Для гурта “Нельга забыць” Багдановіч – пэрсанаж містычны, такі напаўпрывід з прымроенай краіны, якога яны нават параўноўваюць з героем Джоні Дэпа з фільму Джармуша “Dead Man”.
Фармацыя “Нельга забыць” працягвае апраўдваць сваю назву. Сьледам за музычным спэктаклем паводле Караткевіча яны зрабілі яшчэ адну канцэптуальную праграму – цяпер на вершы Багдановіча. І калі ў першым выпадку гэта выглядала на нясьмелыя студэнцкія экспэрымэнты са зьместам і формай, то тут маем добра прадуманую музычную дзею, адбудаваную ад пачатку да канца, якая сьведчыць пра шырыню творчага мысьленьня музыкаў.
“Mertvets” – першы ўцямны студыйны запіс гурта Міхаіла Бараноўскага, якому ўжо ня першы год раздаюць авансы ў асяродку аматараў аўтарскай песьні. Тут ён выходзіць за межы простых сьпеваў пад гітару з дапаможнымі інструмэнтамі, упраўляючы паэзію Багдановіча ў межы псыхадэлічнага року, пададзенага на свой лад з скрыпачкаю ды баянам. Можа, гэтай музыцы яшчэ не стае інтрыгі, але навідавоку сьмелы падыход да асэнсаваньня клясыкі.
Для аўтараў гэтага альбому Багдановіч – пэрсанаж містычны, такі напаўпрывід з прымроенай краіны, якога яны нават параўноўваюць з героем Джоні Дэпа з фільму Джармуша “Dead Man”. У час стварэньня праграмы справа дайшла ледзьве не да спірытычнага сэансу – прынамсі, Міхал Бараноўскі кажа, што музыка да яго прыйшла сама падчас знаходжаньня ў хатцы, дзе жыў Багдановіч (цяпер гэта філіял музэю паэта, дзе, уласна, і працуе лідэр “Нельга забыць”). Паказальна, што сярод песень альбому няма ані “Веранікі”, ані “Зоркі Вэнэры”, ані іншых твораў, зь якімі найперш асацыююць творчасьць паэта. Толькі “Пагоня”, выкананая тут двойчы і абодва разы па-хуліганску як для меркаванага гімну. Першы раз наўмысна неахайна пад баян, а другі – таксама нечакана – у блюзавай манэры. Кансэрватары могуць такога не дараваць.
Упрыгожаньне альбому – вакал Надзеі Процькі (вядомай таксама з гурта Pawa), якая якраз да месца разнастаіць густы і манатонны голас Бараноўскага, што найлепш адчувальна ў “Зязюлі”. Эмацыйны пік альбому – якраз сольны нумар Надзеі “Залілось сьлязьмі быццам зоркамі”.
Падобна, што найлепшыя акустычныя альбомы ў Беларусі робяцца на студыі Everest. Менавіта тут даводзіўся да ладу найлепшы беларускамоўны рэліз мінулага году “Адпусьці” ад гурта BosaeSonca, тут жа запісваўся “Mertvets”, які з поўным правам можа прэтэндаваць на такое званьне сёлета.
Ідэя: 9
Выкананьне: 8
Тэксты: 10
Запіс: 9
Аздабленьне: 8
Сяргей Будкін