Парэформавая Грузія выглядае ў свеце надзвычай прывабна, але на які лёс выракае сябе той, хто адважыцца праводзіць у краіне радыкальныя рэформы?
Грузія – краіна, здольная выклікаць шок: эстэтычны – прыгажосцю нязвыклых пейзажаў; культурны – ад сустрэчы з унікальным сімбіёзам Еўропы і Азіі; гуманітарны – ад знаёмства з грамадскім меркаваннем наконт праведзеных рэформ, якія кагадзе адкрылі Грузію сусветнай супольнасці і кардынальна памянялі жыццё ўнутры краіны.
Магчымасць пазнаёміцца з Грузіяй з’явілася ў беларускай дэлегацыі падчас азнаямляльнага візіту ў межах кампаніі “Разам да справы”.
Калі мы хочам даведацца пра досвед рэформаў у Грузіі, распытаўшы пра іх сённяшніх супрацоўнікаў міністэрстваў і сябраў выбарных органаў, то перадусім трэба ўзяць пад увагу асаблівасці палітычнай сітуацыі ў краіне – складанай сітуацыі, якую можна агульна акрэсліць як “рэакцыю пасля рэформаў”.
Галоўная складанасць у камунікацыі з прадстаўнікамі ўлады Грузіі палягае ў тым, што ў канцы 2013 года на змену Саакашвілі прыйшла апазіцыя (шляхам сумленных выбараў, а не рэвалюцыі), і рэформы, якія адбываліся з 2004 года, – не заслуга сучасных кіраўнікоў. Больш за тое: партыя Георгія Маргвелашвілі, цяперашняга прэзідэнта Грузіі, прыйшла да ўлады на хвалі незадаволенасці грузінскага грамадства палітыкай Саакашвілі. Маргвелашвілі перамог у першым туры з пераканаўчай перавагай у 62 адсоткі.
З гэтага і вынікае шок: калі ты, замежнік, пабачыў на ўласныя вочы, а напярэдадні візіту ў Грузію шмат чуў пра новыя дарогі, аэрапорты, аблічча гарадоў, новыя будынкі, новую паліцыю з празрыстымі пастарункамі, прарыў у турызме – то чакаеш ад супрацоўніка міністэрства ці сябра мэрыі ўхвальнага аповеду пра новае аблічча краіны. Але замест гэтага пачынаеш калекцыянаваць кпіны ў адрас Саакашвілі.
Стаўленне да Саакашвілі ў Тбілісі вар’іруецца ад незадаволенасці да непрыкрытай нянавісці і абразаў.
Цікавае і важнае назіранне: асобу Саакашвілі цалкам атаясамліваюць з уладай (“ён зрабіў”, “ён забараніў”, “ён правёў”); кардынальна іншае стаўленне пануе да цяперашняга прэзідэнта Маргвелашвілі: бадай, упершыню за найноўшую гісторыю Грузіі ўлада мае неперсаніфікаваны характар. У гэтым таксама ёсць заслуга Саакашвілі: укараніць у краіне механізмы, якія дазваляюць праводзіць дэмакратычныя выбары. Апазіцыя, якая прыйшла да ўлады не шляхам перавароту і цаной чалавечых жыццяў, страчаных падчас пратэстаў, – ці гэта не азнака цывілізаванай дзяржавы?
Папрокі Саакашвілі, пачутыя ад жыхароў Тбілісі і гарадскога чынавенства, можна пералічваць доўга. Вось толькі некалькі, сартаваныя ў парадку памяншэння ступені афіцыйнасці сустрэчы:
- закрыў 50 дзіцячых садкоў;
- ліквідаваў тралейбусны і трамвайны транспарт;
- пасадзіў у турмы вялікую колькасць невінаватых;
- зруйнаваў рэстарацыю, каб пабудаваць Палац юстыцыі;
- дазволіў гей-парад (у некаторых версіях гэта гучала як “правёў гей-парад”);
- ён проста вар’ят, варты нянавісці і непавагі.
Як можна было заслужыць такое стаўленне, калі навідавоку неаспрэчныя дасягненні Саакашвілі? Калі ў канцы 2003 года адбылася Рэвалюцыя ружаў, Грузія была татальна карумпаванай краінай з вельмі нізкім узроўнем жыцця, а сёння літаральна кожны, у тым ліку кожны чыноўнік, з гонарам прызнае перамогу над карупцыяй як неадменны факт. Сфера турызму спазнала выбуховы рост (напрыклад, калісьці адасоблены высакагорны рэгіён Сванэція сёння мае ўласны аэрапорт, новыя дарогі і турыстычны брэнд), а грузінская паліцыя, цалкам замененая падчас рэфармавання МУС, сёння ёсць увасабленнем прагрэсіўных поглядаў і сучасных еўрапейскіх (sic!) стандартаў.
