Прыхільнікі творчасці каманды атрымалі ўнікальную магчымасць разам з сваімі ўлюбёнцамі пабываць не інакш як у саўне. Каманда Аляксандра Кулінковіча дала рэдкі канцэрт на сваё 23-годдзе пры максімальна запоўненай зале ў клубе “Гудвін”.
Ахвочых трапіць на выступ было столькі, што арганізатары яшчэ за дзень да канцэрту заявілі, што месца ў клубе больш няма, і папрасілі не непакоіць. Тыя, каму пашанцавала трапіць, шчыльна сталі перад сцэнаю, занялі ўсе сталы і запоўнілі праходы, а некаторыя пры гэтым яшчэ схітраліся слэміцца. Часам самыя актыўныя гледачы так напіралі на парэнчы перад сцэнаю, што, падавалася, яны будуць знесеныя, і ліквідуецца апошні бар’ер між музыкамі і публікай. Задуха ў клубе была неймаверная. Кандыцыянеры не спраўляліся ані, таму Кулінковіч перад выкананнем песні “Сукі” зняў з сябе майку з таямнічым надпісам “Не быць першым”, за ім раздзеліся па пояс і астатнія музыкі ды гледачы на танцпляцы. Таму было рэальнае адчуванне, што ты знаходзішся ў саўне.
Канцэрт Neuro Dubel быў прымеркаваны да 23-годдзя гурта. У сувязі з гэтым, у каманду часова вярнуўся Макс Івашын, якога Кулінковіч без лішняй сціпласці прадставіў як “найлепшага клавішніка Беларусі”. Дзякуючы гэтаму былі згаданыя песні, якія не выконваліся сем, восем гадоў, а то і болей. Была яшчэ ідэя запрасіць даўняга гітарыста каманды Паравоза (Максіма Паравога), але не атрымалася.
Святочная праграма “дзюбялёў” наогул была поўная сюрпрызаў. Музыкі не прывязваліся да свайго апошняга альбома “Афтары правды”, а гралі песні розных часоў. “Прашу памятаць, што мы спяваем выключна пра любоў. І пра космас”, — зазначыў са сцэны другі вакаліст каманды Юры Навумаў, а Кулінковіч у гэтую хвіліну глынуў са сваёй фляжкі ды з суворым выглядам зацягнуў “Бухать здесь”, іранічнае пераасэнсаванне хіта Rammstein. Канечне, усіх парадавала выкананне “Солнышка”, “Звёздочек”, “Крутого” ды спеву Кула выключна пад клавішы Івашына “Пра паперу”, нумару, які выконваецца гады ў рады. “Мы яшчэ дачакаемся канцэртаў у Палацы спорту!” — заявіў пры канцы лідар “дзюбялёў” і дамовіўся з публікай “толькі на адзін біс”. На развітанне Кулінковіч вырашыў выканаць “Я памру тут”, лішні раз нагадаўшы пра сваё перакананне, што няважна, дзе ты нарадзіўся, а важна, дзе ты памрэш.
Нягледзячы на не самы добры гук, было відно, што Neuro Dubel у выдатнай форме і гатовы да новых здзяйсненняў. Арганізатар “дзюбялёўскіх” канцэртаў Павал Кашырын паабяцаў зусім хутка абвясціць дату наступнага выступу. Да ўсяго, Аляксандр Кулінковіч і Юры Навумаў хочуць рэалізаваць праект “Міхалычы-80”, якому будзе наканавана даць толькі адзін канцэрт. Рэч у тым, што лідар і бэк-вакаліст па бацьку Міхайлавічы і абодва маюць па 40 гадоў. Вось і вырашылі яны скласці спецыяльную праграму з гэтай нагоды.
Сяргей Будкін
Фота: Зарына Кандрацьева