З успамінаў і чытання вершаў паэткі Таццяны Сапач распачаўся цыкл не звязаных між сабой сустрэч аб розных людзях, што належаць да літаратурнага аб’яднання “Тутэйшыя”, якому сёлета 25 гадоў.
“Гэта штосьці кшталту жывой анталогіі і ўспамінаў пра “мёртвыя часы”, што засталіся толькі ў памяці. Але засталася і паэзія як штосьці жывое і важнае. Мне здаецца, што пакаленне “Тутэйшых”, пры тым, што яно бунтарскае пакаленне, – адно з самых непачутых і недаацэненых пакаленняў сёння, можа быць, таму, што яго прадстаўнікі не рыхтавалі сабе п’едэсталаў і месцаў у гісторыі літаратуры, яны займаліся трошачкі іншымі рэчамі, – адкрыў сумную імпрэзу-ўспамін, што прайшла ў кнігарні “логвінаЎ”, Ігар Бабкоў. – Гэты цыкл мы вырашылі распачаць з самых важных, з тых, каго ўжо няма з намі. І Таццяна Сапач – геніяльная паэтка, сябра, якая трагічна загінула 27 снежня мінулага года ў аўтакатастрофе, сёння мусіць быць з намі. Таццяна Сапач, можа быць, адна з такіх загадкавых паэтак, і ў пэўным сэнсе гэта той нерв і паэтычны сакрэт пакалення “Тутэйшых”.
Славамір Адамовіч прыгадаў часы, калі яны толькі пачыналі гуртавацца (другая палова 80-х): “Тады мы таксама жылі пад рэжымам, але пад рэжымам імперыі, а за свабоду, у параўнанні з тымі часамі, яшчэ больш даводзіцца ваяваць у нашыя часы”. І прачытаў свае ўлюбёныя вершы Таццяны Сапач з яе першага зборніка, выдадзенага ў 1991. “Дваццаць гадоў гэтаму зборнічку, называецца “Восень”. Але выдадзены ён быццам учора, гэта паэзія для сапраўдных чытачоў і аўтараў, яна жыве і, спадзяюся, будзе жыць у нашай літаратуры яшчэ доўга”, – адзначыў паэт.
“Я жыву ў доме, дзе ўсё здаецца дзіўным,
Сюды не залятаюць матылі
Вядома, мілы дружа, тут няма партрэтаў у цяжкіх драўляных рамах,
Замест сцягоў лунае на гаўбцы блакітная, самлелая бялізна
Я не люблю вас, я люблю Шапэна”.
“Мала хто разумее, што Таццяна Сапач, па сутнасці, запачаткавала абсалютна іншую інтанацыю, лінію ў беларускай паэзіі, якую можна было б назваць эстэтызмам, калі б гэтае слова не гучала неяк пашлавата, гэта не зусім такое эстэцтва, а паэзія сэрца, паэзія душэўная, якая сагравае гэтую рэальнасць”, – адзначыў Ігар Бабкоў.
Вядомая выканаўца бардаўскіх песень Кася Камоцкая, лідар легендарнага “Новага неба”, падкрэсліла: “Таццяна пісала такой мовай, што яе вершы хацелася спяваць. На яе мове хацелася размаўляць нават не беларусу”. І праспявала “Дзяцей чорнага горада” і яшчэ некалькі знакамітых песень на вершы Таццяны Сапач.
Вытанчаная і загадкавая паэтка Галіна Дубянецкая, амаль ледзь плакала, чытаючы ўлюбёныя вершы, напісаныя Таццянай. Мала каму раней даводзілася адчуць такія кранальныя інтанацыі.
“Змяшанне забытых фарбаў –
няжоўтай і неблакітнай,
і часам празрыста-чорнай
з пранізлівай і сцюдзёнай –
у небе, падзертым на паскі –
і гэта, нарэшце, дождж!..”
