12.04.2017 | Літаратура

“Па шчырасці, “анучнае” жыццё надакучыла” — як цяпер выглядае найбуйнейшы кніжны кірмаш Мінска

Кірмаш “Свет кніг” працаваў у Мінску 17 гадоў і быў, не перабольшваючы, галоўнай кніжнай кропкай горада. Аднак разам з прададзеным замежнікам будынкам комплексу “БелЭкспа” зніклі і знакамітыя павільёны кніжных гандляроў. Цяпер “Свет кніг” распаўся на дзве часткі — адна захавала старую назву і пераехала ў гандлёвы цэнтр “Арэна-City”, другая перайменавалася ў “Кніжны бункер” і працуе ў цэнтры “Купалаўскі”. Журналісты кампаніі “Будзьма беларусамі!” паразмаўлялі з гандлярамі пра тое, як тым жывецца на новых месцах.

http://budzma.by/wp-content/gallery/mirknih/12.jpg

“У нас усё выдатна, — кажа гандляр Людміла Максімаўна, якая працуе на адным з найбуйнейшых стэндаў “Свету кніг” на “Арэне”. — Яшчэ не прывыклі, новае месца, на “БелЭкспа” ўвесь час праводзіліся нейкія выставы, і людзі традыцыйна пасля прыходзілі да нас. Так, цяпер тут людзей меней, аднак мы і працуем толькі месяц”.

“Свет кніг” месціцца на трэцім паверсе “Арэны” і ўяўляе з сябе доўгі лабірынт кніжных паліцаў, знайсці знаёмыя кропкі няпроста, хіба калі ў вас добрая памяць на твары. Людзей у працоўны час таксама вобмаль, чаго не было на “старым месцы”, дзе наведнікаў хапала ў любы час.

http://budzma.by/wp-content/gallery/mirknih/9959.jpg

“Шмат хто проста не ведае, што мы цяпер тут, — працягвае спадарыня Людміла. — Ёсць нейкая рэклама, на тэлебачанні сюжэт быў, аднак у працоўныя дні людзей мала. У выходныя пачуваемся быццам нічога не змянілася — наведнікі ЦТ да нас заходзяць. А так тут досыць утульна, толькі вось у спёку цяжкавата, нешта тут з вентыляцыйнай сістэмай не тое, але мусяць у хуткім часе выправіць”.

“Месца падабаецца, — кажа спадар Андрэй, які гандлюе індыйскімі сувенірамі і рознага кшталту эзатэрычнымі рэчамі. — Але наведнікам не вельмі зручна дабірацца, далёка ехаць. Студэнты раней на “Свет кніг” актыўна хадзілі, а сюды даехаць…. Нам прапаноўвалі анкету, каму куды зручней перабрацца, сюды альбо на “Купалаўскі”, але я працую з арганізатарамі “Свету” надта даўно, паехаў сюды. Не хапае хіба нашага выходнага ў панядзелкі. Я ж працую сам на сябе, таму даводзіцца без выходных”.

Па словах гандляроў знікла частка пастаянных пакупнікоў, якія стабільна прыходзілі раз ці два на тыдзень.

http://budzma.by/wp-content/gallery/mirknih/9953.jpg

“Вось толькі што перад вамі падыходзіў пакупнік, якога я з часоў пераезду не бачыў, — кажа спадар Ігар, які гандлюе букіністычнымі выданнямі. — Як у нас тут справы? Як той казаў, “нестабільна, то добра, то вельмі добра”. На “Купалаўскі” я вырашыў не ехаць, з’ездзіў да іх, паглядзеў што там цяпер і як, і як там у Філатава было? “Да за энтого посла даже я бы не пошла”. Туды пераехалі ў асноўным гандляры дыскамі, часопісамі”.

Даведаўшыся, што сайт “Будзьма” займаецца культурніцкімі пытаннямі, спадар Ігар пачынае крытыкаваць беларускіх выдаўцоў.

“У школьнай праграме з’явілася кніга, мусіце ведаць, “Мы з Санькам у тыле ворага”. Яе пыталіся па некалькі разоў на дзень, але ж гэтую кнігу ніхто не перавыдае, а попыт на яе вялікі. Я знайшоў адзін стары асобнік, цяпер трымаю пры сабе. Вось перавыдалі “Ніколі не забудзем”, але мізэрным накладам — цяпер гэтую кнігу не знойдзеш так проста, знікла адразу ж”.

Тым не менш зварочваць дзейнасць гандляры “Свету кніг” не збіраюцца — агульнае меркаванне, што ў хуткім часе народ прывыкне да новага месца і падцягнецца.

“Насамрэч не ўсе прадаўцы пераехалі з “БелЭкспа”, некаторыя проста сышлі ці ўзялі паўзу, — кажа Артур Каждан, чыя крама Booklover пераехала ў “Кніжны бункер” у “Купалаўскім”. —Асабліва старыя, каму пад 80. Але не ведаю, можа, яны яшчэ вернуцца ў гандаль”.

http://budzma.by/wp-content/gallery/mirknih/9974.jpg

Гандлёвы цэнтр “Купалаўскі” заўжды асацыяваўся ў першую чаргу з адзеннем і іншай драбязой. З ягоных плюсаў — лепшае месцазнаходжанне складана прыдумаць, на перасячэнні дзвюх ліній метро. Аднак чытачы прыходзіць сюды пакуль таксама не прызвычаіліся.

“Вось, напрыклад, у нас інтэрнэт-крама, і, зразумела, замоўцу нашмат прасцей прыехаць забраць кнігі адсюль, а не цягнуцца на “Арэну”, — кажа спадар Артур. — Некаторыя з пастаянных пакупнікоў, якія прыходзілі на “БелЭкспа” “пагартаць” кнігі, нас знайшлі і цяпер прыходзяць сюды”.

http://budzma.by/wp-content/gallery/mirknih/9985.jpg

Насамрэч у “Купалаўскі” пераехала і значная колькасць кніжных гандляроў, а не толькі распаўсюднікі дыскаў.

“Па шчырасці, нам надакучыла “анучнае жыццё”, якое было на “БелЭкспа”, — кажа спадар Артур. — Памятаеце, як мы там кнігі накрывалі? Тут з’явілася пэўная цывілізаванасць, у нас невялікія павільёнчыкі. Мы не выключаем, што ў хуткім часе, як пачнецца будоўля ля Палаца прафсаюзаў, да нас далучацца мастакі. А там (чаго толькі не бывае), можа, і ператворыцца наш “Кніжны бункер” у арт-прастору”.

 

 

Мікалай Левертаў

Фота: Зарына Кандрацьева


2 Каментаў у ““Па шчырасці, “анучнае” жыццё надакучыла” — як цяпер выглядае найбуйнейшы кніжны кірмаш Мінска”

  1. Паляшук says:

    “Будзьма” ужо не рэкламуе беларускіх кнігагандляроў Алеся Дудара з ” Свету кніг” і Алеся Мазаніка з “Кніжнага бункера”. Затое фота з кнігай рускага фашыка Лімонава — калі ласка.

    • hi4kok says:

      Беларускамоўныя гандляры – адзіныя, хто адмовіўся размаўляць.

      лімонавы, прылепіны ды падобнае – сумная рэчаіснасць сённяшняй Беларусі.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика