This movie requires Flash Player 9
25.01.2016 | Літаратура

Ноч бібліятэк: +1 на культурнай карце Мінска

У добрай літаратурнай кампаніі за вольны ўваход “Пушкінка” і Навуковая бібліятэка БНТУ не зачыняліся да 23 гадзін.

Гэтыя кніжныя ўстановы і раней практыкавалі “начныя змены”. 22 студзеня ў імпрэзы была іншая нагода. Бібліятэка — цалкам актуальнае месца, якое збірае найлепшых людзей горада, вырашылі арганізатары фестывалю мабільнага кіно velcom Smartfilm і спалучылі кіно і кнігі.

Непатрэбную літаратуру можна выкінуць у сметніцу, а можна прынесці ў спецыяльнае месца, дзе яна можа знайсці новых гаспадароў. На адзін вечар “начныя бібліятэкі” сталі даволі буйнымі пунктамі буккросінгу. Праўда, ляжалі там у асноўным савецкія выданні класікі і малавядомых аўтараў свайго часу. Відаць, маладое пакаленне актыўна пазбаўляецца таго, што раней куплялася ў доўгіх чэргах ці па падпісцы.

http://budzma.by/wp-content/gallery/nbb/DSC_0257.jpg

Рэстаратар Вадзім Пракоп’еў, заснавальнік і саўладальнік парталу tut.by Юрый Зісер, тэлевядоўца Ганна Бонд, гендырэктар групы кампаніяў “Анега Snack” Сяргей Мета, актор Павал Харланчук, пісьменніца Тамара Лісіцкая — датычныя да літаратуры і не вельмі з ёй звязаныя зорныя госці чыталі ўрыўкі з улюбёных кніг нон-стоп.

Пры падтрымцы клуба “Мова TUT” наведнікі Ночы бібліятэк вучыліся рабіць традыцыйныя саламяныя павукі і выцінанкі.

— Мы адчуваем запыт ад аўдыторыі на беларускамоўныя навіны і камунікацыю. Нам самім цікава гэта падтрымліваць, — кажа каардынатар клуба “Мова TUT” Алена Андрэева. — Плюсікі ў карму для іміджу гэта дае.

Шмат актыўнасцяў у адным месцы — залатое правіла добрых івэнтаў не абмінула і бібліятэчная ноч. Настольныя гульні (дарма што гэта не новая забава: за сталамі не было вольных месцаў), майстар-клас па каліграфіі, партугальскай і шведскай мовах, воркшоп па здымцы на смартфон, лекцыя пра кіно Максіма Жбанкова.

http://budzma.by/wp-content/gallery/nbb/DSC_0306.jpg

Фестываль мабільнага кіно velcom Smartfilm адбываецца пяты раз і сёлета натхніўся Нобелеўскай прэміяй:

— Буктрэйлер — гэта ролік, які мае заахвоціць прачытаць кнігу. Не экранізацыя, але анонс, — расказвае кіраўнік упраўлення маркетынгу velcom Юлія Дайнэка. — Менавіта такіх міні-фільмаў, знятых на камеру смартфона ці планшэта, мы чакаем на конкурс.

У склад журы ў гэтым годзе акрамя адмыслоўцаў у кіно ўвайшлі “майстры пяра” Андрэй Хадановіч, Уладзімір Арлоў, Віктар Марціновіч і Андрэй Курэйчык.

http://budzma.by/wp-content/gallery/nbb/DSC_0269.jpg

— Мабільнае кіно звязанае з мабільнасцю: смартфонамі, планшэтамі. Яны спачатку ўспрымаліся проста як прыгожыя гаджэты, аднак прылады дазваляюць замяніць шмат іншых. Мы вырашылі ўзяць на сябе прасоўванне здымак відэа і фота на камеру смартфона ці планшэта, — тлумачыць гісторыю з’яўлення фестывалю Юлія Дайнэка.

Для натхнення і адукацыі патэнцыйных удзельнікаў арганізатары часта праводзяць майстар-класы вядомых рэжысёраў, аператараў, кінакрытыкаў і нават актораў.

Што да жаданых для кампаніі мабільнай сувязі вынікаў, то фестываль і звязаныя з ім культурныя актыўнасці цалкам апраўдваюць сябе. “velcom стаў сур’ёзным гульцом у продажы планшэтаў, смартфонаў усіх асноўных сусветных вытворцаў”, — падкрэслівае Юлія Дайнэка.

 

Хрысціна Марчук, фота аўтара

 


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика