Шчыра кажучы, у Магілёве нячаста робяць добрыя гарадскія святы – то арганізацыя кульгае, то праграма не цікавая. Але 22 жніўня ў горадзе прайшло на рэдкасць годнае мерапрыемства – авіяцыйна-спартовае свята, прысвечанае 80-годдзю Магілёўскага аэраклуба ДТСААФ імя А.М.Кулагiна.
Хоць аэрадром знаходзіцца на выездзе з горада і дабірацца да яго не надта зручна, ужо каля 11 раніцы на каля аэрадрома было амаль немагчыма знайсці месца для паркоўкі. Машыны занялі некалькі кіламетраў абочыны і ўвесь велізарны паркiнг гандлёвага цэнтра “Парк-Сіці”, а людзі ўсё прыбывалі. Быў арганізаваны і адмысловы аўтобусны маршрут, але каб з’ехаць на гэтых аўтобусах трэба было яшчэ пастарацца трапіць усярэдзіну — так шмат было пасажыраў. Аднак свята таго каштавала.
Можна было глядзець на выступы з двух пляцовак. На асноўнай пляцоўцы стаялі палаткі з ежай, батуты, былі арганізаваныя выставы макетаў самалётаў і караблёў, можна было пагуляць у лазертаг, пасядзець на матацыклах, прымерыць парашуты і ваеннае абмундзіраванне, патрымаць у руках зброю — увогуле, заняцца было чым. Акрамя гэтага, вядома, можна было паглядзець і авіяшоў. З іншага боку лётнага поля была яшчэ адна частка свята — там стаяла ўся тэхніка, і на самалёты і верталёты можна было паглядзець зблізу.
А ў небе між тым рабілася неверагоднае. Напэўна, кожны хлопчык у гэты дзень вырашыў, што вырасце і стане лётчыкам. Напэўна, нават бабулям і дзядулям таксама хацелася хоць бы з парашутам скокнуць разок. На свята прыехалі парашутысты і лётчыкі з розных гарадоў і краін, і іх любоў да неба, здавалася, можна было амаль пакратаць. Ну і вядома, захаплялі і тэхнічныя магчымасці — лётчыкі праносіліся амаль над самай зямлёй, парашутысты скакалі з 200-метровай вышыні — а гэта вельмі нізка — і прызямляліся дакладна ў намечаных месцах. У нейкі момант у небе апынулася больш за 20 парашутыстаў, якія кружыліся над галовамі захопленай публікі.
Гледачы змаглі ўбачыць розныя мадэлі самалётаў і трохі даведацца аб іх магчымасцях. Узляталі ў гэты дзень і верталёты, і бясшумныя планеры, і масіўныя АН, і лёгкія ЯКі. Лётчыкі паказвалі вельмі відовішчныя фігуры вышэйшага пілатажу, і складана было адарваць ад іх позірк.
Ці трэба казаць, што многія сыходзілі са свята з агенчыкамi ў вачах і жаданнем абавязкова прыйсці ў ДТСААФ наступным летам.
Дзеці — асабліва хлопчыкі — абляпілі самалёты, нібы мухі, хадзілі па крылах, сядзелі ў кабіне, спрабавалі адкруціць шасі, поўзалі пад верталётамі, круцілі штурвал i ў захапленнi глядзелі на суровых лётчыкаў. Вельмі выдатна, што арганізатары не заганялі людзей за агароджы, так што падчас узлёту верталётаў і самалётаў можна было стаяць так блізка, што вецер ад кручэння лопасцяў амаль зрываў вопратку — проста як у кіно!
Увогуле, свой юбілей ДТСААФ адзначыў вельмі душэўна і відовішчна, і, напэўна, у наступным лётным сезоне ў клубе з’явіцца нямала новых выхаванцаў, якіх дтсаафаўцы заразілі сваёй любоўю да неба ў гэты дзень.
Марыя Гілёва