Сёлета з нагоды Ночы музеяў магілёўцы вырашылі выйсці за межы суботніх, як па ўсёй краіне, мерапрыемстваў, і наведаць установы культуры двойчы, 15 і 16 траўня.
Таму менавіта ў пятніцу, 15 траўня, у Музеі гісторыі Магілёва, які размяшчаецца ў будынку адноўленай некалькі гадоў таму ратушы, адбылося незвычайнае, але ўжо звыклае для аматараў мерапрыемства: клуб гарадскіх гульняў Encounter зладзіў для ўсіх наведнікаў музея невялічкі квэст, з дапамогай якога экскурсія па ратушы стала не толькі больш цікавай, але нават азартнай. Але па парадку.
Адразу на ўваходзе ў памяшканне музея наведнікаў сустракалі некалькі хлопцаў і настойліва раілі ўзяць удзел у гульні. Потым цярпліва тлумачылі правілы, выдавалі аркуш з заданнямі, аловак – і наперад. А правілы, дарэчы, былі даволі простымі: блукаючы па пакоях ратушы, углядаючыся ў экспанаты і ўслухоўваючыся ў словы шматлікіх (напэўна, з нагоды ночы музеяў) экскурсаводаў трэба было адказаць на восем пытанняў, непасрэдна звязаных з экспазіцыяй.
Напрыклад, згодна з заданнем трэба было сесці насупраць скульптуры пісара і ўбачыць нейкі сімвал гонару. Адказам было… гусінае пяро, якое перад тым самым пісарам ляжала. Ці, напрыклад, прылада, з дапамогай якой калісьці ў Магілёве пляліся рыбалоўныя сеткі. Да адпаведнай залы з гэтымі прыладамі дабегчы было нескладана, але… шыльдай “Рыбалоўныя прылады” ўсё апісанне экспанатаў заканчвалася. Давялося дачакацца чарговай экскурсіі і даведацца, што жаданае слова – качадык.
Акрамя асноўнай “праграмы мерапрыемства” ў якасці пытанняў кшталту вышэйадзначаных было яшчэ і дадатковае заданне: па ўсім будынку ў самых нечаканых месцах (пад лесвіцай, на падаконні і г.д.) былі налепленыя невялічкія “коды” – маленькія паперкі з кодавымі словамі. Усяго іх было схавана трыццаць, але для паспяховага заканчэння гульні дастаткова было знайсці дзесяць. Таму па ўсіх залах бадзяліся дзіўнага выгляду людзі, якія, замест таго каб цікавіцца гісторыяй горада, зазіралі за фіранкі і аглядалі батарэі.
Карацей, было вельмі цікава. У гэты ж час у музеі праходзілі шматлікія экскурсіі, у галоўнай зале ладзіўся сімфанічны канцэрт, людзі ў пінжаках слухалі лекцыю пра стварэнне незвычайнага гадзінніка на вежы будынка, глядзелі ў спецыяльны бінокль, усталяваны на назіральнай пляцоўцы… а сярод іх, зазіраючы адно аднаму ў аркушыкі, бегалі таямнічыя людзі і шукалі адказы на вядомыя толькі ім (і арганізатарам гульні) пытанні.
Падсумоўваючы, можна смела адзначыць, што такая форма знаёмства з музеем атрымалася не толькі цікавай, жвавай і азартнай, але і вельмі карыснай. Многія з тых, хто ўдзельнічаў у гульні (а былі сярод іх нават студэнты гістарычнага факультэта), адкрылі для сябе шмат новага, цікавага з гісторыі ўласнага горада. На вачах ўдзельнікаў музей “ажываў”, ператвараючыся са звычайнай “установы культуры” ў нешта іншае, таямнічае і прыцягальнае.
Тым, хто паспяхова выканаў усе заданні, арганізатары мерапрыемства выдавалі налепкі і запрашэнні на наступныя гульні клуба. Усе засталіся задаволеныя. І Ноч музеяў, якая афіцыйна была запланаваная на суботні вечар, у многіх атрымалася ўжо ў пятніцу, не без дапамогі хлопцаў і дзяўчат з Encounter. За што ім і дзякуй.
Арцём Іваноў
Фота: Марыя Гілёва