Грузінская спявачка другі раз за год наведала Мінск. Ніно разам з аркестрам “Новая класіка” дала шыкоўны канцэрт на адкрытай пляцоўцы Robinson Сlub, што ў Ратамцы.
Ніно Катамадзэ прыехала ў Мінск з фестывалю “Джаз-Кактэбель”, дзе яе выступ выклікаў сапраўдны фурор. Кажуць, адзін з гасцей фэсту Горан Брэгавіч прасядзеў як зачараваны цягам усяго сэту грузінскай спявачкі і быў моцна ўражаны яе спевамі. Праўда, за дзень да выступу ў Беларусі ў басіста яе гурта Insight здарылася трагедыя – памёр бацька. Музыку адпусцілі на пахаванне, але публіку вырашылі не падводзіць і канцэрт не адмянілі. Ніно з гітарыстам Гочам Качэішвілі паказалі праграму, падрыхтаваную з аркестрам “Новая класіка” (Масква).
Канцэрт Катамадзэ адбыўся ў незвычайным месцы – на адкрытай пляцоўцы Robinson Сlub, што пад Мінскам. Арганізатары патлумачылі, што вырашылі гэтым разам не браць звыклы для Ніно Палац Рэспублікі, а зладзіць выступ менавіта ў фармаце опэн-эйр, “каб лета працягнуць”. Да выхаду спявачкі публіку забаўлялі гурт “Сахара” і саксафаніст Раман Шыманец, нейкія банальныя дурасці казаў вядоўца Дзмітры Урангель, які схітрыўся весці адначасова канцэрт і вяселле, што праводзілася непадалёк у рэстарацыі.
Ніно пачала са свайго галоўнага хіта “Once in the street”. Гэтая песня, дарэчы, існуе ў цудоўным беларускім перакладзе Алеся Камоцкага. Свой апошні альбом “Green” спявачка ў красавіку прадставіла ў Мінску, таму на гэтым канцэрце прайшлася па розных альбомах (“Black”, “Red” ды іншыя). Ніно чаравала пад практычна няспынныя воплескі. Выконваючы кампазіцыю “Gammai” з “Зялёнага альбому” прызналася, што гэта яе самая любімая. Каб выказаць сваё асаблівае стаўленне да беларускай публікі, паміж песнямі яна казала па-беларуску “кахаю” і “дзякуй” і перыядычна спускалася са сцэны на танцпляц, каб паабдымацца з прыхільнікамі. Такую ж любоў і шчырасць спявачка выказала і сваім музыкам, расцалаваўшы кожнага, і абсалютна шчыра пажадала “шчасця маладым”, што гулялі побач. “Падчас сустрэчы з вамі ў мяне ўсё адкрыта”, – спрабавала яна патлумачыць свае пачуцці. Хутка музыкі з “Insight” возьмуцца за запіс новага дыска ў Тбілісі. Ніно паабяцала мінскім прыхільнікам, што гэтую праграму яны пачуюць аднымі з першых.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч