Пабачыў сьвет праект парталу TuzinFM «(Не) расстраляная паэзія», героямі якога сталі 12 беларускіх пісьменнікаў, расстраляных у 1937-м годзе. На іх словы вядучыя музыкі краіны стварылі песьні, на facebook з’явіліся старонкі іхнай памяці, даследчыкі падрыхтавалі лекцыі пра іх жыцьцё і творчасьць, з друку выйшлі дызайнэрскія нататнікі з выявамі творцаў і цытатамі зь іх творамі.
Праект «(Не)расстраляная паэзія» – плён полугадавой працы больш чым 60 чалавек: музыкаў, дасьледчыкаў літаратуры, дызайнэраў, саўндпрадусараў, рэжысэраў ды актораў. У кранальным прома-роліку Арцёма Лобача ў ролі «паэтаў маладой краіны» зьняліся Павал Харланчук, Алена Гіранок і Андрэй Саўчанка. Таксама зьявілася 12 відэазваротаў удзельнікаў праекту з заклікам зьвярнуць увагу на паэтаў 1930-х гадоў
Музыку да вершаў расстраляных у 1937-м літаратараў пагадзіліся напісаць вядучыя беларускія выканаўцы. Кожны зь іх па-свойму адгукнуўся на тую радасьць і боль, спадзевы і безвыходнасьць, якімі прасякнутыя творы паэтаў. Якраз гэтую супярэчлівасьць пачуцьцяў перадае ў сваёй п’есе на словы Юркі Лявоннага «Настроі» гурт Vuraj. Рэпэр Vinsent напісаў ліст паэту Зяму Півавараву ў адказ на ягонае захапленьне будаўніцтвам мэтро ў Маскве: «Ты ім пракапаў мэтро, яны табе – магілу». Сьвятлана Бень вырашыла перадаць настрой верша Ізі Харыка праз містычную кампазыцыю, у якой гучыць жывы голас сярод бязмоўнай сусьветнай пустэчы. Лявона Вольскага крануў лірычны верш Юлія Таўбіна, у якім 18-гадовы паэт сумуе па сваёй маладосьці, а гурт Naka выканаў песьню на верш Валерыя Маракова, у якім гучыць трагічная прадвызначанасьць: «Хтось будзе на нашых магілах вясной сьпяваць з захапленьнем пра шчасьце і волю!». Нечаканы трэк запісаў Зьміцер Вайцюшкевіч. Каб перадаць сваё адчуваньне верша Ўладзіслава Галубка «Будучыня» ён сплёў разам электронную і клясычную музыку. Гульлівы блюз на словы Майсея Кульбака стварыў Павал Аракелян. Песьняю зрабілі апавяданьне Міхася Зарэцкага музыкі з гурту Re1ikt. Нібы адмыслова для гурту Dzieciuki Міхась Чаротнапісаў верш «Бунтар», тая ж гісторыя з вершам Анатоля Вольнага «Я цябе пакахаў», які выдатна падышоў пад ідэйную ды эстэтычную канцэпцыю гурту Akute. Вельмі кранальнай атрымалася песьня ў Кацярыны Ваданосавай на верш Алеся Дудара «Асыпае чэрвень белы сад». Песьні былі запісаныя (акром Сьветы Бень і Akute) і зьведзеныя саўндпрадусарам праекту Паўлам Сінілам на студыі Everest.
ПАДЗЯКАВАЦЬ ЗА ПРАЕКТ
CПАМПАВАЦЬ АЛЬБОМ АДНЫМ ФАЙЛАМ З TUZINFM (.ZIP)
Усе песьні з праекту «(Не) расстраляная паэзія» удзельнічаюць у адмысловым туры гіт-параду на TuzinFM. У камэрным гучаньні яны прадстаўляюцца на лекцыях праекту, якія праходзяць з пачатку верасьня штотыдня ў кнігарні «Логвінаў». Дасьледчыкі беларускай літаратуры апавядаюць пра жыцьцё і творчасьць кожнага з 12 паэтаў-герояў «(Не)расстралянай паэзіі». Лекцыі транслююцца онлайн у Facebook праз старонкі паэтаў, якія таксама былі створаныя ў межах гэтага праекту. Старонкі напаўняюцца фота, вершамі, успамінамі пра гэтых асобаў. Адрасы ўсіх старонак можна знайсьці ў гайдзе па праекце, які падрыхтаваў сайт 34mag.net
ПЛЭЙ-ЛІСТ УСІХ ЛЕКЦЫЙ ПРАЕКТУ
Лекцыі будуць працягвацца да 16 лістапада. 27 кастрычніка Віктар Жыбуль распавядзе пра Зяму Піваварава, а Vinsentвыканае песьню з праекту. 31 кастрычніка Антон Рудак падзеліцца самымі цікавымі фактамі зь біяграфіі Валерыя Маракова (пры ўдзеле Naka). 3 лістапада пра Ўладзіслава Галубка раскажа Васіль Дранько-Майсюк (чакаецца прэм’ера песьні ад Зьмітра Вайцюшкевіча). Лекцыя Ганны Севярынец 10 лістапада будзе прысьвечаная Алесю Дудару (пры ўдзеле Кацярыны Ваданосавай), а завершыць цыкль Андрэй Хадановіч расповедам пра Тодара Кляшторнага (граць будзе TonqiXod). На кожнай зь лекцый можна набыць дызайнэрскія нататнікі аўтарства Кацярыны Пікірэні з выяваю кожнага з паэтаў і цытатаю зь ягонага твору.
Канцэртная прэзэнтацыя праекту пройдзе 29 кастрычніка ў менскім клюбе «Брюгге». Квіткі на яе скончыліся за чатыры дні да пачатку імпрэзы.
Кропка ў праекце «(Не)расстраляная паэзія» на прэзэнтацыі альбому, лекцыях і канцэрце ня будзе пастаўлена. Прадусар праекту Сяргей Будкін кажа, што магчымы працяг. Што ды як будзе рабіцца далей залежыць у тым ліку і ад падтрымкі слухачоў, якую можна выказаць да 17 лістапада праз Talaka.by.