Месяц нямецкай літаратуры ў Мінску вырашана было пачаць з творчага вечара Алеся Разанава. Яго новая кніга складаецца з нямецкамоўных вершаў і мае назву “Der Mond denkt, die Sonne sinnt”. Па-беларуску гэтыя вершы, якія завуцца “вордыхты”, пэўна не загучаць. Прынамсі, аўтар лічыць, што назад роўнакаштоўна іх перакласці немагчыма.
Павал Касцюкевіч
Дарадца пасла Нямеччыны ў Беларусі Пітэр Дэтмар на адкрыцці імпрэзы заявіў, што патрэбы прапагандаваць нямецкую літаратуру ў Беларусі няма, бо яна тут і так добра вядомая, і падзякаваў тым беларускім творцам, якія дзесяцігоддзямі працуюць над тым, каб сучасная нямецкая літаратура была ў нашай краіне яшчэ больш пазнавальнай. Амбасада пераймае эстафету пасля месяца нямецкай літаратуры ў кнігарні “Логвінаў” і праводзіць тыдзень нямецкай культуры. “Спадзяюся, першыя імпрэзы толькі абудзяць апетыт”, – зазначыў дыпламат і перадаў слова вядучаму вечарыны – філосафу і паэту Ігару Бабкову. Той прызнаўся, што не ведае, якім чынам можна прэзентаваць нямецкамоўную кнігу беларускага аўтара. “Можна ўпасці ў радужную медытацыю, папрасіўшы Алеся пачытаць па-нямецку”, – іранічна прапанаваў Ігар. Нехта зазначыў з месца: “Трэба перакласці яго кнігу на беларускую і зладзіць асобную прэзентацыю”.
Урэшце вырашылі прысвяціць вечарыну ўсёй творчасці паэта, якога Бабкоў назваў “апошнім метафізічным паэтам Еўропы”.
Ігар Бабкоў
Анатоль Вярцінскі
Сам Паэт сціпла стаяў у старонцы і браў слова рэдка, даючы выказацца прысутным. Больш за ўсіх гаварыў Пётра Садоўскі, які на пачатку 90-х быў амбасадарам Беларусі ў Нямеччыне. “Не трэба Разанава пакрываць бронзай, у яго зборніку ёсць тройка геніяльных вершаў, а ёсць звычайныя, прахадныя, якія правісаюць”, – на хуткую руку адрэцэнзаваў ён новую кнігу творцы насуперак іншым меркаванням, якія гучалі. Літаратары з пакалення “Тутэйшых” згадвалі, што да зборнікаў “Каардынаты быцця” і “Шлях-360” ставіліся не інакш да святых кніг і з прапановы Анатоля Сыса меркавалі браць у таварыства толькі тых, хто прачытаў Разанава. “У пасляваенны час беларусам можна было толькі танчыць і спяваць народныя песні, высокія формы культуры не дазваляліся. І тут здарыўся Разанаў. Мы чыталі яго, як жывога класіка”, – прызнаваўся Сяргей Шупа, адзін з стваральнікаў культу Паэта на пачатку 80-х. Маладзейшыя паэты і студэнты шчыра прызнаваліся падчас размовы, што пры адкрыцці паэзіі Разанава былі шчыра здзіўлены, што творца жывы-здаровы ды працягвае пісаць. Перакладчык з санскрыту, які паступова перакладае на беларускую “Бхагават-гіту” Міхась Баярынаў зазначыў, што для яго беларуская паэзія развіваецца ў тры шляхі, прадстаўленыя трыма асобамі – Купалам, Багдановічам і Разанавым.
Пітэр Дэтмар, дарадчык-пасланнік ФРГ
Алеся Сцяпанавіча пахвальба кранала мала, ён часам удакладняў пэўныя рэчы ў прысутных, двойчы прапеў-прашаптаў свае вершы па-нямецку ды папрасіў усіх звяртаецца да Тэкстаў, дзе прысутнічае “самаісная постаць”. Нібы частка яго засталася ў напісаных радках, так што і размова яго самога як бы і не датычыць да канца.
Пётра Садоўскі
Анатоль Сідарэвіч
А потым Разанаў трошкі распавёў, як напісалася яго кніга, якую з нямецкай можна перакласці “Месяц думае, сонца мысліць”. “Я нічога не перакладаў. Словы гаварылі са мной. І я вёў размову з імі, як з жывымі з’явамі, істотамі і яны расказвалі тое, што ў побытавым жыцці не раскажуць. Кранаеш галіну – адгукаецца дрэва. Кранаеш дрэва – адгукаецца лес”. Па-беларуску гэтыя вершы, якія завуцца “вордыхты”, пэўна не загучаць. Прынамсі, аўтар лічыць, што назад роўнакаштоўна іх перакласці немагчыма. І для прыкладу прачытаў блізкія па сэнсе, але адрозныя з гучання беларускі вершаказ і нямецкі вордыхт.
Ян Максімюк
Сяргей Шупа
Так што новую кнігу Разанава ў змозе будуць ацаніць толькі тыя, хто выдатна валодае нямецкай. Астатнія жа проста могуць задаволіцца думкай, што беларуская літаратура стаіць на адным узроўні з літаратурамі іншых еўрапейскіх краінаў і далучыцца да ініцыятывы, якую жартам выявіў паэт Анатоль Вярцінскі – прызнаць з нагоды выхаду кнігі Разанава нямецкую адной з дзяржаўных моваў у Беларусі.
Мікалай Дубавіцкі, Аляксандар Ждановіч