Наваполацк адзначае 205-годдзе з дня нараджэння вядомага беларускага мастака Івана Хруцкага вялікай асветніцкай праграмай, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Дзіцячай мастацкай школе імя І.Ф. Хруцкага горада Наваполацка.
Учора на базе школы праходзіла канферэнцыя для настаўнікаў выяўленчага мастацтва Наваполацка і Полацкага раёна “Іван Хруцкі: гісторыя і сучаснасць». А 12 лютага ў выставачнай зале навуковай бібліятэкі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы работ навучэнцаў з Наваполацка, гарадоў Беларусі, Расіі і гарадоў-пабрацімаў, выкананых на пленэры-конкурсе “Палітра Прыдзвіння.”
“8 лютага споўнілася 205 гадоў з дня нараджэння нашага вядомага земляка Івана Фаміча Хруцкага. Дзіцячая мастацкая школа з гонарам носіць яго імя. Штогод мы праводзім пленэр-конкурс дзіцячай творчасці “Палітра Прыдзвіння”, прысвечаны мастаку. Гэта візітная картка нашай школы. З кожным годам геаграфія ўдзельнікаў конкурсу пашыраецца. З 2012 года ў пленэры бралі ўдзел юныя мастакі з Латвіі (Вентспілс, Лудза), Расіі (Арэхава-Зуева, Электрасталь, Пскоў), Крычава, Дуброўна, Верхнядзвінска і іншых гарадоў Беларусі “, – распавяла дырэктар школы Аксана Тарасікава.
На выставе будуць прадстаўлены работы, выкананыя на пленэрах з 2009 па 2014 год. Кожны пленэр праходзіў на працягу трох дзён. У першы дзень яго ўдзельнікі звычайна выконваюць пейзажы Наваполацка, у другі дзень выязджаюць маляваць у наваколлі, дзе захаваліся старадаўнія сядзібы. “Існуюць здагадкі, што Хруцкія, якія жылі ў вёсцы Ула Полацкага раёна, і гаспадары гэтых старадаўніх сядзібаў ездзілі адзін да аднаго ў госці. Удзельнікі пленэра знаёмяцца з гісторыяй сядзібы, вывучаюць архітэктуру таго часу. У той жа дзень юныя мастакі выконваюць нацюрморт на траве на тэрыторыі школы. Гэта абавязковая тэма пленэру, бо Іван Хруцкі быў вядомы як майстар нацюрморта,”- патлумачыла Аксана Тарасікава. Трэці дзень удзельнікі прысвячаюць беларускаму мастаку станкавыя кампазіцыі. Па выніках лепшых работ выпускаюцца буклеты, календары, ствараецца выстава, якая праходзіць у Наваполацку, Віцебску і іншых гарадах Беларусі.
Акрамя таго, у гэтыя дні ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі выстаўляюцца работы навучэнцаў і выкладчыкаў дзіцячай мастацкай школы, прысвечаныя Івану Хруцкаму. Такім чынам падтрымліваецца сувязь традыцый у выяўленчым мастацтве рэгіёна.
Кацярына Князева, БелТА
Фота: ru.wikipedia.org