Гурт N.R.M. афіцыйна заявіў пра пачатак збору заяваў на ўдзел у сваім трыб’юце, які станецца ўжо другім у гісторыі каманды.
Трыб’ют прымеркаваны да 20-годздзя каманды. Са слоў цяперашняга франтмэна N.R.M. Піта Паўлава, паўдзельнічаць у ім можа які заўгодны гурт у незалежнасці ад краіны пражывання: “Не чакаем, што ў трыб’юце захоча паўдзельнічаць, напрыклад, Metallica. Але мы дакладна ведаем, што ў Польшчы маладыя гурты граюць нашыя песні, свае версіі рабілі такія гранды, як Pidżama Porno і Myslovitz. Апошнія паўдзельнічаюць і ў трыб’юце. У нас ёсць фэны ва Ўкраіне, Расіі, Літве. Магчыма нехта з гуртоў з гэтых краін захоча далучыцца да праекту”, – заявіў музыка ў каментары для UltraMusic.
Журналіст Таццяна Заміроўская мяркуе, што не патрэбны: “Быў жа ўжо адзін трыб’ют, вельмі някепскі. Навошта яшчэ. А калі ўжо і выдаваць трыб’ют, то “Мроі” альбо ўсім праектам Вольскага, уключаючы N.R.M. А то пачнуцца спрэчкі – ці ўключаць у трыб’ют песьні новых N.R.M. І інфармацыйная прастора будзе поўніцца пустымі размовамі”. А вось Алег Клімаў наадварот лічыць такую задуму цалкам прымальнай: “Трэба ж адзначыць 20-годдзе вялікай беларускай групы?! Трыб’ют – нармальная ідэя, не адставаць жа N.R.M. у гэтым сэнсе ад “Песняроў”, які неўзабаве займее другі трыб’ют: Мулявін і Ка ўвасаблялі папулярную музыку савецкай Беларусіі, Вольскі і Ка – непапсовую музыку незалежнай Беларусі. Мне было б цікава паслухаць, як цяперашняе пакаленне айчынных музыкаў перасьпявалі б песні N.R.M. А калі б да моладзі далучыліся старыя, дык было б яшчэ больш займальна”.
Сам Піт Паўлаў раіць патэнцыйным удзельнікам трыб’юту ўзгадняць песьню з N.R.M., каб не было паўтораў. У сам творчы працэс Піт, Юрась і Алезіс умешвацца ня будуць. Пра спрычыненасць да працэсу ўласна Лявона Вольскага нічога не паведамляецца. Сам Лявон пытанні звязаныя з N.R.M. пакуль не каментуе.
Журналіст Зміцер Падбярэзскі разважае з нагоды падрыхтоўкі новага трыб’юту: “Ад выдання “Візы N.R.M.” мінула 11 гадоў, музычны рынак краіны прыкметна змяніўся, паўстаў шэраг дастаткова творчых калектываў, якія не маглі паказаць уласныя прачытанні арыгіналаў у мінулы час. Але з іншага боку, грунтуючыся на тых трыб’ютах, якія ўжо маюцца, існуе вялікая верагоднасць, што ўдзельнікі новага праекту не адшукаюць нечаканых аранжавальных момантаў з тым, каб не спяваць “класіку” нота ў ноту, а прадставіць нешта сапраўды творча-вынаходлівае. Таму я вельмі сумняваюся, што такіх твораў можа нарадзіцца больш за 2-3. Рэшта ж будзе складацца з элементарных бляклых перапевак. Так што аднаго трыб’юту N.R.M. для гісторыі, лічу, дастаткова. І яшчэ: а як раптам Вольскі не дасць згоду на выкарыстаньне сваіх песень? Паглядзеўшы вокладкі двух альбомаў, пераканаўся, што аўтарства песень не пазначана. А вось на чыё імя яны зарэгістраваныя – гэта ўжо пытаннечка”…
Акрамя Myslovitz, свае версіі песень N.R.M. выказалі гатоўнасць зрабіць гурты «Мутнаевока», «Тлушч», Re1ikt, Tonqixod, Nizkiz, Indra. Заявы прымаюцца без пэўнага тэрміну. 20-гадовы юбілей каманда мае святкаваць цягам году. Звязацца з камандай можна праз афіцыйную суполку ў Facebook.
Сяргей Будкін