Адзін з самых “прыгожых і высокіх міфаў беларускай паэзіі” (паводле Валянціна Акудовіча) быў разбураны падчас імпрэзы з нагоды выхаду кнігі Леаніда Галубовіча “З гэтага свету”, што прайшла ў сценах Дзяржаўнага музея літаратуры 18 красавіка.
“Загалоўнай фішкай сённяшняй гаманы будзе міф, які Леанід Галубовіч стварыў дванаццаць гадоў таму, заявіўшы на “Свабодзе”, што больш вершаў пісаць не будзе.
Леанід Галубовіч – надзвычай моцная і цэльная натура. Не чалавек – а крэмень, скала. Што скажа, тое і зробіць. Сказаў: “Не буду браць чарку да канца жыцця”. Не бярэ. Сказаў: “Не буду курыць да канца сваіх дзён”. Не курыць. Сказаў: “Не буду пісаць вершы, пакуль жывы”. 12 гадоў не пісаў.
Ён гэта зрабіў таму, што, як мала хто, насамрэч любіў паэзію і адчуваў адказнасць за яе. Адчуўшы ў нейкі момант, што ён не адпавядае гэтаму высокаму ўзроўню, ён сышоў ад паэзіі ў іншае. І тым і стварыў гэты прыгожы і высокі міф. Трымаўся 12 гадоў, пакуль не пабачыла свет гэтая кніжка. Ці вартая яна разбурэння таго сімпатычнага і ўнікальнага міфа ў беларускай паэзіі? Я зусім не ўпэўнены, бо ведаю, што самая вялікая кніжка не вартая самага малога міфа. Але разам з тым я заўсёды верыў таму, што робіць Леанід. І калі ён так зрабіў, значыць, так было патрэбна. І я прымаю яго выбар”, – падвёў філасофскую базу пад падзею Валянцін Акудовіч.
Некаторыя выступоўцы прыгадвалі мінулыя прэзентацыі, юбілеі і іншыя святочныя падзеі, звязаныя з імем Леаніда Галубовіча, называлі тое, што адбываецца, “чарговым нараджэннем ці паэтычным юбілеем”. Супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі, галоўны бібліёграф, паэтка Людміла Сільнова наракала, што ў фондах бібліятэкі яшчэ няма гэтай кніжкі. На жаль, не было на імпрэзе тых, хто спрычыніўся да яе выдання, – Алеся Пашкевіча і Барыса Пятровіча.
Міхась Скобла патлумачыў, чаму ён выступае ў ролі вядоўцы: менавіта з пытання “Калі б табе не пісалася, ты б здолеў пакінуць паэтычную творчасць?” пачалося дванаццацігадовае маўчанне паэта Галубовіча: “Шчыра кажучы, я тады спалохаўся, бо выходзіла, што справакаваў такога выдатнага паэта на маўчанне. Леанід Галубовіч пакінуў паэзію, але яна – дама капрызная, яна яго не пакінула”.
Аўтар прадмовы, напісанай (паводле Міхася Скоблы) “аднымі афарызмамі, ад першага да апошняга сказа”, Ціхан Чарнякевіч звярнуў увагу прысутных на загаловак “Вершы пасля вершаў”, які ён лічыць вельмі важным:
“Мне пашчасціла да гэтай кніжкі спрычыніцца. Нельга гаварыць пра яе як пра этап развіцця, яна не з’яўляецца наступнай, стаіць у пэўным сэнсе аўтаномна. Калі “Апошнія вершы…”, на маю думку, вельмі добра выяўлялі стан 90-х гадоў, супадалі з часам, то гэтая кніга, наадварот, з часу выштурхоўвае. Вершы, якія напісаў Леанід Галубовіч, стаяць па-за часам”.
Трэба адзначыць, што тэма маўчання не здолела адцягнуць гаворку ад мастацкіх вартасцяў твораў. Анатоль Вярцінскі, які ведае сакрэт, “чаму старэюць людзі”, пажартаваў наконт таго, што былі моманты, калі ён думаў: “Як добра, што Леанід Галубовіч перастаў пісаць вершы”. І ўжо сур’ёзна дадаў:
“Адна з асаблівасцяў яго паэзіі – смеласць, бясстрашнасць, бескампрамісная сумленнасць у дачыненні да таго, пра што ён гаворыць. Пра гэты свет ён гаворыць гэтак жа смела, як і пра той. Ніхто з беларускіх паэтаў так смела не гаворыць пра нашу вечную спадарожніцу – Смерць. Ты мне дадаў аптымізму ў тым сэнсе, як быць з ёй, што нас усіх чакае”.
Адзін з калегаў Леаніда Галубовіча па часопісе “Крыніца”, паэт Алесь Разанаў, растлумачыў, адкуль узялася назва кнігі: “У сваіх вершах Галубовіч перажывае і даследуе тое, што перажывае. І кажа: “Той і гэты свет не адгародзіш строга, як “Новы запавет” старонкай ад “Старога”. У яго вершах адчуваецца, як стогне вецер, як рыкае карова, як брэша сабака, як зумкае пчала. Адбываецца нешта надзвычай істотнае, вымаўляецца невымоўнае. Зумкай і далей!”
Узяла слова і даўняя сяброўка “юбіляра” – паэтка, рэдактар рымска-каталіцкага штоквартальніка “Наша вера” Хрысціна Лялько. Яна прыгадала пачатак сяброўства, светлыя часы маладосці, тусоўкі, “як збіраліся ў Жэні Янішчыц на кватэры на Ульянаўскай”, як “тады жылі паэзіяй”:
“Кнігі “Таемнасць агню” і “З гэтага свету” звязваюць той далёкі час, тую маладосць з цяперашнім часам. І святло, што было ў “Таемнасці агню”, перайшло сюды, толькі яно паглыбела, зрабілася мудрэйшым, больш прыцягальным і, можа, больш таямнічым. Ты верай мацуеш свой верш”.
А паэт з Разаншчыны Юрый Сапажкоў, працытаваўшы выбраныя радкі з “Кулуараў…” (“што сэрца прадчувала”), засяродзіўся на выяўленчых сродках твораў:
“Чым мацнейшы верш, тым менш метафар, параўнанняў, ідзе гаворка ад сэрца да сэрца. Такое адчуванне, што верш – як споведзь перад святаром.
З першых жа радкоў у кнігу гэтую ўваходзіш, як у мора, бязмежнае мора, спасцігаеш сябе, думаеш, як жыў і як трэба жыць, як дайсці да сябе лепшага”.
“Я дванаццаць гадоў не чуў, як Леанід чытае вершы, бо як аўтар чытае, не прачытае ніводзін актор” (Міхась Скобла) – фінальным акордам вечарыны сталася чытанне аўтарам вершаў, якое ператварылася ў чытанне “па заяўках”, калі сярод іншых прагучаў праграмны верш кнігі – “Прадчуваю: з сусветных высяў”, дзе перад чытачом раскрываецца ўся таямніца аўтарскай душы.
“З гэтага свету” стала 23-й кнігай у серыі Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”. Трыста асобнікаў чакаюць сваіх чытачоў.
Зарына Кандрацьева