У Брэсце па шмат якіх параметрах адзін з найлепшых тэатраў краіны. Ён другі несталічны тэатр пасля віцебскага тэатра імя Я. Коласа, што атрымаў званне акадэмічнага. У горадзе даўжэй за ўсіх у краіне жыве фестываль “Белая вежа”. Неаднакроць спектаклі тэатра прызнаваліся крытыкамі найлепшымі ў сезоне – толькі неафіцыйна, бо нацыянальнай прэміі на той момант яшчэ не было. У горадзе ўвогуле цудоўная тэатральная атмасфера: цікавы тэатр лялек, незалежны тэатр “Крылы халопа”. Ёсць адна вялікая праблема, з якой цяжка нешта зрабіць, але пра яе раскажам у канцы гэтага тэксту.
Брэсцкі тэатр актыўна супрацоўнічае з прыезджымі рэжысёрамі – сярод найбольш яскравых супрацоўніцтваў можна ўспомніць Альгірдаса Латэнаса з яго “Дзядзем Ванем”, які вельмі ўсіх уразіў, і на ўздыме хвалі цікавасці да літоўскай рэжысуры тэатр аказаўся “ў трэндзе”. Уладзімір Савіцкі паставіў “Зацюканага апостала” так, што маладыя артысты тэатра “сваім рок-н-ролам” рвалі публіку на шматкі. Але цікавы тэатр менавіта сваімі мясцовымі творчымі кадрамі.
Цімафей Ільеўскі – адзін з маіх самых любімых беларускіх рэжысёраў. Ён, карэнны берасцеец, з творчай сям’і, прыйшоў у тэатр з “сапраўднай” тэхнічнай прафесіі, доўгі час кіраваў драматычны гуртком, пакуль не атрымаў запрашэнне ад дырэктара брэсцкага тэатра Аляксандра Козака. З Ільеўскім ахвотна працуе моладзь, яго выхаванцы. Яму вельмі пасуе азначэнне “рэжысёр-педагог”, яно вельмі шмат тлумачыць у творчым метадзе Ільеўскага, яго вельмі падрабязнай і цікавай працы з акцёрамі, у выніку якой атрымліваюцца эмацыйныя, “цёплыя лямпавыя” спектаклі.
Спектакль “Злачынства і пакаранне”, здаецца, адкрыў імя гэтага рэжысёра ўсім (было дзіўна, што малавядомы рэжысёр з правінцыі здолеў адэкватна і атмасферна ўвасобіць адзін з самых складаных літаратурных твораў у гісторыі), а вось мне значна больш спадабалася, як Ільеўскі прыдумаў “Тры сястры”. Спектакль я пабачыў на фестывалі, у жудаснай сітуацыі “культпахода”, і марыў паглядзець у іншай атмасферы, але не здолеў – яго даволі хутка знялі. Матэрыял Чэхава, мне здаецца, ідэальна лёг на Брэст, ваенны, памежны горад, на артыстаў, якія творча жывуць ад фестывалю да фестывалю. Адчайныя ноткі пра тое, як цяжка захаваць унутры агонь цікавасці да жыцця, калі навокал так мала любові. Вольга Клімук, Ірына Пашэчка і Таццяна Строк, брэсцкія “тры сястры”, зрабіліся для мяне сапраўдным адкрыццём.
Крытыкі спектакль не прынялі, сказаўшы, што ў ім мала чэхаўскай атмасферы. Хаця мне здаецца, якраз неадпаведнасць пэўным стэрэатыпам успрыняцця традыцыйнага матэрыялу і рабілі той спектакль такім жывым і цікавым. Тое самае можна сказаць пра новую прэм’еру брэсцкага тэатра, якая толькі чакае свайго з’яўлення на публіцы – малады рэжысёр Дзяніс Фёдараў зрабіў “Навальніцу” Астроўскага.
Ці мае да гэтага спектакля дачыненне Астроўскі? Вось, напэўна, галоўнае пытанне, якое задаецца сцэнічнаму рашэнню Дзяніса Фёдарава, а мне падаецца абсалютна няважным. Вось што такое “Навальніца”? Гісторыя пра тое, як жонка не зладзіла з адсутнасцю паветра традыцыйнага ладу, здрадзіла мужу і потым забіла сябе. І мы можам ці згушчаць фарбы беспаветранасці, ці падкрэсліваць сам факт здрады, але ў абодвух выпадках мы раптам губляем сутнасць самой гераіні. Ці яна “прамень святла ў цёмным царстве”, ці проста істэрычная дурніца?.. Вітальнасць Кацярыны звычайна граюць або з камсамольскім запалам, або праз пачуццёвую распушчанасць. Чаму так? Я магу памыляцца, але бачу прычыну ў тым, што філасофскі канфлікт п’есы новага і старога і ўнутраны канфлікт гераіні ў часы Астроўскага былі звязаныя больш моцна, чым цяпер. Кідацца ў Волгу ці пад цягнік праз непаразуменне з патрыярхальным ладам сёння выглядае недарэчным і занадта экзальтаваным (зрэшты, некаторыя крытыкі так лічылі і ў тыя часы).