Такі кантраст паміж новай Грузіяй і стаўленнем да стваральніка новай Грузіі патрабуе тлумачэнняў, удакладненняў і дадатковых пытанняў. Калі працягваць гутарку, а таксама распытваць не заангажаваных у грузінскую палітыку (напрыклад, замежнікаў, якія жывуць у Грузіі), сітуацыя паварочваецца іншым бокам.
Напрыклад, адмова ад тралейбусаў і трамваяў тлумачыцца не простым жаданнем “вар’ята Саакашвілі” (“Захацелася яму, вось ён узяў і знічшыў” – найбольш распаўсюджаная цытата). У Тбілісі добрая сетка маршрутак, нядорага каштуе праезд на таксоўцы і ці не кожная сям’я мае ўласны аўтамабіль. У такіх умовах тралейбусны і трамвайны транспарт заміналі руху, мелі састарэлыя паркі, а мадэрнізацыя была б эканамічна немэтазгоднай.
Высокі градус нянавісці да Саакашвілі менавіта ў Тбілісі таксама можа быць абумоўлены пабочным вынікам барацьбы з карупцыяй (нагадаем, паспяховай барацьбы): турэмнае зняволенне ў якасці пакарання атрымала вялікая колькасць хабарнікаў, а канцэнтрацыя карумпаванага чынавенства і зрошчанага з дзяржавай крымінальнага бізнесу менавіта ў сталіцы цалкам натуральная.
Не патрабуе дадатковых каментароў факт зносу рэстарацыі дзеля пабудовы Палаца юстыцыі, каштоўнасць якога як установы немагчыма аспрэчыць: паслугамі Палаца юстыцыі карыстаюцца з задавальненнем усе: і прыхільнікі, і ідэалагічныя ворагі папярэдняга прэзідэнта.
Дзеля справядлівасці неабходна адзначыць, што прыхільнікаў Саакашвілі таксама існуе нямала, але яны сканцэнтраваныя, безумоўна, не ва ўладных установах.
Палац юстыцыі
Аднак адной з найбольш яскравых праяваў агрэсіі да Саакашвілі ёсць стаўленне да новых будынкаў, якія, уласна, і надалі гарадам Грузіі сучасны выгляд. Шкляны мост Міру ў Тбілісі гараджане непаважна мянуюць “пракладкай”, Палац юстыцыі, варты асобнага аповеду, заслужыў найменне “Грыбы”; а будынак мэрыі ў Мцхеце жыхары горада абвінавачваюць у тым, што праз ягонае з’яўленне Мцхету разам з усімі старажытнымі цэрквамі выключаць са спісаў ЮНЕСКА. Над будынкам мэрыі Мцхеты вісіць пагроза зруйнавання яшчэ і таму, што супрацоўнікі мэрыі “не могуць бачыць цудоўныя краявіды праз пачварныя металічныя жалюзі”, як патлумачыў мэр Мцхеты падчас сустрэчы з беларускай дэлегацыяй.
Мэрыя Мцхеты
Але архітэктурныя вартасці згаданых будынкаў неаспрэчныя. І гэты дысананс пралівае святло на канфлікт, які цяпер актуалізаваны калі не ва ўсёй Грузіі, то ў Тбілісі і ваколіцах дакладна. Канфлікт дзвюх розных эстэтык – сучаснай і архаічнай – ахоплівае два розныя цывілізацыйныя падыходы. Спрошчана кажучы, сёння новая Грузія канфліктуе са старой, пакуль яшчэ існай. Той самай старой Грузіяй, якую сваімі кардынальнымі рэформамі разварушыў і перайначыў Саакашвілі.
Чаму нас вучыць Грузія пасля кароткай эпохі імклівых зменаў? Ніякія рэформы не могуць адбыцца без пералому існага ладу жыцця, які складаўся ці не стагоддзямі. У гэтым і палягае сутнасць вядомай аксіёмы аб тым, што рэвалюцыі нішчаць уласных дзяцей: імаверна, чым больш паспяхова адбываюцца рэформы (то бок змены да лепшага), тым большы супраціў і незадаволенасць яны выклікаюць. Пра гэта варта ведаць загадзя кожнаму, хто надзею на імклівыя змены да абстрактнага “лепшага” ўскладае выключна на “рэвалюцыю”, пасля якой жыццё краіны магічным чынам перайначыцца.
Югася Каляда
Чытайце таксама артыкул Лявона Асіповіча “Грузінскі досвед: радыкальныя рэформы МУС”.