23 кастрычніка 1942 года. Ідзе вайна, а ў сям’і Піліпа і Аксінні Супрунчыкаў з вёскі Цераблічы Столінскага раёна нарадзілася чацвёртае дзіця — сын Іванка. Фашысты акупавалі нашу зямлю, і мільёны людзей жывуць у пакутах і голадзе, гадуючы дзяцей і чакаючы паратунку. У тыле ворага дзейнічаюць партызаны — пускаюць пад адхон варожыя эшалоны, узрываюць склады з боепрыпасамі, мініруюць тэрыторыю на шляху ворагаў. Піліпа фашысты прымусілі цягаць барану па мінным полі — дзякуй Богу і малітвам Аксінні, цудам застаўся жывы.
Праз шмат гадоў Іван Супрунчык па ўспамінах маці адлюструе гэты і іншыя эпізоды вайны ў сваіх малюнках, высеча сякерай скульптурныя партрэты землякоў, што загінулі на фронце, усталюе каля іхніх хат. Не вярнуўся з вайны і бацька — пахаваны ў брацкай магіле на тэрыторыі Польшчы ў Зялёнай Гуры. Доўгія гады пахаронка захоўвалася ў бацькавай скрыпцы, што вісела на сцяне, — памяць пра шчаслівыя гады і самае вялікае гора сям’і. Аказалася, што Піліп загінуў у дзень нараджэння сына, калі Івану споўнілася два гады. Маці мусіла быць моцнай, працавітай, мужнай, накрыўшы дарагое птаства крыламі дабрыні і цеплыні сваёй душы. Трэба было паставіць усіх на ногі і навучыць неабходнаму для самастойнага жыцця.
Малодшы сын прагна ўбіраў мудрасць маці, усё, што яна захоўвала ў сваёй памяці і расказвала дзецям, што выяўляла яе творчая натура і працавітыя рукі. У той жа час стараўся засвоіць навыкі мужчынскай працы і стаць памочнікам у гаспадарцы. Абвостранае і глыбокае спасціжэнне спадчыны, якое мела маці, усведамленне яе горкага лёсу, уласная туга па бацьку, якога ведаў толькі праз яе ўспаміны, сфармавалі натуру творчую і спагадлівую, патрыятычную і ўдумлівую — сапраўднага сельскага інтэлігента. Іван з дзяцінства марыў стаць мастаком. Маляваў на газетах, шпалерах, бо папера ў пасляваенны час у далёкім куточку Палесся, ды і ўсюды ў разбураным фашыстамі краі, была вялікай каштоўнасцю.
У той час мастацтва было звязанае з ідэалогіяй партыі і ўрада, і дзеці назіралі гэта паўсюды. Таму і першая спроба стварыць нейкі твор была звязаная з вобразам правадыра — у дзесяцігадовым узросце Іванка выканаў скульптуру Сталіна з цэглы. Сякерай і іншымі мужчынскімі прыладамі сельскай працы навучыўся валодаць з дзяцінства, таму дрэва як самы даступны і прывычны матэрыял стала асноўным у яго творчасці. А яшчэ папера, якая праз нейкі час перастала быць дэфіцытнай. Маляваў і ствараў драўляныя скульптурныя партрэты з натуры. Шмат чытаў і любіў глядзець кінафільмы, у якіх тэма мастакоў яго асабліва прываблівала. Прызваны на службу ў армію ў Асіповічах, і там праявіў сябе як мастак.
Скончыўшы Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, пачаў працаваць у родным сяле, бо любіў кнігу і марыў мець такую прафесію, якая б давала магчымасць займацца любімай справай — разьбой па дрэве і маляваннем. Першая выстава яго твораў адбылася ў 1967 годзе, затым — краязнаўчыя пошукі і стварэнне этнаграфічнага музея палескага побыту пры бібліятэцы. З 1986 па 2003 гады яго персанальныя выставы адбыліся ў Мінску, Брэсце, Кіеве, двойчы ў Маскве. На ВДНГ у Маскве атрымаў залаты медаль. Яго інсітнае мастацтва не адразу заўважылі чыноўнікі, але мастацтвазнаўцы ацанілі высока: майстар высякае адной сякерай выразныя вобразы і характары людзей, адлюстроўвае традыцыйнае жыццё палескай вёскі ва ўсім багацці і разнастайнасці каляндарных і сямейных абрадаў, звычаяў, мясцовых легенд і паданняў, сапраўдных гісторый з жыцця. Яго работы захоўваюцца ў музеях Брэста, Гомеля, Гродна, Кобрына, Моталя, Мінска, Масквы. Сам аўтар ставіць свае скульптуры на скрыжаванні дарог, у вёсках. Сапраўдны народны майстар не толькі па званні, але і па змесце і характары працы.
