На выходных скончылася галоўнае штогадовае духоўнае падарожжа беларускіх каталікоў усходняга абраду.
“Будзьце мужнымі! Адвагі!” – гэты заклік святы Папа Ян Павел ІІ звярнуў да грэка-каталікоў Беларусі яшчэ ў 2005 годзе. Сёлета яны сталі дэвізам юбілейнай 20-й пілігрымкі.
Шлях падарожжа традыцыйна пачынаецца ў Віцебску. Тут у 1623 годзе пакутніцкай смерцю памёр уніяцкі арцыбіскуп Язафат Кунцэвіч. 12 ліпеня паломнікі адслужылі паніхіду за памерлых біскупаў, святароў ды вернікаў грэка-каталіцкай царквы ў вёсцы Струнне каля мемарыяльнага крыжа. Знак паставілі ў пачатку 90-х у памяць пра тое, што на гэтым месцы знаходзілася рэзідэнцыя ўніяцкіх мітрапалітаў. Пілігрымка завяршаецца ў Полацку, каля храма Св. Сафіі (цяпер тут канцэртная зала). У сценах гэтага сабора 11 ліпеня 1705 года расийскі цар Пётр І разам са світай забіў 5 манахаў-базыльянаў.
Канечны пункт пілігрымаў – грэка-каталіцкая царква Св. Параскевы Полацкай. У нядзелю тут урачыста адслужылі імшу падзякі.
“Пілігрымка – не турпаход, а візіт у Полацк – не экскурсія”, – звярнуў увагу ў сваім заключным казанні апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. 4-дзённая вандроўка была насычаная духоўнымі настаўленнямі, малітвамі і рэлігійнымі песнямі.
Аднак гэта не перашкодзіла моладзі штовечар ладзіць канцэрты і спеўкі. Часам нават, скінуўшы падраснікі, святары весялілі пілігрымаў забаўнымі песнямі пад гітару.
Хрысціны Марчук