Гурт Navi прэзэнтуе на Tuzin.fm беларускамоўны сынгл «Шчасьце», запісаны ў новым гучаньні.
«Шчасьце» ілюструе новы этап у жыцьці Navi. «Цяпер мы даем поўны гук!», – з захапленьнем абвяшчаюць заснавальнікі каманды Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук. Цяпер яны стала граюць з бас-гітарыстам ды бубначом, сам Арцём зьмяніў акустычную гітару на электрычную і гэта сапраўды даволі моцна паўплывала на гучаньне Navi. Поўным складам музыкі ўпершыні выйшлі на сцэну 17 ліпеня ў Re:Public, дзе ў тым ліку ўпершыню зайгралі ўжывую «Шчасьце». Студыйны варыянт песьні Navi прадстаўляюць на Tuzin.fm.«Гэтай песьняй мы якраз сьведчым, што выходзім на новую ступень, а значыць маем і большыя намеры», – кажуць музыкі.
Арцём і Ксенія вырашылі аздобіць вокладку сынгла выявамі твараў сваіх слухачоў. Дзеля гэтага заклікалі праз сваю суполку дасылаць фотаздымкі. «Мы падкрэсьлілі, што нам патрэбныя менавіта шчасьлівыя моманты з жыцьця людзей. І мы атрымалі іх вельмі шмат, усе выявы проста фізічна ня здолелі зьмясьціцца на вокладку», – кажа Арцём. Navi мяркуе зьняць на гэтую песьню свой новы кліп і таксама задзейнічаць у ім сваіх слухачоў.
Музыкі ўжо маюць матэрыял на новы альбом. Усе песьні ўжо напісаныя, цяпер справа за студыяй. ПачуцьNavi у абноўленым гучаньні ў бліжэйшы час можна на фэсьце «Дружба» 2 жніўня.