Паэт і мовазнавец Юрась Пацюпа згадаў, як адкрыў для сябе Таццяну Сапач, “калі з’явіўся часопіс “Крыніца”, і там у кожным нумары прэзентаваўся новы паэт, з’явілася там і Таццяна Сапач. А ўпершыню пачуць вершы ў выкананні Таццяны мне давялося на семінары ў “Іслачы”. І мяне ўразіла, наколькі важна, як паэт чытае вершы: Таццяна чытала вершы хутка, але выразна, быццам гэта ручай ці рэчка гамоніць нешта жывое. У яе вершах няма пафасу і гучнасці, ёсць цудоўныя метафары, але яны не асляпляюць. У прынцыпе, яе вершы традыцыйныя: белы верш, часам верлібр. Там, безумоўна, ёсць канцоўкі, часам парадаксальныя, але хутчэй глыбокія і шматзначныя. Што застаецца ў чыстай рэшце? Напэўна, застаецца паэзія”, — дадаў мовазнавец і звярнуў увагу на своеасаблівую палеміку яе паэзіі з беларускай паэтычнай традыцыяй, дзе ўвесь час панавала вясна. “Таццяна ж — першая з паэтаў, якая настойліва назвамі вершаў і зборнікаў сцвярджала традыцыю восені, больш элегічнай пары”.
“Восень, сястра, апусці залатыя заслоны…”
Таццяна пакінула нашчадкам не толькі два зборнікі паэзіі, як згадаў Ігар Бабкоў, але і “фантастычна цікавыя “кіслародныя” перадачы, якія яна рабіла і на радыё, і на тэлевізіі – “Альбаросіка”. Усе беглі да прымача, калі яна прамаўляла. Там не адбывалася нічога надзвычайнага, яна проста гаварыла з людзьмі”.
“На першым курсе, калі мы пазнаёміліся, яна ўжо была паэткай, задоўга да знаёмства з Анатолем Сысам і Сяргеем Дубаўцом, бо ён прыйшоў да нас толькі на другім курсе. Вельмі шкада, дарэчы, што пісала не так і шмат і яшчэ менш друкавала. Мабыць, мала хто пра гэта ведае, але на трэцім курсе яна правяла вечарыну да 90-годдзя Максіма Багдановіча: на журфаку пры свечках пачыталі “Пагоню”. І за гэта яе прымусілі сысці з журфака, яна перайшла на завочнае аддзяленне”, – прыгадаў часы знаёмства былы аднакурснік Таццяны Сапач, рэдактар часопіса “Дзеяслоў” і старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч. Ён добра ведаў сям’ю Таццяны Сапач і Сяргея Дубаўца яшчэ з Гомеля.
“Такая сумная нота сёння, што мне захацелася нечага весялейшага. Таня была жывым чалавекам, хатнім, сяброўкай была зямною. Яна была для Сяргея Дубаўца не толькі сяброўкай, але ў чымсьці і настаўніцай. Менавіта ў Гомелі Сяргей пачаў інтэнсіўна пісаць, па два-тры вершы пісаў за дзень. Думаю, што гэта быў уплыў Таццяны. Так, яе сёння няма, але з намі яе вершы, якія сёння гучалі. І вершы такія дай Бог напісаць кожнаму”, – адзначыў паэт і сябра сям’і Сяргей Сыс, які таксама пэўны час жыў у Гомелі.
А пры канцы прысутныя паглядзелі адно з нешматлікіх відэа, дзе Таццяна чытае вершы сваіх сяброў перад студэнтамі.
О, бераг блізкі, непадступны бераг! —
за стромаю, за хмараю хмызоў,
за шэрай, нібы неба, шумнай рэчкай…
…Вядуць усе гасцінцы і сцяжыны
туды, дзе цераз рэчку гразкі брод —
там па калена.
Там раней прайшлі.
А я умею плаваць адмыслова.
(верш “Паэзія” са зборніка “Восень”, 1991)
Зарына Кандрацьева