31.10.2016 | Конкурсы Літаратура

Новая Прэмія імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў

У красавіку 2015 года была ўпершыню ўручаная Прэмія імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў у галіне непрыдуманай літаратуры. Цяпер абвяшчаецца другі сезон гэтай прэміі.

Прэмія імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў

Партнёрамі ў арганізацыі конкурсу і ўручэнні прэміі выступаюць: Беларускі інстытут навукі і мастацтва, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, выдавецтва “Лімарыус”.

Прэмія мае быць уручана ў 2017 годзе за кнігі, надрукаваныя ў Беларусі на беларускай мове ў перыяд 2015—2016 гадоў.

На прэмію могуць быць вылучаны кнігі, напісаныя ў галіне непрыдуманай літаратуры (nonfiction) наступных жанраў:

– Мемуары, успаміны, дзённікі, эпісталярная спадчына (не толькі ўласныя, але і публікацыі чужых)

– Біяграфіі

– Травелогі (падарожныя нататкі)

–  Дакументальная проза

Трох пераможцаў конкурсу вызначыць кампетэнтнае журы ў складзе:

– Літаратуразнаўца, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў, дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук Ірына Багдановіч;

–  Старшыня секцыі непрыдуманай літаратуры ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў, сябра Управы ЗБС “Бацькаўшчына”, галоўны рэдактар альманаха “Запісы БІНіМ”, кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка;

–  Сябра Управы ЗБС “Бацькаўшчына”, загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Валер Герасімаў;

–  Сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў, кандыдат філалагічных навук Віктар Жыбуль;

–  Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка;

–  Пісьменнік, перакладчык, выдавец, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру Уладзімір Сіўчыкаў;

–   Дырэктар выдавецтва “Лімарыус” Марына Шыбко.

Прэмія будзе падзеленая паміж трыма пераможцамі, кожны з якіх атрымае таксама дыплом і памятны медаль.

Правам намінавання на прэмію імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў валодаюць як аўтары ці выдаўцы, так і члены журы конкурсу.

Пры вылучэнні кнігі на прэмію трэба да 31 студзеня 2017 г. перадаць у аргкамітэт папяровы і/ці электронны варыянт тэксту. Папяровыя выданні трэба прадстаўляць у Саюз беларускіх пісьменнікаў па адрасе: 220012, Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31–906. Электронныя версіі выданняў можна дасылаць на адрас: sbp@lit-bel.org. Пры перадачы ці дасылцы кніг на прэмію трэба рабіць адмысловую пазнаку “Прэмія А. і М. Стагановічаў”.

Тэлефон для даведак: 8 (017) 200-80-91.

Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика