Сабака Элвіс асвятляе шлях бадзёрым бітам-брэхам, беспантовыя панэльнікі становяцца парталам у касмічны абсяг, сябрукі-балбесы адпраўляюць галоўнага героя ў Амерыку на арэлях, а саксафаніст перадае прывітанне маме на 48-й секундзе! І што яшчэ будзе!
А будзе – несанкцыянаваны рок’н’рол на галоўным праспекце пад новую версію ўжо вядомай песні “Элвіс”, на гэты раз – з заліхвацкім акардэонам.
У запісе песень на вершы Антона Рудака прынялі ўдзел музыкі, якія шмат гадоў плённа працуюць на стыку кіналогіі і аўтарскай песні: Дзяніс Жураўлёў aka Груша (біт-бокс, запісаны за 20 хв.), напалову існы Fryd (саксафон, запісаны за тры месяцы), Саша Карабань (бас-гітара, кантрабас), Ігар Адасік (перкусія з гукамі Гародні), Уладзь Пыльчанка (фірмовы акардэон), Раман Абрамчук (вакал, гітара).
Малюнак для вокладкі рабіла мастак-іканапісец Ксіша Ангелава. У нейкі момант скончыўся залаты фламастар, і прыйшлося карыстацца сапраўднай залатой фарбай для абразоў, класці залатую аснову і маляваць паверх яе. Начной падборкай шрыфтоў у такт новым трэкам займалася Юля Янюк-Казлоўская. Маліцца на вокладку не заклікаем, але нам верыцца, што і ў гэтай працы прысутнічае зорны пыл.
“Гарадскі вал” прэзентаваў сінгл “Адмарозкам, Даўнам, Закаханым” (Слухаць!)
Канцэртная прэзентацыя новага сінгла і альбома адбудзецца 3 сакавіка ў кавярні “Грай” (уваход вольны).