Гурт :B:N: даў рэдкі сольны канцэрт у беларускай сталіцы без падтрымкі сваіх паплечнікаў з IQ48, якіх у апошні момант папрасілі не выходзіць на сцэну.
Тое, што ў IQ48 праблемы з выступам 19 красавіка, стала вядома за суткі да канцэрту, калі ўдзельнікі гурта пачалі прасіць прабачэння за адмену выступу “не з іх віны” ў сацыяльных сетках. Арганізатары канцэрту да апошняга моманту маўчалі і не знаходзілі адэкватнага тлумачэння, а самі музыкі на тэлефанаванні адказвалі сцісла: “Без тлумачэнняў, усе пытанні да тых, хто ладзіць канцэрт”. За пару гадзін да пачатку афіцыйная прычына ўсё ж прыдумалася, праўда, ад гэтага сітуацыя не праяснілася. Лютыч пабіўся з Ракаўцом? IQ48 папоўнілі спіс забароненых? – гадала інтэрнэт-грамадскасць. На ўваходзе ў клуб RE:Public тлумачэнняў таксама не давалі, а проста прапаноўвалі здаць квіткі, калі людзі іх набывалі выключна дзеля выступу IQ48. Тых, хто здаў квіткі ў самым пачатку канцэрту, аказалася восем, а пра сам адменены гурт на сцэне казалі не раўнуючы пра нябожчыка. “Мы ведаем, што вы хацелі пабачыць IQ48, але іх не будзе, затое тут PANaNieba”, – прадстаўляліся першыя выступоўцы, якія ўмомант падцягнулі людзей да танцпляцу. “IQ48 няма, але яны з намі!” – заводзіў публіку гітарыст :B:N: перад пачаткам сэту. Самі ўдзельнікі IQ48 на канцэрт вырашылі не ісці нават у якасці гледачоў, а ўсіх журналістаў, якія цікавіліся тым, што здарылася, прасілі нічога не пісаць – каб не зашкодзіць бліжнім сваім. Дзіўная самаахвярнасць, якая можа здарыцца толькі ў гэты час і ў гэтым месцы.
Не кранутыя рукой ідэолага :B:N: вырашылі сыграць самастойна. Тут не да салідарнасці з адмененымі, калі два канцэрты на год, – прыблізна так патлумачыў сваё рашэнне лідар каманды Алесь Лютыч. Для іх гэты канцэрт сапраўды быў вельмі важным. Бярозаўскія музыкі рэдка заязджаюць у Мінск. Яны вырашылі выступаць, нават не зважаючы на тое, што іх бубнач трапіў у бальніцу, дзе яму зрабілі аперацыю. На часовую замену запрасілі Змітра Харытановіча, бубнача з гуртоў Hastа la Fillsta, Pomidor/off і Drum Ecstasy. Яны рэпетавалі досыць доўга, і мала хто заўважыў замену байца. Прадставіў новага ўдзельніка каманды Алесь толькі падчас шыкоўнай версіі песні “Не трывай”, сыгранай пад акустычную гітару і перкусію. У цэлым :B:N: пабудавалі сваю праграму на хітах, якія ведаюць на памяць заўсёднікі фэсту “Басовішча”. Трошкі разнастаілі яе песнямі з сінглу “Зрабі сябе сам” і з будучага альбома. Гурт наогул меўся прэзентаваць у гэты вечар свой новы дыск, але не паспеў яго падрыхтаваць, таму выклаў напярэдадні канцэрту толькі дзве новыя песні. Як выявілася, іх прыхільнікі развучылі тэксты імгненна і падпявалі з не меншай ахвотай, чым ранейшыя, добра вядомыя.
Пасля выканання аднаго з фірмовых канцэртных нумароў, “Дажджамі”, з дзяўчынай па мянушцы “радыстка Кэт” Алесь Лютыч нечакана заспяваў першы куплет з песні “Гузік” гурта Neuro Dubel. Выявілася, што гэта не імправізацыя, а падрыхтаваны нумар. Музыкі зайгралі ў фірмовай “бээнаўскай” манеры гэты кавер пад агульнае захапленне залы. Гэта была не адзіная кампазіцыя з творчасці тых, хто аніяк не можа выступіць у наш суворы час у сваім горадзе. Пад канец Алесь Лютыч заспяваў яшчэ “Як пайду я ў новую канюшню”. Адрэпетаваная праграма з новым бубначом на гэтым скончылася, але музыкаў няўмольна клікалі назад. “А вам усё мала?” – запытаўся на другім бісе франтмэн :B:N: і паўтарыў парачку хітоў.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч