21.04.2017 | Музыка

Новы супольны праект. Музыкі запішуць песні на вершы расстраляных паэтаў (Відэа)

Партал TuzinFM распачаў праект «(Не) расстраляная паэзія», у якім возьмуць Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Cвета Бень, Кацярына Ваданосава, гурты Dzieciuki, Vuraj, Re1ikt, Akute ды іншыя вядучыя беларускія музыкі.

1937-vokl1

Удзельнікі праекту створаць песні на вершы паэтаў, якія былі расстраляныя 29 кастрычніка 1937 году. Кожны ўжо абраў «свайго» паэта. Гурт Naka, напрыклад, напіша музыку на адзін з твораў Валерыя Маракова, рэпер Angst – Зяму Піваварава, TonqiXod узяў Тодара Кляшторнага, Pomidor/off – Майсея Кульбака. Усяго паўстане 12 новых кампазыцый ад 12 выканаўцаў.

«Мы не дамо сцерці з народнай памяці творы і твары беларускіх паэтаў Расстралянага Адраджэньня. З дапамогай нашага праекту мы хочам сказаць, што хоць аўтары і расстраляныя, іх творчую спадчыну знішчыць немагчыма, – зазначае кіраўнік праекту Сяргей Будкін. – Мы аддаем даніну павагі паэтам і ўключаем іх творчасць у сучасны культурны кантэкст: іх вершы праз стагоддзе пасля напісання стануць песнямі. І каб усё атрымалася прыгожа і якасна, мы заклікаем падтрымаць праект кожнага, каму неабыякавая гэтая тэма».

Адмыслова да праекту рэжысёр Арцём Лобач зрабіў прома-ролік, у якім зняліся Павал Харланчук, Андрэй Саўчанка і Алена Гіранок.

Ужо стартавала краўдфандынгавая кампанія на Talaka.by. Тыя, хто падтрымае праект, атрымае запрашэнні на канцэртную прэзентацыю, а таксама іншыя падарункі. Сярод якіх  «маўклівыя кнігі» – нататнікі з выявамі паэтаў ды цытатамі з іх твораў. «Гэта метафара перарванай творчасці, помнік ненапісанаму, недастворанаму, непрачытанаму. Гэта магчымасць адчуць персанальную повязь з творцам, працягнуць ягоную справу, запоўніць старонкі словам», – гэтак тлумачыць ідэю Кацярына Пікірэня, якая цяпер працуе над дызайнерскай серыяй з 12 нататнікаў-кніг. Яе прэзентацыя адбудзецца таксама ў межах праекту.

Акрамя музычнай і дызайнерскай часткі ў праекце будзе яшчэ і адукацыйны складнік – на восень запланавана зладзіць 12 адкрытых лекцый. Кожную з іх правядзе знаўца жыцця і творчасці канкрэтнага творцы разам з музыкамі. Падчас лекцый упершыню будуць зайграныя ўжывую песні на словы паэтаў.

Падтрымаць праект


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика