З нядаўняга часу ў буйных мастацкіх музеях свету наведнікам дазволілі рабіць фотаздымкі. Ці не падаецца вам, пытае журналіст “Індэпэндэнт” Арчы Бланд, што сэлфі на фоне твораў вялікіх майстроў — гэта ўжо апошняя стадыя крэтынізму?
Колькі трэба ўзірацца ў жывапіснае палатно, каб сапраўды зразумець задуму мастака? Ёсць шмат адказаў на гэта пытанне: “Разглядайце карціну столькі часу, колькі вам хочацца”, а хтосьці скажа: “Даўжэй, чым вам здаецца”. Гісторык мастацтва Джэймс Элкінс кажа, што яму спатрэбілася прыблізна 100 гадзін за тры гады, каб навучыцца па-сапраўднаму бачыць і ўспрымаць жывапіс Піта Мондрыяна. Ён згадвае, як сустрэў жанчыну, якая глядзела на адну і тую ж працу Рэмбранта па гадзіне ў дзень чатыры разы на тыдзень цягам прынамсі двух дзесяцігоддзяў — а гэта прыблізна 3 тысячы гадзін.
Бэндар Гроўвенар, аўтар уплывовага блога, спасылаецца на словы ўжо спачылага Кенета Кларка, дырэктара музея, які стаў вядомым дзякуючы таму, што ў свой час стварыў знакавы дакументальны серыял “Цывілізацыя” на Бі-бі-сі. “Кларк аднойчы заўважыў, — кажа Гроўвенар, — што каб разгледзець карціну належным чынам, спатрэбіцца столькі ж часу колькі патрабуецца на тое, каб ачысціць і з’есці апельсін. Я мяркую, што ён несумненна меў рацыю”.
Вядома, што не існуе аднаго правільнага адказу, але ёсць дадзеныя пра тое, што робіць большасць людзей. Атрымліваецца, што калі наведнікі музеяў ядуць апельсіны, то робяць яны гэта вельмі і вельмі хутка. У Луўры наведнік глядзіць на Мону Лізу ў сярэднім прыкладна 15 секунд. У Музеі мастацтваў Мэтраполітэн у Нью-Ёрку сярэднія паказчыкі такія: людзі разглядаюць кожную працу недзе каля 32,5 секунды. Іншае даследаванне, якое праводзілася Ратгерскім універсітэтам, сцвярджае, што сярэдні час, праведзены гледачом перад карцінай, складае 17 секунд. З пункту гледжання “садавіны-гародніны” ніякай размовы пра апельсіны ўжо не ідзе — больш падобна да таго, што гэта прамежак часу, за які мы з’ямо адну вінаградзінку.
Безумоўна, рэч тут не толькі ў тым, колькі часу мы разглядаем карціну, але і ў якасці нашай увагі, якая, зразумела, нашмат цяжэй паддаецца вымярэнню колькаснымі паказчыкамі. Але і без навуковых даследаванняў, на ўзроўні інтуіцыі, мы здагадваемся, што цягам апошняга дзесяцігоддзя так ці інакш якасць нашае ўвагі змянілася радыкальна і не ў лепшы бок.
Ва ўсім вінаватыя сучасныя тэхналогіі: кожны з нас ведае, чаму менавіта яны: усплёск папулярнасці сацыяльных сетак і смартфонаў зрабіў нас хранічна няздольнымі засяроджваць увагу на чым-небудзь, мы больш не ведаем, што такое канцэнтрацыя; цяпер нам больш цікава расказаць людзям, што мы збіраемся зрабіць, чым насамрэч зрабіць гэта.
Такім чынам, мы дзелімся нашым абедам з інтэрнэтам, а не з каханымі ці сябрамі. Нашыя кнігі так і застануцца няскончанымі, бо мы ўжо не здольныя прыдумаць нешта большае за 140 знакаў у твітары. І калі мы ідзем у галерэю, мы не глядзім на мастацкія творы: мы робім сэлфі на фоне карціны. Атрымліваецца, што ХХІ стагоддзе робіць нас няздольнымі па-сапраўднаму ўспрымаць не толькі мастацтва, але і любыя іншыя рэчы на гэтым свеце.
Тыя ж з нас, хто яшчэ памятае, як жылося без усіх гэтых сучасных тэхналогій, будуць сапраўды шакаваныя, калі пачуюць, што на мінулым тыдні здарыліся радыкальныя змены ў адным з нашых самых вялікіх музеяў. Нацыянальная карцінная галерэя дазволіла вай-фай ва ўсіх сваіх выставачных памяшканнях і патлумачыла гэта тым, што цяпер наведнікі будуць мець магчымасць атрымліваць доступ да інфармацыі пра карціны, якія яны бачаць, і “ўзаемадзейнічаць з намі больш праз сацыяльныя медыі”. Усё гэта прывядзе да таго, што цяпер у музейных залах узрасце колькасць людзей, якія будуць карыстацца смартфонамі і планшэтамі, а бабулькі, што раней сядзелі каля твораў мастацтва і абаранялі іх ад фатаграфавання, будуць успрымацца як нешта недарэчнае.
Не ўсе ў захапленні ад такога развіцця сітуацыі. “З аднаго боку, музеі павінныя рабіць усё магчымае, каб прывабліваць да сябе як мага больш наведнікаў і пашыраць інфармацыю пра сябе і сваю працу сярод усіх слаёў насельніцтва, — кажа мастацтвазнавец Джэймс Фокс. — З іншага боку, нішто не раздражняе больш, чым назіранне за нейкім дурнем, які ўтаропіўся ў той ці іншы шэдэўр жывапісу праз свой айпад толькі для таго, каб зрабіць жудасны фотаздымак карціны, якую ўжо тысячы разоў фатаграфавала мноства прафесіяналаў”. Яшчэ больш заклапочвае той факт, што фатаграфаванне твораў мастацтва адбівае ў людзей жаданне паглядзець на карціну і паспрабаваць паразважаць над задумай мастака ці хаця б атрымаць асалоду ад сюжэта ці каляровай гамы, у якой выкананае палатно. Фокс успамінае словы Роберта Х’юза пра тое, што людзі ў наш час ідуць у музеі не для таго, каб глядзець на мастацкія творы, а для таго, каб сказаць, што бачылі іх.
Мастак, пісьменнік і выдавец Джаспер Джоф прытрымліваецца такога ж меркавання — за выключэннем таго, што, на яго думку, сітуацыя настолькі жудасная, што дазвол рабіць фоткі ў музеях ужо наўрад ці пагоршыць яе. “Я знаходжуся на заключнай стадыі адчаю, калі ўжо гатовы прымірыцца з тым, што мы маем сёння, — кажа ён. — Людзі ходзяць па залах музея ці галерэі ў стане здранцвелай абыякавасці да аб’ектаў, якія дэманструюцца на выставе. У кожнае вуха ўтыркнуты навушнік, праз які транслююцца закансерваваныя думкі аўдыёгіда, вочы ўтаропленыя ў сцяну, на якой вісіць паперка з тлумачэннямі, якія падкажуць вам, што менавіта вам трэба думаць пра гэты твор… дык навошта звяртаць увагу на натоўпы дурнаватых фэйсбучнікаў і ўкантактнікаў, што гойсаюць па залах музея толькі дзеля таго, каб зрабіць яшчэ адзін мільён нікому не патрэбных сэлфі?”
Кіраўніцтва Нацыянальнай карціннай галерэі настроенае не так песімістычна: “Мы проста выконваем свой абавязак з мэтай зрабіць калекцыю шырока даступнай, наколькі гэта магчыма, для вялікага кола гледачоў”. Доктар Сьюзан Фойстэр, загадчыца галерэйнага аддзела па сувязях з грамадскасцю, запэўнівае: “Я праводжу шмат часу ў выставачных залах, назіраю за тым, як людзі разглядаюць творы мастацтва, і не бачу істотных зменаў у тым, які яны гэта робяць, нічога кардынальна новага я не заўважыла”.
“Так, нам заўсёды хочацца, каб людзі не праходзілі міма і звярталі больш увагі на сапраўдныя шэдэўры, але мы маем шэсць мільёнаў наведнікаў у год — верагодна, існуе шэсць мільёнаў спосабаў разглядаць карціны і скульптуры. Кіраўніцтва мяркуе, што вельмі важна прапанаваць нашым гледачам шмат спосабаў узаемадзеяння з мастацтвам. Нацыянальная карцінная галерэя заўсёды была грамадскім месцам. Вы павінныя зразумець, што іншыя людзі, магчыма, не атрымліваюць асалоды ад таго спосабу ўспрыняцця прыгажосці, якім карыстаецеся вы”.
Вікторыя Сідэл, дырэктар мастацкага кірмашу Frieze Masters art fair, таксама не бачыць нічога дрэннага ў фатаграфаванні і новых гаджэтах. “Людзі, безумоўна, карыстаюцца фотакамерамі ў тэлефонах і планшэтах больш, чым раней, але я не заўважала, каб яны праводзілі менш часу, разглядаючы мастацкія працы, — кажа яна. — Я перакананая, што калі мы не дазволім наведнікам рабіць здымкі, мы страцім іх — яны больш не прыйдуць да нас. Гэта ўжо частка культуры, гэта спосаб, якім людзі глядзяць на рэчы сёння. У любым выпадку, — дадае яна, — сацыяльныя сеткі падштурхнулі людзей да большай зацікаўленасці мастацтвам, яны не зменшылі іх інтарэс да прыгожага, а якраз наадварот. Людзі спачатку бачаць карціны анлайн, а потым хочуць пабачыць іх у рэальнасці на ўласныя вочы”.
Вікторыя дадае: “Той факт, што цяпер усе творы, якія штогод прывозяцца на наш мастацкі кірмаш, знаходзяць свайго пакупніка і цалкам распрадаюцца, магчыма, часткова тлумачыцца тым, што мы маем 80 тысяч падпісчыкаў на нашай старонцы ў інстаграме”.
Цяжка прымірыць паміж сабой два супрацьлеглыя пункты гледжання. На мінулым тыдні я пайшоў у Нацыянальную карцінную галерэю, каб пабачыць, як новыя правілы змянілі паводзіны людзей. Я прыйшоў уранку, непасрэдна перад адкрыццём. Перад уваходам турысты плацілі чалавечым статуям за тое, каб сфатаграфавацца з імі; я ўліўся ў чаргу, якая расцягнулася па ўсіх прыступках, што вядуць да ўвахода ў галерэю… мне падалося, што нічога не змянілася — усё як заўсёды. Нарэшце мы трапілі ўнутр. У першай зале смартфоны і планшэты былі ўсюды, шмат хто рабіў здымкі, амаль ніхто не карыстаўся вай-фаем, каб знайсці якую-небудзь інфармацыю пра карціны. Было адчуванне, што я не ў галерэі, а ў нейкай прасторы, якая нагадвае каталог; наведнікі быццам ператварыліся ў “пакупнікоў”, якія выбіраюць штосьці на стэлажах, каб потым аднесці выбраны “тавар” дадому і ўжо там разглядзець яго падрабязней. Атрымліваецца, што сёння рэальная калекцыя — гэта тая, якую ўсе мы захоўваем у віртуальным воблаку.
Калі я сядзеў перад адной з карцін пэндзля Ларэнца Косты, я пабачыў жанчыну невялікага росту ў велізарным капелюшы і ярка-жоўтай спартыўнай кашулі. Яна трымала смартфон прыблізна за шэсць цаляў перад носам. На карціну яна глядзела праз экран сваёй камеры. Дачакаўшыся, калі людзі адыдуць ад карціны, яна хуценька сфатаграфавала і яе, і суправаджальны тэкст на сцяне каля карціны. Праз секунду яна ўжо была каля твора Джыролама Раманіна, дзе зрабіла тое самае.
Яна рушыла ў наступную залу. Я ўстаў і пайшоў за ёю. Жанчына спынілася каля “Партрэта маладога чалавека” Марэта да Брэшыя, “Выродлівай герцагіні” Квінтэна Мэтсэйса і “Пасланнікаў” Ганса Гольбэйна. У кожным выпадку ўсё паўтаралася ізноў: наводзім камеру на аб’ект, хуткі здымак, тэкст на сцяне каля карціны — знята, бяжым у наступную залу.
Усё гэта падалося мне крыху дэпрэсіўным — як сказаў Джоф, “здранцвелая абыякавасць”. Але калі я падышоў да гэтае жанчыны і спытаў яе, што яна думае пра свой паход у карцінную галерэю, на яе твары з’явілася шырокая ўсмешка. Жанчыну звалі Лі Шу. “Мне тут вельмі падабаецца! — сказала яна. — Я ўжо шмат разоў сюды прыходзіла, але заўсёды знаходжу штосьці новае”. Я спытаў яе, ці даспадобы ёй тое, што цяпер можна рабіць фатаграфіі. “Так, — адказала яна. — Я дашлю іх сваёй дачцэ. Яна захапляецца мастацтвам”.
Пасля такога відавочнага задавальнення, якое чыталася ў вачах гэтай жанчыны, мне падалося, што я сноб. Лі Шу нашмат сур’ёзней ставілася да мастацтва, чым я. Пазней Бэндар Гроўвенар сказаў мне: “Калі б людзей насамрэч задавальнялі толькі фоткі, яны б ніколі не хадзілі у музеі”.
Наведнікі хутка разышліся па залах, і ў мяне склалася адчуванне, што іх жаданне фатаграфаваць кудысьці знікла. Іх непераадольны імпульс фоткаць усё навокал, які яны прынеслі з сабой з навакольнага свету, магчыма, супакоіўся праз цішыню, што пануе ў залах музея. Я не пабачыў ніводнага чалавека, які б рабіў сэлфі. А я вось гэтыя самыя сэлфі зрабіў, хоць і адчуваў сябе вельмі няўтульна пры гэтым. Сэлфі на фоне карціны — гэта адна суцэльная недарэчнасць: у залах музея супакойваецца ўнутраны маналог, чалавечая прага быць заўжды ў цэнтры ўвагі знікае, і калі праўда тое, што нашае стагоддзе адметнае тым, што кожны з нас эгаіст, апантаны толькі сабой і думае толькі пра сябе, дык галерэі і музеі яшчэ больш каштоўныя і патрэбныя цяпер як ніколі раней.
Я па-ранейшаму не магу сказаць, што мне падабаецца ідэя дазволіць фатаграфаванне ў музеях, але я ўжо не крыўдую, што Нацыянальная карцінная галерэя змяніла свае правілы на гэты конт. Мы, як адзначыў акадэмік з Гарварда і інтэрнэт-філосаф Лоўрэнс Лесіг, перайшлі ад культуры “толькі для чытання” (“read-only” culture) да культуры “чытання і напісання” (“read/write” culture). Вінаваціць фатаграфію ў тым, што адбыліся ўсе гэтыя змены, ці наракаць на тое, што прысутнасць смартфонаў і планшэтаў у музеі і ёсць крыніцаю нашае няўвагі і празмернай засяроджанасці на саміх сабе, — значыць блытаць прычыну і вынік.
Ёсць шмат лепшых спосабаў, якімі музеі могуць паспрабаваць заахвоціць людзей знаёміцца з мастацтвам, чым забарона непазбежных новых тэхналогій і гаджэтаў. Сьюзан Фойстэр згадвае мерапрыемства, што праводзілася ў Нацыянальнай карціннай галерэі, — “Глядзім, але не размаўляем” (Looking Without Talking): наведнікам прапанавалі пасядзець спакойна перад шэдэўрам жывапісу пяць хвілін і пабачыць, што будзе адбывацца. У галерэі Тэйт у Ліверпулі простым грамадзянам, якія любяць мастацтва, далі магчымасць перапісаць суправаджальныя тэксты, якія вісяць каля карцін і скульптур, каб пазбавіцца “мёртвай” акадэмічнай мовы, на якой такія тэксты звычайна напісаныя, і такім чынам прыцягнуць увагу да твораў мастацтва, зрабіць іх яркімі і “жывымі” ізноў. Прыкладаў такіх ідэй шмат, кожны музей ці галерэя імкнецца знайсці нешта новае і прывабнае, бо інакш не выжыць у наш век новых тэхналогій і камунікацый. Вядома, будуць з’яўляцца новыя цікавыя ідэі і падыходы ў працы музейных установаў.
Тым часам, калі вам не падабаюцца ўсялякія гаджэты ў музеях, выйсце надзвычай простае: не бярыце з сабой гэтыя прылады. Чалавек з айфонам раздражняе не больш за журналіста з нататнікам, галоўнае, каб ён паводзіў сябе прыстойна і не выходзіў за рамкі дазволенага.
Як сказала Лі Шу, накіроўваючыся ў залу з імпрэсіяністамі, “атрымаць асалоду ад мастацтва можа кожны!” Я пацікавіўся ў яе, хто яе самы любімы мастак. “Ван Гог, — адказала яна. — “Сланечнікі”. Я магу глядзець на іх гадзінамі”.