У межах фестывалю “Панарама” на сцэне Палаца прафсаюзаў мінчукі пабачылі польскі варыянт спектакля ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка і рэжысёра Купалаўскага тэатра Мікалая Пінігіна, створанага паводле класічнага твора беларускай драматургіі — “Пінскай шляхты”.
Гэта сумесны праект Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і польскага тэатра “Рампа” (Варшава), прэм’ера якога адбылася восенню мінулага года ў Польшчы. Яна суправаджалася аншлагамі, а білеты былі раскупленыя за месяц.
Нават прыгадаць цяжка, калі апошні раз зала Палаца прафсаюзаў запаўнялася да такой ступені: не толькі партэр, але і ўсе ярусы.
Беларускім гледачам, ужо знаёмым з беларускім варыянтам гэтага фарсу-вадэвілю на Купалаўскай сцэне (прэм’ера адбылася вясной 2008 года, у галоўных ролях былі занятыя Віктар Манаеў, Ганна Хітрык і Міхаіл Зуй), прадставілася магчымасць параўнаць яе ўвасабленне польскімі акторамі: Вольга Шаманьска (Марыся), Конрад Маршалак (Грышка), Лэшак Абарахамовіч (Пісулькін), Мечыслаў Мараньскі (Пратасавіцкі), Магдалена Цвэн-Ханушкевіч (яго жонка), Марэк Францковяк (Цюхай-Ліпскі).
Роля ж станавога прыстава Кручкова так і засталася за непараўнальным Віктарам Манаевым, які сваёй “злачыннай” абаяльнасцю зачароўвае так, што выратавання няма. Гледачы робяцца такімі ж безабароннымі, як тыя бандэрлогі перад Каа ў Кіплінга.
Варта чарговы раз адзначыць майстэрства рэжысёра, які прыбраў лішні пафас і традыцыйнасць, што так надакучыла сённяшняму гледачу, але пакінуў сцэны, актуальныя для сучаснасці. Вось закаханыя, пажаніўшыся, з’язджаюць з родных месцаў.
Пастаноўку адрознівае дастатковая колькасць гумару, больш вольная трактоўка некаторых сцэн, а таксама крыху фрывольныя вершы і прыпеўкі, напрыклад, “і расейцы, і палякі нам да дупы, нам да сракі”.
А калі абабранай да ніткі шляхце нічога не застаецца, як падняць свае радавыя гербы і аб’яднацца, амаль у кожнага напрошваецца сляза.
Зарына Кандрацьева