Першай беларускай школай на Лідчыне стала школа ў вёсцы Збляны. У 1914 годзе ў Зблянах згарэў будынак старой навучальнай установы і яшчэ да пачатку Першай сусветнай вайны сяляне атрымалі страхоўку ды купілі будаўнічыя матэрыялы. Пры канцы 1915 года новы будынак быў узведзены, а вяскоўцы, скарыстаўшыся сваім правам, адкрылі беларускую школу, якая існавала тут да сярэдзіны 1920-х гадоў.
У 1923 годзе дзейнасць найстарэйшай на Лідчыне беларускай школы ў Зблянах была прыпынена. «Усе нашыя людзі былі рады, што дзеці неяк шыбка навучаліся і чытаць, і арытмэтыкі. Але хутка здарылася няшчасьце: нашага вучыцеля інспэктар Лідскага павету, пан Вайтовіч прымусіў паехаць на польскія курсы ў Кракаў, а другога вучыцеля-беларуса на яго месца не прызначыў, і замёрла наша беларуская школа» — 13 чэрвеня 1923 года пісалі сяляне ў беларускую газету «Наш Сьцяг» (арфаграфія і пунктуацыя тут і далей захоўваюцца).
Вясной 1925 года жыхары вёскі Збляны падпісалі да павятовага школьнага інспектара дэкларацыю за беларускую школу, а потым нягледзячы на ціск, дружна патрабавалі свайго. Тады ўлады вырашылі перанесці будынак зблянскай школы ў Беліцу. Сяляне, высілкамі якіх гэта школа будавалася, пісалі пратэсты ў Міністэрства асветы і да мясцовых улад. Аднак адказу не атрымалі. У лютым 1926 года «ад староства прыехалі тэхнікі ўжо разьбіраць гэты будынак. На дамаганьне кіраўнікоў разбору, каб сяляне далі рабочых і падводы, усе жыхары вёскі Збляны катэгарычна адмовіліся і на сходзе вырашылі зрабіць яшчэ адпаведныя крокі, каб уратаваць з такім трудом збудаваную іхнімі рукамі для сваіх дзетак школу, для чаго праз дэлегацыю зьвярнуліся да Пасольскага Клюбу Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады аб атрыманьні іх дамаганьняў» — пісала газета «Беларуская Ніва».
Па справе школы дэлегацыя зблянскіх сялян спецыяльна сустрэлася ў Вільні з беларускім паслом у Сейм Сымонам Рак-Міхайлоўскім, які якраз у гэты час лячыўся ў Вільні. Рак-Міхайлоўскі не мог асабіста выехаць у Варшаву, таму 17 студзеня 1926 года даслаў тэлеграмы ў Міністэрствы асветы і ўнутраных спраў такога зместу: «Назначаны праз Лідзскага Старасту супраць волі гміннай рады войт Беліцкай гміны Вадэйка пад намовамі ксяндза з фальварку Няцеча проці волі ўсяе люднасьці пераносіць з дазволу Старасты школьны будынак, збудаваны мяйсцовай люднасьцю з вёскі Збляны да мястэчка Беліца Лідзкага павету. Пратэстуючы проці бяспраўя і пагвалчаньня правоў беларускай люднасьці, прашу аб безадкладным затрыманні разборкі будынку да часу належнага вырашэння гэтае справы паводле скаргі сялян вёскі Збляны, перасланай Беларускім Клюбам да Міністэрства Асьветы ў красавіку леташняга году.
Рак-Міхайлоўскі, дэпутат».
Аднак абараніць сваю школу беларускія сяляне не змаглі.
Першая беларуская школа адкрыта 13 лістапада 1915 года ў Вільні на Юр’еўскай вуліцы дзякуючы намаганням Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і Баляслава Пачобкі. І таму па ўсёй Заходняй Беларусі беларуская грамадскасць святкавала 10-ю гадавіну існавання беларускай школы.
А мы хутка можам святкаваць 100-гадовы юбілей першай афіцыйнай беларускай школы на Лідчыне.
Леанід Лаўрэш, zviazda.by