У сціплым холе Музея гісторыі беларускага кіно сабраліся прыгожыя, задаволеныя сабой маладыя людзі ў касцюмах ды вечаровых сукенках з бакаламі шампанскага ў руках. Выглядалі яны камандна, шчасліва і па-галівудску, не хапала толькі хвалі фотаўспышак навокал. Сярод іх – рэжысёр Дзмітрый Якунін, акторы і здымачная група новага беларускага серыяла «Сезон ідэй». У музеі адбыўся закрыты паказ першых чатырох эпізодаў ды прэс-канферэнцыя.
Моладзевы камедыйны серыял пра крэатыўнае агенцтва «Граблі» здымаўся ў Мінску на ўласныя грошы Дзмітрыя Якуніна, фатографа з сямігадовым стажам, які, не маючы ніякага досведу ў кіно, вырашыў паспрабаваць сябе адразу ў ролі рэжысёра, аператара і аўтара мантажу. За год знялі першы сезон з 8 серыяў, на якія, як прызнаецца Дзмітрый, пайшло каля ста тысяч даляраў. «Насамрэч нашмат больш, бо я не ўключыў сюды свой гадавы заробак, які мог бы мець як фатограф, так што атрымліваецца ўсе 175 тысяч», – дадае ён.
Здымаўся серыял на папулярны сярод незалежных рэжысёраў Canon EOS 5D Mark II.
Граюць у ім пераважна пачаткоўцы, адмыслова адабраныя падчас кастынгу. Паводле Дзмітрыя, выканаўца галоўнай ролі Таццяна Жаўнова мае не толькі прафесійную адукацыю, але і досвед здымак у расійскім блакбастары «Метелица».
Спробы рабіць кіно самастойна ў Беларусі ўжо бывалі, хоць на серыялы пакуль ніхто не замахваўся. Але Якунін вырашыў дзейнічаць узважана, па-даросламу: без віруснага піяру, а з нанятымі прадзюсарамі, каляровымі буклетамі, інтэрнэт-старонкай і вывучэннем рынка – з прыцэлам на камерцыйны поспех ды захоп буйных тэлеканалаў найбліжэйшага замежжа. Гэтым ён тлумачыць і выбар забаўляльнага жанру: «Артхаўзны фільм прадаць немагчыма. Мы разглядалі серыял як інвестыцыйны праект, мелі бізнэс-план, раіліся з інсайдарамі рынка, размаўлялі з праграмнымі дырэктарамі буйных каналаў, каб даведацца, што будзе мець попыт».
У выніку вырашылі разлічваць на шырокую моладзевую аўдыторыю «ад 14-ці да 45-ці», аматараў мозгарасслабляльнага, але няпошлага гумару з сонечнай карцінкай у духу тэлеканала ТНТ. І хоць Дзмітрый Якунін кажа, што сам серыялаў не глядзіць і ні на што не арыентаваўся, агульная ідэя і героі атрымаліся ну вельмі ўжо тыповымі і выглядаюць пародыяй на ўсе моладзевыя сіткомы адразу.
У рэкламным агенцтве «Граблі» ёсць свой Барні Сцінсан – самазакаханы бландын Макс, разбівальнік сэрцаў, – «такі сэксуальны, што калі просіць у правадніцы бялізну, трэба ўдакладняць, якую». Ёсць легкадумная сакратарка Святлана з глыбокім дэкальтэ, ёй у кантраст дадзены дзіўнаваты праграміст Ярык, які, канечне, носіць дурацкія майкі, п’е піва і мае праблемы з супрацьлеглым полам. Узначальвае агенцтва незалежная дырэктарка Валерыя з мужчынскім характарам, але часам уразлівай душой. Цэнтральны герой, дызайнер Саша, – паводле серыяльных канонаў, персанаж дастаткова шчыры і адэкватны, каб адцяняць усе астатнія вобразы.
Глядзець было нясмешна, напэўна, таму, што ў «капсулах» герояў няма паветра: гумар надта часта зводзіцца да змушаных жартаў пра мілую недалёкасць сакратаркі ды боязь лавеласа Макса страціць свабоду. Паводле задумы аўтараў, кожная серыя – новы каларытны кліент агенцтва, якога рэкламшчыкі павінныя задаволіць вынаходлівай ідэяй. На жаль, як героі выкруцяцца з сітуацыі, даведвацца не хочацца нават у якасці разняволенага акампанементу хатнім справам, бо выкруцяцца яны неяк прадказальна, без парадоксаў і сюрпрызаў. Пасля доўгіх роздумаў крэатыўная каманда выдае нейкую банальную ідэю, кшталту брокалі ў форме сэрца для лагатыпу веганскага руху, кліент шчаслівы, канец серыі. Відаць, у гэтым і заключаецца высмейванне працы ў сферы рэкламы, але наўрад ці гэта прымусіць тут жа запампаваць наступную серыю. Зрэшты, дапускаю, што я проста не трапляю ў мэтавую аўдыторыю праекта, і побач з расійскім серыяльным пеклам беларускі прадукт з сімпатычнымі акторамі і простымі, але стрыманымі жартамі падасца сонечным промнем і чыстай крыніцай – хто яго ведае.
