Нілу Гілевічу было 84 гады. Ён быў апошнім Народным паэтам Беларусі.
Ніл Гілевіч на 4-м з’ездзе беларусаў свету
Ніл Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча імя Н. К. Крупскай (1951), а таксама філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1956). Кандыдат філалагічных навук, прафесар. У 1958—1963 гадах працаваў літаратурным кансультантам газеты «Звязда». З 1960 года працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1980—1989 — першы сакратар праўлення Саюзу Пісьменнікаў БССР. З 1989 — старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Галоўны рэдактар газеты-бюлетэня ТБМ «Наша слова». З чэрвеня 1990 — старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савету БССР па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнае спадчыны. Дэпутат Вярхоўнага Савету БССР (1985—1990). У 1990 годзе быў абраны народным дэпутатам БССР. Сябра Прэзыдыуму Вярхоўнага Савету БССР.
Ніл Сымонавіч – адзін з заснавальнікаў ЗБС “Бацькаўшчына”, адзін з арганізатараў Першага з’езда беларусаў свету, на якім быў абраны ў першую Вялікую Раду і быў у ёй шмат гадоў.
Першы з’езд беларусаў свету
Ніл Сымонавіч падчас Першага з’езда беларусаў свету казаў: “На вялікі жаль, і ў нашым парламенце, і ва ўрадзе, і ў іншых дзяржаўных і недзяржаўных структурах супроць лініі на станаўленне суверэннай, незалежнай, нейтральнай, бяз’ядзернай беларускай дзяржавы выступаюць не толькі даўнія, загартаваныя і асатанелыя ворагі беларушчыны, але і некаторыя дэмакраты, прыхільнікі і абаронцы эканамічных рэформ. Што гэта значыць? Гэта значыць, што па-ранейшаму беларуская ідэя яшчэ не стала галоўнай аб’яднаўчай сілай. I ў гэтым найвялікшая наша бяда. Гаварыў не аднойчы і скажу яшчэ раз з гэтай высокай трыбуны: наша дзяржава яшчэ далёка не стала ў поўным сэнсе слова беларускай дзяржавай. Нам гэта яшчэ належыць зрабіць. I гэта стане тады, калі беларускімі пачуюцца нашы парламент і ўрад. Вядома, сутнасць не толькі ў мове. I аднак жа перш за ўсё, і сто разоў перш за ўсё — у мове.”
Супрацоўнікі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і кампаніі “Будзьма” смуткуюць і перадаюць спачуванні блізкім і родным Ніла Сымонавіча. І ўсяму беларускаму народу.