19 лістапада 2011 года пайшоў з жыцця народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Рэспублікі Беларусь рэжысёр Валерый Раеўскі.
На працягу трыццаці пяці год ён быў галоўным рэжысёрам і мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. ГКК “Будзьма беларусамі” выказвае шчырые спачуванні ўсім родным і блізкім мастака, ягоным калегам і аматарам.
Развітанне з Валерыем Раеўскім адбудзецца ў аўторак 22 лістапада у Доме літаратараў (вул. Фрунзе, 5) з 11.00 да 13.00. Пачатак грамадзянскай паніхіды – 12.30.
За час творчай працы таленавіты рэжысёр толькі на Купалаўскай сцэне паставіў больш за 35 спектакляў паводле твораў айчыннай, рускай і замежнай драматургіі. Сярод іх: “Што той салдат, што гэты” паводле Б. Брэхта, “Бура” У. Шэкспіра, “Рэвізор” М. Гогаля, “Тры сястры” А. Чэхава, “Запіскі з падполля” Ф. Дастаеўскага, “Лес” А. Астроўскага. Асабліва высокім мастацкім узроўнем вылучаюцца спектаклі паводле твораў беларускіх драматургаў: “Трыбунал” і “Пагарэльцы” А. Макаёнка, “Брама неўміручасці” К. Крапівы, “Апошні шанц” В. Быкава, “Чалавек з легенды” Я. Шабана, “Парог”, “Радавыя”, “Апошні журавель”, “Вечар” А. Дударава, “Мудрамер” М. Матукоўскага, “Страсці па Аўдзею” У. Бутрамеева і іншыя. Гэтыя творы былі ўзорам для пераймання, вызначалі творчае аблічча Купалаўскага тэатра, моцна ўплывалі на тэатральнае жыццё Беларусі.
Спектаклі, пастаўленыя Валерыем Мікалаевічам, сталі ўдзельнікамі і прызёрамі шматлікіх тэатральных фестываляў. Ён ажыццявіў шэраг паспяховых пастановак па п’есах беларускіх і рускіх аўтараў за мяжой: “Зацюканы апостал” А. Макаёнка ў Славенскім нацыянальным тэатры, “Паўлінка” Я. Купалы ў Кіеўскім акадэмічным тэатры імя І. Франка, “Парог” А. Дударава ў Лурык-тэатры Белфаста ў Ірландыі, “Рэвізор” М. Гогаля ў Беластоцкім драматычным тэатры імя А. Венгеркі, Польшча, “Надзея Путніна” І. Малеева ў Маскоўскім тэатры на Малай Броннай, “Рэвізор” М. Гогаля ў Нацыянальным тэатры Эстоніі ў Таліне, “Характары” В. Шукшына ў тэатры імя Акімава ў Санкт-Пецярбургу, “Чорная панна Нясвіжа” А. Дударава ў тэатрах Цюмені і Уфы. На творчым рахунку рэжысёра дзясяткі пастановак на сцэнах тэатраў Беларусі ў Гомелі, Віцебску, Гродне, Маладзечне і на пляцоўках іншых абласных драматычных тэатраў. На Беларускім тэлебачанні Валерый Мікалаевіч паставіў спектакль “Па шчасце, па сонца” паводле твораў Я. Купалы ў 1971 годзе і фільм-спектакль “Апошні шанц” па аднайменнай аповесці Васіля Быкава ў 1981 годзе.
За заслугі ў развіцці беларускага тэатральнага мастацтва Валерыю Мікалаевічу Раеўскаму ў 1976 годзе прысвоенае ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР”, а ў 1998 годзе – званне “Народны артыст Беларусі”. Пастаўленыя ім спектаклі (“Радавыя” А. Дударава ў 1985 годзе і “Мудрамер” М. Матукоўскага ў 1988 годзе) адзначаныя, адпаведна, Дзяржаўнымі прэміямі СССР і БССР. У 2004 годзе за значны асабісты ўклад у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва і заслугі ў выхаванні творчай моладзі рэжысёр быў узнагароджаны Ордэнам Францыска Скарыны.
Валерый Раеўскі доўгі час быў прафесарам Беларускай акадэміі мастацтваў і выхаваў шмат актораў і рэжысёраў, якія працуюць сёння ў розных тэатрах нашай краіны.
Калектыў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы смуткуе з прычыны смерці майстра і выказвае шчырае спачуванне ўсім яго родным і блізкім.