Трэба сказаць, што ў зале падчас прагляду перыядычна выбухаў смех, праўда, у цемры было цяжка разгледзець, чый. Магчыма, смяяліся акторы, бо, як сказаў рэжысёр, яны бачылі эпізоды ўпершыню. Тое, што сцэнар правісае прынамсі ў першых серыях, пагаджаюцца самі стваральнікі. Пачынаючы з трэцяй серыі ў падмогу беларускім аўтарам прыйшоў сцэнарыст Дзмітрый Шутаў, які піша для «Большой разницы» і «Comedy club».
«Я застаўся задаволены, шчыльнасць гумару павялічылася ў паўтара разу», – мяркуе рэжысёр.
Бачна, што серыял усё ж заточаны найперш пад расійскія тэлеэкраны. Нейкіх лакальных жартаў, зразумелых беларусам, у ім не сустрэнеш. Адзіным такім момантам, які змаглі назваць стваральнікі, была прыдумка дызайнера агенцтва – плакат, на якім поўныя слёз вочы на чорным фоне і надпіс: «Помни о маме». Сцэнарысты назвалі гэта пародыяй на страшную сацыяльную рэкламу, якой завешаны ўвесь Мінск. Горад, дарэчы, сапраўды праяўляецца ў серыяле шчодра і з любоўю – і гэта адрознівае яго ад расійскага кіно, якое таксама любяць здымаць на мінскіх вуліцах. Апроч начнога праспекта тут можна пабачыць (ці пазнаць) інтэр’еры дарагіх рэстарацый, элітных спа-салонаў і віп-залаў клубаў, дзе, паводле выканаўчага прадзюсара Паўла Бойкі, здымачнай групе дазвалялі працаваць бясплатна. Ёсць, вядома, і нехарактэрныя для нас, экспартныя рэчы: напрыклад, чыноўнік з залатымі ланцугамі і браткамі-ахоўнікамі, які на вачах ва ўсіх расслабляецца з дзяўчатамі ў начным клубе, а захрасаючы ў ліфце, моліцца: «Святой Мавроди, спаси и отсиди». Альбо звычка стопіць машыну ў Мінску пасярод дня, ды яшчэ каб спыніўся каўказец на «капейцы». Ды і заробак у больш чым паўтары тысячы даляраў («3599 даляраў – гэта ж два месяцы працаваць», – гаворыць герой) – таксама не мінскі, хоць і не маскоўскі.
«Тэму з беларускімі чыноўнікамі мы не хацелі абсмоктваць, бо ведаем, з якім трымценнем у нас ставяцца да такога гумару», – заўважае рэжысёр-пастаноўшчык Алекс Волат. «Мы ж брацкія народы, нам гэты гумар зразумелы, – кажа Дзмітрый Якунін. – Мы нават нумары павесілі рускія на машыны, каб было зразумела, што гэта рускі чыноўнік. Увогуле горад у серыяле называецца Ноўнэймск, героі расплачваюцца крэдытнай карткай, так што якія ў ім грошы, невядома. Гэта зроблена для таго, каб серыял не быў прывязаны да Беларусі, хоць ён і беларускі на 90 працэнтаў».
На пытанне журналістаў, ці можна, здымаючы якасныя серыялы ў Беларусі, усталёўваць хоць нейкую ўмоўную планку ў гэтай справе, ён адказвае: «Я не бачу патрэбы штосьці мяняць у Беларусі. Калі нават я здыму другі сезон, які будзе супер і на які ўсе захочуць раўняцца, наўрад ці гэта неяк уздыме беларускую індустрыю».
Дзмітрый дадае: «А якія вы ўвогуле ведаеце беларускія серыялы? Я глядзеў фільм “Вышэй за неба”. Бюджэт – больш як мільён даляраў, спансавала ААН. Альбо давайце згадаем апазіцыйны фільм “Жыве Беларусь, які знялі палякі за 2 мільёны даляраў, жудасны фільм, я глядзеў і пляваўся. Як можна было пра Беларусь так дрэнна зняць? Дайце мне два мільёны даляраў, я здыму 15 фільмаў, кожны з якіх будзе гаварыць, што Беларусь – гэта цудоўная краіна».
Стваральнікі «Сезона ідэй» цяпер вядуць перамовы наконт магчымасці продажу серыяла тэлеканалам Расіі, Казахстана, Украіны і Беларусі, таму калі ён выйдзе на экраны, сказаць дакладна не могуць. Але ў поспеху ўпэўненыя. «Калі ў нас нічога не атрымаецца, то я ўжо і не ведаю, у каго можа атрымацца», – кажа Дзмітрый Якунін.
Аляксандра Дорская