У Палацы Рэспублікі адбыўся канцэрт Ніно Катамадзэ і Insight з нагоды выхаду новага альбома “Green”. Публіка няспешна забіла амаль поўную залу, фатографы атрымалі дазвол на здымкі цягам першых дзвюх песняў, і ў паўмзроку на сцэну выйшла яна. Ніно паслала пары тысячаў прыхільнікаў паветраны пацалунак і сардэчна павіталася: “Дарагія, любімыя, цёплыя, добры вечар! Гамарджоба!”
Падчас двухгадзіннага выступу Катамадзэ і Insight выканалі новыя песні і, канечне, пазнавальныя далёка за межамі кантынента старыя хіты. Якім бы ні быў колер чарговага альбома грузінкі і трох джыгітаў, хіба можна ўявіць канцэрт бэнду без выкання Olei ды Lulaluleia? «Мы прывезлі вам зялёны колер. Прыміце яго, калі ласка!» — звярнулася да мінчукоў Ніно Катамадзэ ў пачатку праграмы. Двойчы прасіць не давялося, бо новыя колеравыя адценні песняў гурта беларусы прымалі на ўра.
Першы букет кветак, вынесены на сцэну, быў таксама зялёным. “Ну шо, і ўсё?”, з гумарам спытала спявачка і сарвала ўхвальную авацыю. Гэта было далёка не ўсё – удзячныя слухачы неслі кветкі цягам усяго канцэрту, а артыстка цёпла прымала іх, імкнучыся кожнаму падарыць сімвалічны пацалунак. З душой і паўднёвай цеплынёй.
Непасрэднасць і разняволенасць артысткі даўно зрабіліся яе візітоўкай. “Ой, такая прыгожая – сапраўдная беларуска”, – вітае Ніно шыкоўную бландынку з кветкамі, вось яна ўжо танчыць перад сцэнай, а вось чарговы раз ідзе ў залу. “Летась на гэтых вось месцах сядзелі мае сяброўкі і спявалі побач са мною ўвесь канцэрт”, – нібыта настальгуе яна, каб адразу ж знайсці ім замену і пад апладысменты праспяваць мелодыю песні з дзвюма абранымі беларускамі.
Не падкачаў і гурт акампаніятараў Insight, якому Ніно дае найграцца, сышоўшы на запланаваны адпачынак. Мужчыны ў чорным выдаюць па сола кожны, зрываюць апладысменты, і гаспадыня сцэны вяртаецца. Вяртаецца, каб “аджыгаць” на бонгах, каб дарыць кветкі дзецям у зале, каб, надзеўшы на галаву тамбурын, ізноў ісці ў залу, каб выкладацца напоўніцу.
Будзе і горская малітва, і сінхронны пераклад ад спявачкі, і харавыя спевы Suliko, і бясконца задумлівая з хрыпатцою Violets. І зала, што падымаецца разам і ўжо не сядае, і рокнрольны стандарт, і шматкроп’е думак і пачуццяў – Beauty, якая сягае проста ў вечнасць…На апошняй песні з вечнасці вернуцца фотакарэспандэнты, якім выпадзе шанец зноў паздымаць імпрэзу, але найлепшыя кадры ў гэты вечар застануцца нязнятымі.
Па смешным збегу абставінаў пасля канцэрту ў Мінску будуць прадавацца дыскі толькі двух колераў – чырвонага і зялёнага. Вострыя на язык госці адразу возьмуць гэты факт у абарот і запосцяць шыкоўныя фота і каменты ў сацыяльных сетках. Усе астатнія ў не найгоршым настроі раз’едуцца па дамах, каб праз год сустрэцца зноў. Сустрэцца на канцэрце Катамадзэ, і няважна, якім будзе колер новага альбома.
Алесь Плотка
Фота: Аляксандр Ждановіч