Кірмаш “Свет кніг” працаваў у Мінску 17 гадоў і быў, не перабольшваючы, галоўнай кніжнай кропкай горада. Аднак разам з прададзеным замежнікам будынкам комплексу “БелЭкспа” зніклі і знакамітыя павільёны кніжных гандляроў. Цяпер “Свет кніг” распаўся на дзве часткі — адна захавала старую назву і пераехала ў гандлёвы цэнтр “Арэна-City”, другая перайменавалася ў “Кніжны бункер” і працуе ў цэнтры “Купалаўскі”. Журналісты кампаніі “Будзьма беларусамі!” паразмаўлялі з гандлярамі пра тое, як тым жывецца на новых месцах.
“У нас усё выдатна, — кажа гандляр Людміла Максімаўна, якая працуе на адным з найбуйнейшых стэндаў “Свету кніг” на “Арэне”. — Яшчэ не прывыклі, новае месца, на “БелЭкспа” ўвесь час праводзіліся нейкія выставы, і людзі традыцыйна пасля прыходзілі да нас. Так, цяпер тут людзей меней, аднак мы і працуем толькі месяц”.
“Свет кніг” месціцца на трэцім паверсе “Арэны” і ўяўляе з сябе доўгі лабірынт кніжных паліцаў, знайсці знаёмыя кропкі няпроста, хіба калі ў вас добрая памяць на твары. Людзей у працоўны час таксама вобмаль, чаго не было на “старым месцы”, дзе наведнікаў хапала ў любы час.
“Шмат хто проста не ведае, што мы цяпер тут, — працягвае спадарыня Людміла. — Ёсць нейкая рэклама, на тэлебачанні сюжэт быў, аднак у працоўныя дні людзей мала. У выходныя пачуваемся быццам нічога не змянілася — наведнікі ЦТ да нас заходзяць. А так тут досыць утульна, толькі вось у спёку цяжкавата, нешта тут з вентыляцыйнай сістэмай не тое, але мусяць у хуткім часе выправіць”.
“Месца падабаецца, — кажа спадар Андрэй, які гандлюе індыйскімі сувенірамі і рознага кшталту эзатэрычнымі рэчамі. — Але наведнікам не вельмі зручна дабірацца, далёка ехаць. Студэнты раней на “Свет кніг” актыўна хадзілі, а сюды даехаць…. Нам прапаноўвалі анкету, каму куды зручней перабрацца, сюды альбо на “Купалаўскі”, але я працую з арганізатарамі “Свету” надта даўно, паехаў сюды. Не хапае хіба нашага выходнага ў панядзелкі. Я ж працую сам на сябе, таму даводзіцца без выходных”.
Па словах гандляроў знікла частка пастаянных пакупнікоў, якія стабільна прыходзілі раз ці два на тыдзень.
“Вось толькі што перад вамі падыходзіў пакупнік, якога я з часоў пераезду не бачыў, — кажа спадар Ігар, які гандлюе букіністычнымі выданнямі. — Як у нас тут справы? Як той казаў, “нестабільна, то добра, то вельмі добра”. На “Купалаўскі” я вырашыў не ехаць, з’ездзіў да іх, паглядзеў што там цяпер і як, і як там у Філатава было? “Да за энтого посла даже я бы не пошла”. Туды пераехалі ў асноўным гандляры дыскамі, часопісамі”.
Даведаўшыся, што сайт “Будзьма” займаецца культурніцкімі пытаннямі, спадар Ігар пачынае крытыкаваць беларускіх выдаўцоў.
“У школьнай праграме з’явілася кніга, мусіце ведаць, “Мы з Санькам у тыле ворага”. Яе пыталіся па некалькі разоў на дзень, але ж гэтую кнігу ніхто не перавыдае, а попыт на яе вялікі. Я знайшоў адзін стары асобнік, цяпер трымаю пры сабе. Вось перавыдалі “Ніколі не забудзем”, але мізэрным накладам — цяпер гэтую кнігу не знойдзеш так проста, знікла адразу ж”.
Тым не менш зварочваць дзейнасць гандляры “Свету кніг” не збіраюцца — агульнае меркаванне, што ў хуткім часе народ прывыкне да новага месца і падцягнецца.
“Насамрэч не ўсе прадаўцы пераехалі з “БелЭкспа”, некаторыя проста сышлі ці ўзялі паўзу, — кажа Артур Каждан, чыя крама Booklover пераехала ў “Кніжны бункер” у “Купалаўскім”. —Асабліва старыя, каму пад 80. Але не ведаю, можа, яны яшчэ вернуцца ў гандаль”.
Гандлёвы цэнтр “Купалаўскі” заўжды асацыяваўся ў першую чаргу з адзеннем і іншай драбязой. З ягоных плюсаў — лепшае месцазнаходжанне складана прыдумаць, на перасячэнні дзвюх ліній метро. Аднак чытачы прыходзіць сюды пакуль таксама не прызвычаіліся.
“Вось, напрыклад, у нас інтэрнэт-крама, і, зразумела, замоўцу нашмат прасцей прыехаць забраць кнігі адсюль, а не цягнуцца на “Арэну”, — кажа спадар Артур. — Некаторыя з пастаянных пакупнікоў, якія прыходзілі на “БелЭкспа” “пагартаць” кнігі, нас знайшлі і цяпер прыходзяць сюды”.
Насамрэч у “Купалаўскі” пераехала і значная колькасць кніжных гандляроў, а не толькі распаўсюднікі дыскаў.
“Па шчырасці, нам надакучыла “анучнае жыццё”, якое было на “БелЭкспа”, — кажа спадар Артур. — Памятаеце, як мы там кнігі накрывалі? Тут з’явілася пэўная цывілізаванасць, у нас невялікія павільёнчыкі. Мы не выключаем, што ў хуткім часе, як пачнецца будоўля ля Палаца прафсаюзаў, да нас далучацца мастакі. А там (чаго толькі не бывае), можа, і ператворыцца наш “Кніжны бункер” у арт-прастору”.
Мікалай Левертаў
Фота: Зарына Кандрацьева