На 15-м нумарным альбоме Кульлінковіча няма ані стомленасьці, ані вымучанасьці, ані самапаўтораў. Гэта нататкі чалавека, які згубіўся ў грамадзтве шырспажыву. Яму, падобна, лёсам наканавана блукаць да скону, бо выхад з унівэрсаму замураваны. А так хочацца ўзьняцца па-над усім гэтым нікчэмным дзярмом.
Neuro Dubel вытрымаў гросмайстарскую паўзу ў тры гады, каб запісаць альбом жорсткіх, дзёрзкіх і рашучых песень. Усё прыгатавана па вядомым і ўлюбёным рэцэпце – караценькія трапныя рыфмоўкі між трэкамі ад дамарошчанага паэта дзядзі Сашы, песьня-хук (тут гэта, безумоўна, “Метро”), песьня-роздум (“Маленькая песенка”), гіцяра на разьвітаньне (“Уходим тихо”), пераніцаваны кавэр (маем панк-вэрсію “Рок-н-рол мёртв”) і яшчэ зь дзясятак моцных песень, якія ўстаўляюць па чарзе і паступова, кожны раз па-новаму ў залежнасьці ад абставінаў і стану слухача. І выканаўцы, калі вядзецца пра жывое выкананьне.
Карціну дапаўняе таксама парачка песень-даўгабудаў, даробленых урэшце ўсім цяперашнім складам гурта. Кульлінковіч можа дазволіць сабе перапяваць сябе самога – ён па-свойму выканаў наноў “Битву на мотоциклах”, якая 21 год таму пяялася пад Мамонава, і шматпакутную “Папараць-кветку”, задуманую для нявыдадзенага праекту “Скрыпка дрыгвы” 13 гадоў таму, выдадзеную ў дэма-вэрсіі на “Танках” (2003), а цяпер запісаную поўным гукам. Увага да гэтага твору тлумачыцца тым, што Караткевіч для Кульлінковіча – постаць знакавая, шмат у чым дзякуючы ягоным вершам лідар “дзюбялёў” адкрыў для сябе беларускі сусьвет. Асобная размова пра загалоўны трэк “На Марс!”, які працягвае адну з цэнтральных тэмаў творчасьці ансамбля (згадайма “Гагарин”, “Касманаўты”, “Дети Галактики”, чаго ўжо там). Канкрэтна ў музычным пляне гэта, мусіць, самы ўдалы і правільны нумар з альбому. Ну і нельга лішні раз не заўважыць, што Кульлінковіч як рок-паэт зусім інакш раскрываецца ў беларускамоўных творах. Дарма, дарэчы, Саша прасіў прабачэньня ў мовазнаўцаў за наватвор “рушымся”. Да яго прынамсі адзін чалавек гэтае слова ўжываў – Максім Багдановіч у вершы “Рушымся, брацьця, хутчэй” (1910).
На 15-м нумарным альбоме Кульлінковіча няма ані стомленасьці, ані вымучанасьці, ані самапаўтораў. Гэта нататкі чалавека, які згубіўся ў грамадзтве шырспажыву. Яму, падобна, лёсам наканавана блукаць да скону, бо выхад з унівэрсаму замураваны. А так хочацца ўзьняцца па-над усім гэтым нікчэмным дзярмом… На кожным трэку прысутнічае “дзюбелеўскі” знак якасьці – гучыць усё натуральна, хуліганіста, трансцэдэнтна, абсурдна і (трагі)камічна, хоць месцамі і недасканала тэхнічна. Увесь сэнс гэтай праграмы, па сутнасьці, у фразе “Трезвая жизнь тянет на дно, таких, как я, не пускают в метро”. Уласна, пасьля такіх песень (а іх колькі было дагэтуль!) наракаць на Кульлінковіча за забытыя тэксты і праваленыя канцэрты аніяк не выпадае. Толькі вось і франтмэну ND не выбачацца б за тое, што яму лятаць ахвота.
Нягледзячы на некаторую фатальнасьць, праграма “На Марс!” настройвае на пазытыў і абнадзейвае. Ад таго і ня хочацца называць альбом найлепшым, бо найлепшае – яшчэ наперадзе.
Спампаваць альбом “На Марс!” і аддзячыць гурту можна на афіцыйным сайце
Выкананьне: 9
Тэксты: 10
Запіс: 7
Аздабленьне: 7
Сяргей Будкін