Мне падабаецца назва для гэтага артыкула, хоць гэта і не зусім пісьменна. Як небеларус па паходжанні магу і хачу сабе дазваляць такія “лунныя лапы”. Судовы канцылярыт мае вялікі патэнцыял выразнасці. Я ўяўляю сабе вялізны свіран, дзе хаваюцца тоны і тоны злачынства. А калі ўяўляю, як судовыя органы яго не знайшлі, то ўсміхаюся. Усмешка ў гэтай справе вельмі і вельмі патрэбная.
У Новасібірскім судзе не знайшлі складу злачынства ў дзеяннях рэжысёра Цімафея Кулябіна і дырэктара Барыса Мездрыча падчас працы над пастаноўкай оперы Вагнера “Тангейзер” у Новасібірскім тэатры оперы і балета.
На оперную пастаноўку паскардзіўся кіраўнік Новасібірскай метраполіі Ціхан. Наколькі вядома, мітрапаліт пастаноўкі нават не бачыў, а “пакрыўдзіўся” толькі па звестках пра яе з крыніц інфармацыі. У оперы на сцэне фігуруе Ісус Хрыстос, пра якога галоўны герой здымае фільм блюзнерскага характару. Для Вагнера і нават для рэжысёра Кулябіна гэты самы Тангейзер наўрад ці станоўчы персанаж, але зразумець гэта рэлігійныя дзеячы з Новасібірска аказаліся не ў стане. Мітрапаліту Ціхану прымроіўся тут цэлы “склад злачынства”.
Працэс выклікаў вялікі рэзананс у Расіі: з’явіліся вялікія мітынгі, якія асуджалі оперу (хоць і не бачылі), выказаліся палітыкі і царкоўныя дзеячы, знакамітыя рэжысёры і акцёры масава падпісвалі лісты ў падтрымку рэжысёра і дырэктара. Прысуд, канечне, выклікае ва ўсіх палёгку, але трэба ўсведамляць, што сам факт судовай справы з прычыны таго, што камусьці ягоныя рэлігійныя пачуцці падаліся абражанымі, ужо вялікая небяспека для свабоды творчасці.
Расійскія тэатральныя калегі віншуюць адно аднаго з перамогай, але іх інтанацыі стрыманыя. “Магчыма, часова перамагло мастацтва”, — піша крытык Павел Руднеў. Адчуванне агульнай небяспекі яднае нават ідэйных праціўнікаў. У падтрымку Кулябіна выказаліся і радыкальныя эксперыментатары кшталту Кірыла Сярэбраннікава, і тэатральныя дзеячы, вядомыя сваёй падтрымкай улады, накшталт Алега Табакова і Чулпан Хаматавай. На сайце change.org было сабрана крыху менш за 50 тысяч подпісаў. Але ўжо ясна, што гэта не апошні данос на твор мастацтва з прычыны яго недастатковай маральнасці.
Кансалідацыя — гэта заўсёды добра. У нас ёсць падобная навіна: нядаўна прадстаўнікі кнігарні “логвінаЎ” абвясцілі, што здолелі сабраць грошы на штраф. Хочацца ганарыцца, радавацца і не думаць, колькі нам чакаць новага штрафу…
Але ёсць і іншы прыклад. Гэта не мая гісторыя, таму не буду прыводзіць імёны і назвы. Нядаўна высокапастаўленыя чыноўнікі прымалі спектакль аднаго тэатра, і параілі выкрасліць некалькі рэплік, дзе героі непаважліва выказваліся пра царкву. Сам факт спецыяльнага прагляду для чыноўнікаў — гэта ўжо акт цэнзуры. А тое, як гэтыя парады былі выказаныя (у кабінеце дырэктара тэатра, без прысутнасці аўтара спектакля), паказвае, што беларускія ахоўнікі высокай маралі пайшлі значна далей за сваіх расійскіх калег. У Новасібірску адбыўся скандал, мы ведаем імёны і факты. Расійскія “тарцюфы” працуюць груба і адкрыта, беларускія — “ціхай сапай”, як і належыць. Фактаў няма, толькі чуткі і меркаванні, мае домыслы. А фігуранты заўсёды могуць адмахнуцца ад сваіх слоў.
Як ні дзіва, гэта нашмат больш нагадвае сюжэт “Тангейзера” і ўвогуле тое, як ідэалагічная цэнзура працуе ў цывільным грамадстве. Мне ўспамінаецца сюжэт “Вачыма клоўна” Генрыха Бёля, дзе герой у сваім канфлікце з каталіцкай суполкай паступова страчвае каханую, сувязь з сям’ёй і нарэшце працу. І выглядае гэта так, быццам ён сам разбурыў сваё жыццё.
Нельга думаць, што рэлігійны фундаменталізм — гэта справа толькі новасібірскіх папоў. Заклік “Раздавіце гадзіну!” адносіцца не да веры і не да рэлігіі, а да тых, хто ў сваёй рэлігійнай жарсці не спыніцца перад тым, каб абмежаваць свабоду навокал. Рэлігійнасць вельмі цяжка адаптуецца да стану адсутнасці выключнасці, сакральнасці. Выпады супраць царквы выклікаюць аднолькавую рэакцыю і ў Італіі, і ў Германіі. Яшчэ свежыя на памяці стрэлы ў “Шарлі Эбдо”, але паводле звестак, больш за ўсіх тэрактаў ладзяць менавіта хрысціянскія фундаменталісты. І супраць дзеячаў мастацтва таксама.
Стаўленне да рэлігіі, вывучэнне пытанняў веры ў грамадскасці, можа так стацца, яшчэ будзе нас чакаць. Вельмі важна быць гатовымі да гэтых выклікаў.
Аляксей Стрэльнікаў