Мультылэйбл «Пяршак» прадстаўляе: магілёўскія хітмэйкеры і хартбрэйкеры Akute выпускаюць чацвёрты студыйны альбом Płastyka. Плытка настолькі меладычная, што з другога праслухоўвання падаецца, быццам ты ведаеш гэтыя песні з пяшчотнага дзяцінства.
Свежаспечаны рэліз уяўляе сабой шчыльна збіты 40-хвілінны каравай меладычнага року на тэмы хуткаплыннасці жыцця, стомленасці ад кахання і холаду ў вачах. «Альбом мы пісалі два гады. У ім на першы план выйшла смяротная лірыка, – кажа Рома Жыгараў, бас-гітарыст і бэк-вакаліст гурта. – Першапачаткова наш стыль называўся “дыска-дэкаданс”, а цяпер мы яго яшчэ ўдакладнілі назвай “смерць-рок”. Але які б ён ні быў тленны, ён дастаткова пазітыўны». Насамрэч альбом атрымаўся больш хуткім, настолькі, што пад яго вельмі зручна ўхіляцца ад куль, калі перабягаеш з аднаго акопа ў другі.
Спампаваць альбом на старонцы “Першаку”