Сёння бацькі ўсё больш гавораць пра культуру выхавання, пра каханне і павагу да дзяцей і нават пра ўсёдазволенасць як залог творчага станаўлення дзіцяці. У чым плюсы і мінусы сучасных тэндэнцый выхавання дзяцей? Чаму фізічнае пакаранне дрэннае для дзіцячай псіхікі? Чаму двойка, якую прынесла дзіця са школы, павінная стаць для бацькоў найлепшай двойкай у свеце? З якімі наступствамі савецкага выхавання сёння даводзіцца працаваць псіхолагам, а таксама пра тое, у якім узросце і чаму дзіцяці трэба пакінуць бацькоўскі ложак, расказала Наталля Ількевіч, дзіцячы псіхааналітык адукацыйнага цэнтра Kaprizam-net.by. Чарговае інтэрв’ю праекта “Культура паляпшае жыццё!”
— Асоба дзіцяці ў першую чаргу фармуецца ў адносінах з бацькамі. І пры гэтым (нягледзячы на звыклае размеркаванне роляў у сям’і) у выхаванні нельга змяншаць ролю бацькі, яго ўплыў на станаўленне асобы дзіцяці. Бо для дзіцяці тата параўнальны з богам, таму што часта менавіта за татам вырашальнае слова ў справах сям’і, да таго ж у таты асаблівыя адносіны з мамай, і менавіта таму ў бацькоў ёсць асобны пакой, дзе дзеці не могуць «гаспадарыць», як у сябе. Гэта ўсё — вельмі важныя моманты, і, зыходзячы з майго досведу назірання за сем’ямі, я выступаю за тое, каб у кожнага члена сям’і быў свой ложак, сваё месца ў хаце. Я супраць сямейнага зліцця, калі ўжо далёка не нованароджаныя дзеці спяць у адным ложку з бацькамі.
— Але сёння грамадствам актыўна вітаюцца максімальна блізкія адносіны паміж бацькамі і дзецьмі…
— Я апошнім часам назіраю тэндэнцыю, пры якой галоўным у сям’і робіцца дзіця. У такіх сем’ях жанчына з кожным наступным дзіцем усё больш раствараецца ў мацярынстве, забываючы пры гэтым, што яна яшчэ і жонка. А мужчынская функцыя часта зводзіцца толькі да зарабляння грошай. Гаспадыня становішча ў сям’і — жанчына: на ёй усе бытавыя пытанні, яна займаецца выхаваннем, прымае рашэнні… Але гэта няправільна: бацька павінен быць дастаткова ўплывовым, каб выстаўляць межы адносін паміж дзіцем і маці. Перавернутыя ролі вядуць да фармавання ў дзіцяці нарцысічнай паталогіі (калі ён займае цэнтральнае месца ў сям’і) і да памылковага ўспрымання ім адносін мужчыны і жанчыны. Фармаванне дзіцяці гарманічным, творчым, развітым магчымае толькі ў тым выпадку, калі ў сям’і нармальна выбудаваныя адносіны “маці-бацька” і “бацькі-дзіця”. У сітуацыі, калі дзіця робіцца ў сям’і богам, бацькоўская фігура паступова сціраецца, страчвае значнасць.
— Раней у выхаванні была адна крайнасць — дзяцей трымалі “ў вожыкавых рукавіцах”, цяпер іншая — перагіны ў натуральным выхаванні…
— Вы слушна заўважылі тэндэнцыю — менавіта крайнасці. Суровае выхаванне савецкіх дзяцей — асобная гутарка, але нават не так даўно, гадоў 20 таму, у выхаванні былі папулярныя зусім дзікія метады. Вось прыклад адтуль — даць дзіцяці «нагарланіцца»: зачыніць дзверы, маме ператрываць, дзіця пакрычыць і супакоіцца. Гэта, вядома, сапраўдная жорсткасць. У дадзенай сітуацыі (страта эмацыйнага кантакту з маці) у псіхіцы дзіцяці фармуюцца няўпэўненасць і схільнасць да дэпрэсій, застаецца траўма на ўсё астатняе жыццё. Пацверджанні таму былі знойдзеныя яшчэ ў пасляваенныя гады, калі ангельскія і французскія аналітыкі назіралі ў дзіцячых дамах цалкам лагічную сітуацыю: медсёстрам было дадзенае ўказанне выконваць неабходныя дзеянні, але не глядзець малому ў вочы. У стане “няма з кім мець зносіны” дзіця зануралася ў дэпрэсію і вельмі хутка “патухала”.
— Раней выхаванне было скіраванае на тое, “каб падрыхтаваць дзіця да суровасці навакольнага свету”…
— Так. Былі і такія жорсткія рамкі, як кармленне па гадзінах, абавязковы дакорм сумессю, каб дзіця адпавядала сярэднім паказчыкам росту-вагі, суровыя прывучванні да гаршчка, раннія яселькі, у якія аддавалі сямімесячных дзяцей, групы падоўжанага дня, піянерлагеры па тры змены… У сваёй практыцы я часта сутыкаюся з вынікамі савецкага выхавання. У мяне ёсць пацыенты, якіх у дзіцячым садку прывязвалі да гаршчка і нават білі мокрымі калготкамі… Гэта тыповы прыклад «салдацкага» выхавання.
— Нашы бацькі тлумачаць такое выхаванне вечнай занятасцю, цяжкімі часамі, а таксама тым, што “так тады ўсіх выхоўвалі”. Яны таксама любяць дадаваць: “Ну, затое мы добрага чалавека выгадавалі”…
— Нашы бацькі жылі ў часы, калі грамадскае было вышэйшым за асабістае. Жорстка выхоўваючы будучага “добрага чалавека”, бацькі пазбаўлялі дзяцей свайго цяпла і ўвагі. Сёння многія дарослыя кажуць: “Я з мамай не блізкі. Я не магу ёй нічога сказаць, яна мяне не зразумее”. Корань праблемы трэба шукаць у дзіцячых расстройсвах: дзіця прыходзіць, скардзіцца, а мама не абараняе, не падтрымлівае — мама на працы, мама ігнаруе, маме грамадскае “што падумаюць” важнейшае, чым праблемы ўласнага дзіця. Тады дзіця замыкаецца, аддаляецца, можа сысці з хаты або, у самым крайнім выпадку, справа можа скончыцца падлеткавым суіцыдам. Бо чалавек “проста так” сябе не забівае, заўсёды ёсць унутраны “нехта”, з якім ён канфліктуе.
— А яшчэ раней часта білі ў прафілактычных мэтах.
— Фізічнае пакаранне зневажальнае, бо дзіця не можа яму супрацьстаяць. Я катэгарычна супраць гэтага. Ёсць важны момант: усвядоміць, што мы самі траўмаваныя савецкім выхаваннем, у кожнага з нас ёсць свая гісторыя адносін з бацькамі, і таму мы можам быць нявытрыманымі нават пры ўсіх нашых сённяшніх ведах. Гэта значыць, трэба прасачыць у сабе гэтую нітку і паспрабаваць разарваць яе. Хоць бы спачатку просячы прабачэння ў дзіцяці: даруй, я ўдарыла цябе, таму што была раздражнёная, таму што так рабіла мая мама; давай паспрабуем знайсці іншы метад рашэння канфліктных сітуацый.
— Сёння ў маладых бацькоў ёсць магчымасць здабываць інфармацыю аб тым, як выхоўваць дзяцей, каб не нашкодзіць ім. Але вы пачалі казаць пра тое, што і ў гуманных метадах ёсць свае крайнасці.
— Так, і ў папулярным сёння “натуральным” выхаванні таксама ёсць перагіны: фанатычнае кармленне грудзьмі, сон у ложку бацькоў — усё гэта таксама крайнасці.
— Здавалася б, што можа быць дрэннага ў тым, што мамы імкнуцца як мага больш накарміць дзяцей грудным малаком?
— У кожнай канцэпцыі трэба баяцца празмернасці. Многія мамы не заўважаюць, як часам адбываецца падмена паняццяў: эмацыйны кантакт замяняецца механічным задавальненнем патрэбы ў ежы. Дзіця заплакала, каб паведаміць маме, што яму, напрыклад, раптам стала страшна ці проста захацелася ўбачыць маму і “пагутарыць” з ёй. У адказ малы тут жа атрымлівае грудзі як крыніцу харчавання. Магчыма, у дадзены момант было б дастаткова проста пагаварыць з малым, пагушкаць яго, супакоіць словамі і ласкавым позіркам. Да механічнай выдачы грудзей нядрэнна было б дадаць разуменне трывог немаўляці, яго страхаў, перажыванняў. Дзіця, напрыклад, праспала тры гадзіны, у яго разуменні яно нібы рассталася з мамай, страціла яе. Правільным у дадзеным выпадку будзе, калі мама сустрэне дзіця словамі: “Я ведаю, як ты засумаваў па мне, ведаю, што ты спалоханы, я даўно не брала цябе на рукі”, — гэта значыць агучыць словамі яго стан.
Да ўсяго, кармленне па патрабаванні фармуе ў дзіцяці адчуванне, што любая патрэба, усе яго жаданні заўсёды будуць задавальняцца. Як ні дзіўна, гэта можа выліцца ў будучыя праблемы. Дзіця, што з дзяцінства прывыкае атрымліваць усё па патрабаванні, пры сутыкненні з праблемай не ведае, як спраўляцца з цяжкасцямі, а галоўнае яно не ў стане трываць нейкія нягоды — яно папросту не ведае, як гэта рабіць, а таксама як расказаць пра свае жаданні. Напрыклад, дзіця кажа: “Я хачу піць!” І мама адразу ж падае яму шклянку вады. Задача не ў тым, каб дзіця ўмела паведаміць пра сваё жаданне, яно павіннае ўмець прасіць. Гэта значыць: “Мама, прынясі, калі ласка, шклянку вады”. І далей мама ці прыносіць, ці прапануе дзіцяці схадзіць самому. Я лічу, што ў першую чаргу і дарослых, і дзяцей трэба вучыць мець зносіны і казаць пра свае пачуцці — гэта тыя навыкі, якія вельмі спатрэбяцца ім у жыцці.
— Хацець “як лепш” трэба таксама ўмець?
— Я не супраць матэрыяльнага дабрабыту або блізкасці дзяцей і бацькоў. Я не заклікаю людзей быць жабракамі і наўмысна трываць нейкія нягоды. Але неабходна развіваць уменне адчуваць і казаць тое, што адчуваеш. Гэта і ёсць адна з задач выхавання. Таксама я лічу, што першая функцыя бацькоў — падтрымліваць, падтрымліваць, падтрымліваць. Калі дзіця прыйшло са школы з двойкай, для бацькоў гэта мусіць быць найлепшая двойка ў свеце. У першую чаргу бацькі павінныя падтрымаць, а потым ужо высвятляць прычыны таго, што адбылося: паленаваўся, спалохаўся, недавучыўся і г.д. Бацькі, якія падтрымліваюць, — залог здароўя дзіцяці.
— У культуры нашай краіны няма звычкі звяртацца да псіхолага. З якімі праблемамі звычайна да вас прыходзяць бацькі?
— Сапраўды, толькі зусім нядаўна беларусы пачалі звяртацца па кансультацыю псіхолага. Рэч у тым, што ў застойныя часы псіхолагаў практычна не было, і паняцце «псіхолаг» і «псіхіятр» былі ледзь не роўнымі. Людзі баяліся атрымаць дыягназ, які шмат каму б закрыў магчымасці. Сёння многае інакш, але ўсё ж нашым бацькам трэба з нуля расказваць пра ўсе этапы развіцця дзіцяці.
— Якія з іх найбольш важныя?
— Кожны этап важны: і тады, калі немаўля смокча грудзі мамы, і тады, калі мы прывучаем малога да гаршчка, і тады, калі дзіця пачынае хваляваць пытанне, адкуль ён з’явіўся. Я звычайна бацькам раю думаць пра пачуцці дзіцяці, абавязкова пагаварыць з ім, растлумачыць яму тую ці іншую сітуацыю. Напрыклад, калі вы вымушаныя выйсці на працу, а дзіця адправіць у садок, растлумачце яму, што ёсць такія абставіны, што вы любіце яго і не кідаеце. Пасля расстання кожны раз кажыце яму пра тое, што вы таксама сумавалі без яго і як цяпер радыя сустрэчы. Дзіця будзе ведаць, што вы разумееце яго пачуцці і разам з ім перажываеце вашае расстанне. І ў далейшым, калі з дзіцем размаўляць, гэта яго натхніць казаць пра свае крыўды, перажыванні. І тады бацька і маці, калі яны так размаўляюць, робяцца даступнымі, зразумелымі, а значыць, да іх можна звярнуцца ў складаны перыяд жыцця. Узнікае давер, павага. Эмацыйны стан дзіцяці — гэта заўсёды адлюстраванне атмасферы ў сям’і. Мой вопыт кансультавання пераконвае мяне ў тым, што любая істэрыка — гэта заўсёды рэакцыя на адхіленні ў сям’і. Калі істэрыкі паўтараюцца, то яны ўжо сімптом сям’і: дзіця незадаволенае эмацыйнымі адносінамі з бацькамі і паводзіць сябе задзірліва, каб звярнуць на сябе ўвагу, яму неабходна так сябе паводзіць. Прывяду прыклад. Жанчына прыйшла на кансультацыю з дзіцем, скардзіцца на яго гіперактыўнасць (гэта цяпер вельмі папулярнае паняцце). Малы сапраўды бегае па кабінеце, увесь час скача, не спыняецца ні на секунду. Я інтэрпрэтую яго трывогу: яго прывялі ў незнаёмае месца, загадзя нічога не патлумачылі, ён не разумее, што адбываецца і як доўга гэта працягнецца, ён хвалюецца. Я пачынаю казаць пра яго пачуцці, дзіця супакойваецца, проста кладзецца каля ног мамы на дыване, і мы спакойна працягваем гутарку.
Усім бацькам я магу параіць кнігу выдатнага ангельскай дзіцячага псіхааналітыка Дональда Вінікота «Размова з бацькамі».
— Цікава даведацца вашае меркаванне наконт таго, ці патрэбныя дзецям школы ранняга развіцця, якія цяпер вельмі папулярныя.
— Я бачу, што многія бацькі займаюцца раннім развіццём дзіцяці, водзяць у самыя розныя школы, часцяком з эгаістычных інтарэсаў: калі маё дзіця ў 4 гады навучыцца чытаць, я буду ім ганарыцца і змагу лічыць сябе добрым бацькам. Я не праціўніца фармавання ў дзяцей ранніх навыкаў навучання, калі пры гэтым мы не забываемся, што дзіцяці ў першую чаргу патрэбныя нашыя любоў і разуменне яго ўнутранага свету з усімі яго перажываннямі. Развіваючы нейкія здольнасці, даючы веды, мы павінныя памятаць, што нервовая сістэма маленькага дзіцяці часта не гатовая да навучальнай напругі. Вельмі важна памятаць, што дзіця не абавязанае пражываць жыццё, якое (хай нават з найлепшымі намерамі) для яго падрыхтавалі бацькі, напрыклад, тое, якое яны самі не змаглі пражыць. У яго сваё ўласнае ўнікальнае жыццё. Усё, што мы можам, — гэта закласці базавы падмурак для яго развіцця. Дзіцяці трэба даць зразумець, што яго любяць, што ён асоба, і зрабіць гэта можна толькі з дапамогай любові, якую транслююць яму бацькі.
Ганна Трубачова, Вера Сірата
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
(журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»)