This movie requires Flash Player 9
28.02.2017 | Літаратура

Найбольш знакавыя кнігі Беларусі. Частка 3 (21-30)

У лістападзе мінулага года на нашым сайце быў апублікаваны спіс найбольш знакавых кніг за 500 гадоў беларускага кнігадруку, які быў склаладзены нашымі экспертамі ў межах кампаніі “Пяцісотгоднасць”. Мы вырашылі не проста актуалізаваць яго, але падрабязней засяродзіцца на кожнай кнізе. Крытык Ціхан Чарнякевіч падрыхтаваў серыю матэрыялаў, у якіх ён коратка раскрывае важнасць усіх выданняў са спіса. Вашай увазе трэцяя частка (першая тут, другая – тут).

30. Францішак Аляхновіч. У капцюрох ГПУ. Вільня : Выд-ва аўтара, 1937. 158 с.

1 студзеня 1927 года Францішак Аляхновіч, чатыры дні як савецкі грамадзянін, быў арыштаваны ў цягніку “Віцебск-Мінск”. Пачаліся доўгія блуканні па пакутах – ГПУ, турма, Салавецкі лагер асобага прызначэння і ўрэшце абмен на вязня польскай турмы Браніслава Тарашкевіча 6 верасня 1933 года. Крывавая сталінская мясарубка толькі набірала абароты, і Аляхновіч здолеў заспець гэты момант, уратавацца і апісаць, як працуе савецкая прапаганда. Першы наш экспартны бестсэлер – кніга Аляхновіча ў 1930-я гады, акрамя як па-беларуску, выйшла на партугальскай у Бразіліі, на рускай у Парыжы, двойчы на польскай, а таксама на італьянскай і ўкраінскай мовах.

[чытаць]

 

29. Янка Купала. Тутэйшыя : трагічна-смяшлівыя сцэны ў 4 дзеях / Янка Купала; уступ Р. Склюта. – Мюнхэн: Выдавецтва “Бацькаўшчыны”, 1953. 83 с.

ʼʼТутэйшыяʼʼ, як і раней згаданы Мрый і шмат што іншае з антысаветчыны, уцялесніліся кнігай толькі на эміграцыі. Самі ж яны ўвайшлі ў гісторыю як спектакль і двойчы. Першы раз яго забаранілі ў 1926 годзе, пад час Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу, за русафобію. Другі на пачатку 2000-х, калі высноўванне шматметровага, на ўсю глядзельную залу Купалаўскага тэатра, бел-чырвона-белага сцягу зусім перастала супадаць з эстэтычнай сістэмай мінкульта. Пакуль існуюць ʼʼВаршава панская і хамская Маскваʼʼ, ʼʼТутэйшыяʼʼ застаюцца нязручным і знакавым тэкстам.

[спампаваць]

28. Максім Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. – Вільня: Кошт У. Знамяроўскага і Э. Будзькі, Друкарня кооп. Таварыства “Друк”, 1920. – 207 с.

Калі вы зноў трапіце ў Вільню і, пасля агляду Вострае Брамы, збочыце налева паглядзець Базыльянскія муры, будынак Віленскай беларускай гімназіі і “цэлю Конрада”, то, выходзячы, звярніце ўвагу на два вакны па-над аркай – гэта кватэра Максіма Іванавіча Гарэцкага, дзе ён напісаў “Гісторыю беларускае літаратуры”. Як і ў выпадку з “Геаграфіяй” Смоліча гэта не проста першы падручнік па сабжы, а бліскуча напісаны раман пра пісьменнікаў. Не адмоўце сабе ў задавальненні пагартаць гэтую кнігу ў нацыяналцы – колер старонак нагадае вам шурпатыя сцены царквы святой Троіцы і перанясе ў 1920 год, калі ўсё толькі пачыналася.

[спампаваць]

 

27. Святлана Алексіевіч “Галасы Утопіі”.

Алексіевіч амаль у сярэдзіне спісу – прывітанне шведскім акадэмікам. Нарэшце ейны манументальны цыкл уваходзіць у экспертны канон. Пачынаючы ад “У вайны не жаночы твар”, яе кнігі дрэйфуюць да большай ускладненасці, структураванасці мовы. Першая кніга не мела, бадай, жорсткай структуры, а вось астатнія былі прывязаныя да маналогаў “саўдзельнікаў” – маналогі, зрэшты, і ўтваралі змест кнігі. Што да “Часу сэканд-хэнд”, то ў ім самая ідэя кнігі аўтаркай мысліцца крыху больш глабальна: вядома, сам змест па-ранейшаму дыктуе структуру, аднак самаарганізацыя кнігі таксама адбываецца. Паасобныя часткі і нават тэмы кнігі становяцца лейтматывамі, пранікаюць на найніжэйшыя ўзроўні расповеду, з’яўляюцца словы, якія будуць трапляцца на ўсім працягу кнігі, усплываць у тым ці іншым маналогу і не паходзіцьмуць з самога зместу.

[спампаваць]

 

26. Анатоль Сыс. Пан лес : Вершы. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. – 111 с.

Зборнік-сімвал паўставання незалежнасці, згустак эмоцый 1980-х, ад якога ўзнікае эфект прысутнасці ў тым часе, калі аднаўляліся старыя яркія фарбы ў нібыта спарахнелай архаіцы, а сучаснасць адступала прэч, анямела назіраючы ўваскрэсенне птушкі Фенікс. Анатоль Сыс, як у сваю пару Купала, адчуў і ўвайшоў у ролю містагога, паэта-шамана, які заклінае містэрыяльнае тварэнне нацыі. Выклаўся дарэшты ў гэтай кнізе, бліснуў шаравой маланкай на шматтысячных мітынгах і згарэў, страціўшы адчуванне містэрыі – адзінай стыхіі, якая была яму роднай.

[чытаць (epub)]

 

25. Янка Купала. Спадчына. – Менск: Беларускае кааперацыйна-выдавецкае таварыства “Адраджэнне”, 1922. – 221 с.

“Спадчына” – магчыма, адзіная кніга Купалы, дзе ён, не азіраючыся ні на якую цэнзуру і ні на якое атачэнне, нарэшце напоўніцу выказаўся пра тое, што яго хвалюе: “а мы, як цені з таго свету, ідзём, не знаючы куды”. Адвечны шлях беларуса ў адным зборніку – з войнамі, пакутамі і беспрасвеццем, з памкненнямі, якія пастаянна заводзяць цябе на гібельныя сцежкі-дарожкі. Змрок і надзея міжчасся – паміж першай вайной і другім абвяшчэннем БССР, праз калатнечу і замірэнне. Найцяжэйшая і адкрытая, як крывавая рана, кніжка ненаіўнага дзядзькі Купалы.

[спампаваць]

24. Словарь белорусского наречия : [более 30000 слов] / составленный И. И. Носовичем. Санкт-Петербург : издание Отделения русского языка и словесности Императорской Академии наук, 1870. – 755 с.

1843 год: у посны дзень, на Івана Галавасека, пабожны 55-гадовы дырэктар гімназіі Іван Насовіч зайшоў у госці да свайго віленскага начальніка і адмовіўся ад кавы з вяршкамі. Праз дзень Насовіч вылецеў з працы, але за наступныя 34 гады, якія яму намералі зверху, склаў аднатамовік беларускіх прыказак, анталогію беларускіх песень, гістарычны слоўнік старабеларускай лексікі і ўрэшце першы тлумачальны “Слоўнік беларускай мовы”, больш за 30 тысяч адзінак – прычым выключна беларускіх (ніякай “нагі”, “рукі” і “галавы” вы там не знойдзеце). Акадэмікі-рэдактары выкасавалі з назвы слова “мова”, замяніўшы яго “гаворкай”, “цікавым адгалінаваннем” рускай мовы, не зразумеўшы, што нават і з скалечанай назвай гэткім талмудам, выдадзеным на грошы рускага імператара, можна прыбіць любога, хто пачне ляпаць языком пра неіснаванне беларусаў.

