Студэнт зь Нігерыі Ігвэбіке Тэйлар Айке цяпер можа выкладаць беларускую мову і літаратуру. Днямі ён пасьпяхова здаў іспыты па беларускай мове і літаратуры і іх мэтодыках выкладаньня ў Цэнтры беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры ў Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце.
5-6 чэрвеня ў Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце прайшлі іспыты па беларускай літаратуры і мэтодыцы выкладаньня, а тыднем раней праходзіў аналягічны іспыт па беларускай мове.
Акрамя выступленьня на літаратурную тэму, студэнты загадзя распрацоўвалі плян урока ў школе. Трэба было прадэманстраваць ня толькі тэарэтычныя веды па літаратуры, але і паказаць уменьне выкарыстаць іх на практыцы, уменьне выбраць найбольш эфэктыўныя спосабы і мэтады тлумачэньня матэрыялу.
«Зразумела, кожны студэнт па-свойму прэзэнтаваў свае веды, таму зразумела і тое, што адказы былі розныя. І адзнакі былі таксама розныя. Але ўсе прайшлі выпрабаваньне пасьпяхова», — піша сайт літоўскага ўнівэрсытэта.
Беларускую мову ў Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце вывучаюць грамадзяне Літвы, але на платным аддзяленьні навучаюцца ў асноўным студэнты зь Беларусі, вучыліся на ім таксама грамадзяне Гішпаніі, Вялікабрытаніі ды Расеі. У гэтым годзе ўпершыню дыплём настаўніка беларускай мовы і літаратуры атрымлівае студэнт зь Нігерыі.
У студзені 2011 году дырэктар цэнтру Лілія Плыгаўка так распавядала пра пляны нігерыйскага студэнта:
«Раптам чалавек будзе займацца перакладам? Чаму і не? Ва ўсякім разе ён робіць нам супастаўленьне беларуска-нігерыйскага фальклёру і прыходзіць да высновы, што ёсьць пэўныя агульныя рэчы. Чаму мы вывучаем нейкія там экзатычныя мовы, а нашу мову ня могуць вывучаць, напрыклад, у Нігерыі? Дасьледаваць, займацца перакладамі наўпрост, а не праз нейкую там мову-пасрэдніцу?»
Цэнтар беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры ў Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце узьнік пасьля аднаўленьня незалежнасьці Літвы — у ліпені 1991 году. Напачатку ён працаваў як катэдра ўнівэрсытэту, а ў апошнія гады атрымаў статус Цэнтра. Асноўная мэта ўстановы — падрыхтоўка настаўнікаў для беларускіх школ у Літве.
Тым часам у Беларусі ў апошнія гады няспынна зьніжаецца колькасьць абітурыентаў, якія абіраюць на ЦТ беларускую мову.
Якор Канапкін, generation.by