Прэтэндэнтамі на літаратурную прэмію “Гліняны Вялес”, якую штогод уручае Таварыства вольных літаратараў, названыя паэты Галіна Дубянецкая і Андрэй Хадановіч, а таксама празаікі Барыс Пятровіч, Юры Станкевіч і Аляксей Талстоў.
Літаратурная прэмія “Гліняны Вялес” уручаецца за найлепшую, на думку адмысловага журы, кнігу году. Сёлета скласьці кароткі сьпіс намінантаў было, як ніколі раней, складана, бо год выдаўся надзвычай ураджайным, — кажа каардынатар прэміі Алесь Аркуш.
“У 2008-м годзе выйшла кніжак дваццаць вельмі файных. І ўлічваючы нават тое, што „Гліняны Вялес“ даецца толькі раз у жыцьці, а таму частка сёлетніх аўтараў адпадае, як Альгерд Бахарэвіч, які ўжо мае гэтую прэмію, усё роўна было надзвычай цяжка. І мне вельмі шкада, што па-за гэтым шорт-лістом апынулася шмат цікавых кніжак, да прыкладу, кніжкі паэзіі Сяргея Прылуцкага і Аксаны Спрынчан і многіх іншых”.
Пяцёрку ў шорт-лісьце склалі кнігі “Анадыямэна” Галіны Дубянецкай, “Жыць ня страшна” Барыса Пятровіча, “Мільярд удараў” Юры Станкевіча, “Бэрлібры” Андрэя Хадановіча і “Бег” Аляксея Талстова. Цікава, што ўсе яны выйшлі ў недзяржаўных выдавецтвах. Тэкст цалкам.