А значыць, гэтую п’есу можна граць альбо настолькі натуралістычна, што ў такім “цёмным царстве” нельга будзе пабачыць ніякага святла, або абстрактна накшталт старажытнагрэцкіх трагедый…
Рэжысёр Дзяніс Фёдараў абраў другі шлях, які прывёў яго да вельмі цікавага мастацкага выніку. У пачатку мы бачым пустую пляцоўку з кушэткай на пярэднім плане, ззаду высокі металічны плот і драбіны (мастак – Павел Варошка). Як цені, з’яўляюцца персанажы, блукаюць па гэтай пустой прасторы, раптам пачынае гучаць бубен, вось вам і атмасфера калі не антычнай трагедыі, то напэўна містычнага трылера. Для такой трактоўкі асабліва важная дакладная геаметрыя мізансцэн і рытм. Відавочна, наколькі цяжка гэта даецца выканаўцам (і я ўвогуле рады, што рэжысёр знайшоў аднадумцаў для рэалізацыі такой эстэтыкі на сцэне), і, здаецца, яшчэ шмат трэба наладжваць узаемадзеянне артыстаў… Але я даўно не бачыў такой пераканаўчай атмасферы на сцэне.
Атмасфера заваблівае нас у свет стасункаў персанажаў, і гэтыя стасункі прастора выварочвае самым дзіўным чынам. Тамара Ляўчук грае Кабаніху строгай ураўнаважанай кабетай, якая адчувае сваю моц і права. Але ў вялікай прасторы сцэны рэжысёр неаднакроць паказвае, як разбягаюцца ад яе ўсе, каму яна надумае чытаць натацыі, і раптам мы бачым не проста самотную жанчыну, а жанчыну, якая паволі згасае і разам з якой згасае сусвет вакол яе. І ў гэтым цьмяным свеце вошкаюцца ўсе героі. Хтосьці больш яскрава, як Міхаіл Мятліцкі (грае купца Дзікога) ці Сяргей Пяткевіч (Кулігін), хтосьці больш рахмана і стрымана, якім выяўляецца і Барыс Багдана Хоміка, і шмат хто яшчэ.
Кацярына Яцкавец таксама грае сваю гераіню павольна і разважліва. Яна з’яўляецца на сцэне ў наўпростым сэнсе як вавёрка ў коле і глядзіць на нас са свайго кола злосна, нават нахабна. Тут ёсць шмат схаванай энергіі, якая таксама гасіцца цьмянай прасторай. Грымоты навальніцы пужаюць Кацярыну, але яна сама ёсць такой навальніцай, стыхіяй, якую ні сцішыць, ні ўтаймаваць – не атрымаецца ні ёй самой, нікому навокал. Гэтая самая стыхія нікому не патрэбная: ні муж, ні родныя, ні блізкія, ні нават каханы не здольныя яе ацаніць і скарыстаць. І нават самой Кацярыне яе схаваная энергія толькі шкодзіць…
Мне здаецца, сёння ў “Навальніцы” Астроўскага раптам робіцца цікавым не сацыяльны канфлікт у цёмным царстве, не канфлікт паміж абавязкам і пачуццём гераіні, а вось гэтая немагчымасць кіраваць сабой, уласцівасць характару Кацярыны, якую, здаецца, ніхто і не вывучаў падрабязна. Яе можна назваць свабодай, бо ў аснове яе ляжыць якраз імпульс жадання, якое імгненна ператвараецца ў дзеянне. Гэта можна назваць ірацыянальнай бздурай, бо менавіта праз падпарадкаванне сваім жаданням Кацярына руйнуе сваё жыццё і той лад, што ўсталяваўся вакол яе. Аскетычная рэжысуры Дзяніса Фёдарава, здаецца, супрацьпаказаная драматургіі Астроўскага, якога мы прызвычаіліся бачыць эмацыйна выбухным, яскравым, штармавым.
У гэтай навальніцы няма шторму. Няма ў развязцы, як яна нам бачыцца на сцэне, нават у самагубстве Кацярыны. Гэта моцны момант: актрыса Кацярына Яцкавец абгортвае твар анучай, зацягвае пятлю на шыі і, пахадзіўшы колькі крокаў, сыходзіць за сцэну. Нечым яна нагадвае ў гэтую хвіліну сваю антаганістку Кабаніху.
Выпусціўшы пару ў раптоўным непатрэбным каханні, Кацярына робіцца “як усе”. Я цалкам магу ўявіць, як яна вяртаецца ў сям’ю ці сыходзіць з яе праз развод і жыве далей спакойным безаблічным, вегетарыянскім жыццём. Але я не магу сабе ўявіць у ёй той моцы і стыхіі, якую яна раптам выплюхнула з сябе падчас дзеі.
Мне здаецца, такая трактоўка тэксту Астроўскага магчымая: яна наўрад ці адпавядае задуме аўтара, але цалкам дае ўяўленне пра тое, як героі “Навальніцы” жылі б сёння.
Падчас абмеркавання спектакля выказвалася слушная думка, што такая эстэтыка нязвыклая для берасцейскай публікі, што рана ці позна на спектакль прыйдуць тыя, каму патрэбны больш традыцыйны Астроўскі з усхліпамі і самазабойствамі, хто не ўспрыме маўклівую, прасторавую трактоўку Дзяніса Фёдарава і не знойдзе нават афармленне Паўла Варошкі прывабным, і наўрад ці сцэнічная цішыня адгукнецца такой самай цішынёй у зале. Спектакль атрымаўся не шараговым, а фестывальным, і нават у сталіцы спектаклі такой формы доўга не жывуць.
Але я рады за брэсцкую публіку, якая мае выбар. Яна можа глядзець эмацыйныя спектаклі Цімафея Ільеўскага, а можа – халодныя, разлічаныя пастаноўкі Дзяніса Фёдарава. Два тэатры ў адным. Такі выбар ёсць мала ў каго ва ўсёй краіне.
Аляксей Стрэльнікаў