Цікава, што Іван Піліпавіч — захавальнік і стваральнік не толькі матэрыяльных каштоўнасцяў. Ён захоўвае ў памяці, праяўляе падчас экскурсій, гутарак з дзецьмі ў школах, падчас творчых сустрэч, выстаў і пленэраў таксама і нематэрыяльную спадчыну роднай вёскі. Назву яе тлумачыць ад слова “церабіць” — продкі высякалі дрэвы і кусты, каб пасяліцца тут і апрацоўваць зямлю. Вёска бярэ пачатак з 16 родаў, якія пералічаюцца ў паданні пра асілка Ліхвана Ліхваненя, які забіў шчыкалаткам цяля і падзяліў яго паміж усімі родамі. Кармільцом — галава, бо там маладзіца малада. Борысам — шкура, бо ў іх дурная натура. Казаком — вушы, бо ў іх няма ні хлеба, ні калатушы. Маўсяём — морда, бо ў іх натура цвёрда. Мельнікам — кішкі, каб завязваць мяшкі (яны былі багацеямі, трымалі млын). Кашэўскім — рогі, бо не саступаюць дарогі. Макатом — цялячае каленца, бо ў іх няма дроў ні паленца. Клубом — прысы, бо там Яўмен лысы… А сабе пакінуў тулавец, бо сам хлопец-маладзец. Дарэчы, Іван Піліпавіч сабраў звесткі пра гісторыю кожнага роду, распытваючы старажылаў вёскі. Напрыклад, у музеі захоўваецца надмагільная пліта паноў Нарвудскіх з Лутак.
Адзін з нашчадкаў гэтага роду прыйшоў у прымы ў Цераблічы і ўзяў дзяўчыну з роду Кармільцоў — была прыгажуня, як і ўсе іхнія дзеўкі. Сам жа Іван Піліпавіч з роду Стральцоў — продкі былі добрымі паляўнічымі. Дарэчы, дзіўнае сёння імя асілка з роду Ліхванаў паходзіць ад імя Ліфанцій, які ў лацінскай мове азначае дабрадзейнага чалавека, а ў грэчаскай — разважнага. Па аповедах маці Іван Піліпавіч аднавіў спосаб завязвання жаночага рагатага галаўнога ўбору пад назвай “галава” — каркас яго быў у выглядзе шапачкі з “дзюбам”, на які надзявалі вышыты чапец і навівалі сарпанак (тонкую белую саматканую наметку ў выглядзе ручніка). Удалося здабыць і гэты сарпанак, і ўзоры іншага самаробнага адзення, абутку, галаўных убораў і сумак. Напрыклад, гарадчукі (жыхары Давыд-Гарадка) славіліся тым, што выраблялі скураныя чобаты без адзінага шва, бо акуратна здымалі скуру з цялячай нагі цалкам. І так кожны прадмет у музеі мае сваю гісторыю. І кожную Супрунчык даносіць з мноствам падрабязнасцяў.
Іван Піліпавіч — незвычайны чалавек. Ён збіральнік і захавальнік спадчыны свайго краю, яе палымяны прапагандыст, выключны апавядальнік, своеасаблівы і вельмі таленавіты рэзчык і мастак, філосаф, краязнаўца. Пра тэматыку сваіх работ кажа: “Я крочу ў нагу з часам”. Сапраўды, у яго таксама шмат работ, звязаных з гісторыяй краіны, ён адлюстраваў вобразы беларускіх асветнікаў і знакамітых асоб сучаснасці, якія праславілі Беларусь у свеце, трагедыю Вялікай Айчыннай вайны і Чарнобыльскай катастрофы ў жыцці народа. Аднак найбольш глыбока ён раскрыў тэму вясковага традыцыйнага побыту і народнай мудрасці.
У створаным Іванам Піліпавічам музеі, які цяпер называецца Цэнтр драўлянай скульптуры, у прыладах працы, посудзе, мэблі, адзенні і абутку, зробленых рукамі майстроў з Цераблічаў і навакольных вёсак, а таксама яго ўласных творах паўстаюць шматгранныя вобразы таленавітых палешукоў. Цяпер у музеі каля тысячы экспанатаў. Дарэчы, менавіта за адлюстраванне тэмы Палесся ў 2014 годзе Іван Супрунчык быў узнагароджаны званнем “ганаровы паляшук” на III фестывалі этнакультурных традыцый “Покліч Палесся” ў Ляскавічах і атрымаў бронзавую статуэтку з выявай палешука, а таксама слуцкі пояс — сімвал шляхетнасці, духоўнага багацця і любові да роднага краю. А ў 2000 годзе ў Цераблічах пабываў кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка і падараваў майстру набор сякер для працы. Але Іван Піліпавіч па-ранейшаму працуе толькі сваёй сякерай, падарунак захоўвае як сімвал увагі і павагі прэзідэнта да яго творчасці. Усю ж сваю дзейнасць Іван Піліпавіч лічыць служэннем людзям дзеля адной мэты — каб захаваць дарагую яму памяць продкаў для сучаснікаў і нашчадкаў. Каб яны моцна трымаліся каранёў свайго роду і глыбока, падрабязна ведалі гісторыю свайго роднага кута і краіны ў цэлым.
Рэгіна Гамзовіч
Фотарэпартаж Аляксея Сталярова