[спампаваць]

23. Сымон Будны. Катихисис то ест наука стародавная христианьская от светого писма для простых людей языка руского в пытаниях и отказех собрана. Несвиж, 1562.

Заўзяты дыскутант і такі інтэлектуал, якіх і праз пяцьсот гадоў у Беларусі пашукаць трэба, Сымон Будны арыентаваўся ва ўсіх шматлікіх школах і плынях Рээфармацыі, ведаў старажытныя і новыя мовы, але застаўся ў гісторыі дзякуючы старабеларускай. На якой і напісаны “Катэхізіс” і якая дзякуючы дзеячам Рэнесансу і Рэфармацыі стала мовай друкаванай кніжнасці – урэшце навукоўцы, перакладчыкі, пісьменнікі сышлі з нябёсаў на зямлю, да непасрэднага чытача-шляхціца, якога можна навучаць весці справядлівыя войны і не ўдзельнічаць у захопніцкіх, шанаваць свае святыні і ў тым ліку ўжываць родную мову, а не польскую. Дарэчы, “ужываць”, “настаўнік”, “краіна”, “мова”, “надзея” – усе гэтыя словы ёсць у “Катэхізісе”. І ці не яго менавіта ўпершыню набылі яны друкаваны выгляд?

[чытаць прадмову]

 

22. Беларуская граматыка для школ / напісаў кандыдат філалогіі Петраградскага ўніверсітэта Б. Тарашкевіч. Вільня : выданне “Беларускага камітэту”, 1918. 76 с.

Увогуле спачатку, калі нашаніўцы толькі даведаліся, што акадэмік Шахматаў шукае сабе аспіранта па беларускай мове, то вельмі хацелі паслаць у Пецярбург Максіма Багдановіча. Аднак хворага Максіма Адамавіча не выпусціў з дому бацька, і ў выніку ў 1911 годзе ва ўніверсітэт адправіўся іншы Адамавіч, абцёрты ў польска-беларускіх палітычных гуртках віленчук Браніслаў Тарашкевіч, па мянушцы Тарас. Ужо ў верасні 1913-га Янка Купала пісаў яму: “Што чуваць у вас з беларускай граматыкай? Граматыку Вашу хоча Таварыства выдаць і пусціць у свет у “назидание” маладому беларускаму пакаленню. Дык варушыцеся, дзядзька, і ў шапку не спіце». Але ўсе дэдлайны, канечне, былі завалены і першая наша граматыка выйшла толькі ў 1918-м. А чаму – ясна чаму. БНР упершыню адкрыла шырокую сетку беларускіх школ, і падручнік быў патрэбны кроў з носу. Не было ўжо куды далей цягнуць.

[спампаваць]

21. Якуб Колас. Сымон-музыка : паэма. Менск: Дзяржаўнае Выдавецтва Беларусі, 1925. 277 с.

“Я зрабіў асобныя запісы, як толькі наладзіў турэмны побыт: раздабыў аловак і навучыўся хаваць паперы” – распавядаў Колас пра першыя старонкі “Сымона-Музыкі”. І далей, пасля таго як прыйшоў дамоў з Пішчалаўскага замку беспрытульным былым палітзняволеным: “Накідаўшы збольшага запеўку, зразумеў, што гэтая работа цяпер будзе для мяне стрыжнем. Утрымаюся за яго – значыць, не звар’яцею, не сап’юся, наогул, не пайду наніз, у падонкі, у паслугачы”. А атрымалася светлая паэма пра хлопчыка, які перамагае ўсё і ўсіх сваёй музыкай і ідзе далей поруч са сваёй каханай. Праўда, хто ведае, каб не было савецкіх вымогаў, можа, і засталася б для Коласа праўдзівейшай першая рэдакцыя 1918 года – дзе выпрабаванні зводзяць і Сымона, і ягоную чарнавокую дзяўчынку ў вечны летаргічны сон.

[спампаваць]

 

 

Ціхан Чарнякевіч


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика