хочаш яе рэалізаваць, усё атрымаецца”.
У канцы я тактоўна запытваюся:
— Я правільна разумею, што вы робіце краму разам, таму што вы пара?
— Хто лепш цябе падтрымае, як не блізкі чалавек? — кажа Надзея.
“У нас не кліенты, а сябры”
”Крама-клуб “Кубік” і яе стваральнікі Антось і Наста Янкоўскія добра вядомыя не толькі ў Гародні. Іх настольная гульня “Паўстанцы” мела шалёны фурор і натхніла на ўласную краму.
На мінулым месцы “Кубік” прапрацаваў 1,5 года і паспеў прывучыць многіх гарадзенцаў культурна бавіць час з добрымі настолкамі.
“Мы прыкладалі шмат намаганняў, каб інтарэс да настольных гульняў павялічваўся. Бясплатныя гульнятэкі, святы, выезды ў школы, інтэрнаты. Цяпер ўсе нашыя мерапрыемствы будуць у адным месцы — гэта клёва”, — цешыцца Наста.
Перш чым выставіць настолку на продаж, Янкоўскія гуляюць у яе самі. За доўгімі сямейнымі вечарамі яны апрабавалі амаль 100 гульняў.
“Нашыя пакупнікі — нашыя сябры. Хоць у нас “карта кліента”, “карта пакупніка”. Калі людзі робяцца сталымі кліентамі, яны пачынаюць з табой раіцца, дзяліцца ўражаннямі, расказваць гісторыі. Затым ты ўжо вітаешся з імі на вуліцы. А ўсё таму, што яны трапляюць у атмасферу, — тлумачыць канцэпцыю бізнесу Антось.
“Мы паглядзелі, што ў Гародні такога няма. Чаму б не заняцца?”
Гаспадар крамы “33 камоды” Уладзімір Яроменак працаваў будаўніком. Затым быў інжынерам-праектавальнікам, менеджарам па рабоце з кліентамі.
“Мне рабілася сумна — я сыходзіў ці мяне звальнялі. Я быў не вельмі добрым працаўніком, таму вырашыў, што трэба ствараць сваё”, — згадвае пачатак бізнесу Уладзімір.
Дарогу менавіта да экамэблі падказала нараджэнне сына. Уладзімір з жонкай вырашылі абсталяваць дом бяспечна для здароўя малечы, і… пачалі з драўляных цацак. Праз Гугл яны знайшлі вытворцаў экалагічных забавак — маленькія сямейныя фірмы ў Расіі. Пірамідкі, канструктары, фігуркі выразаныя з натуральнага дрэва і пакрытыя фарбай на вадзяной аснове — лізаць ці грызці можна смела.
“Мы так зацікавіліся гэтай тэмай! — кажа Уладзімір. — Паглядзелі, што ў Гародні такога няма. Чаму б не заняцца?” Так з’явілася інтэрнэт-кама “Бураціна” .
Пасля драўляных забавак да ідэі з экалагічнай мэбляй як рукой дастаць. Назву для новага бізнесу таксама падказаў сын. Калі прыдумвалі імя для сайта, фонам грала дзіцячая песня “33 каровы”. У галаву само сабой прыйшло “33 камоды” — інтэрнэт-крама мэблі са 100-працэнтнага масіву.
Шафы, стэлажы, лавы ў “Краме Ц” — гэта адначасова гандлёвае абсталяванне і ўзоры тавару.
“Я яшчэ тут пастаўлю ложак — для дэманстрацыі. Ну, і для супрацоўнікаў. Калі не будзе наведнікаў, можна будзе прылегчы адпачыць, — жартуе Уладзімір і дадае: — Насамрэч я не разумею, чаму ў нас так шмат ДСП і так мала масіву. Напрыклад, дзіцячы пакой з дрэва даражэйшы за аналагічную каркасную мэблю на даляраў 150. Дык тут экалагагічна чысты матэрыял і якасць на гады”.
Хрысціна Марчук
Фота: Алена Кавальчук